Добра вядомая ў колах расейскамоўных бардаў выканаўца аўтарскай песьні Кацярына Варкалава нечакана для многіх сваіх прыхільнікаў засьпявала па-беларуску.
Мала таго, на наступны год яна рыхтуецца выдаць свой першы беларускамоўны альбом. Што спрычыніла паварот да роднай мовы ў творчасьці?
— Кацярына, вы папулярная асоба ў расейскамоўным бардаўскім асяродку. А адкуль прыйшла ідэя засьпяваць па-беларуску? Ці сапраўды пэўная заслуга ў гэтым — аднаго з заснавальнікаў сталічнага клюбу аматарскай песьні Алеся Курловіча?
— Вядома, можна адказаць проста: прыйшла ідэя, і нешта атрымалася. У мяне, дарэчы, шмат хто на гэты конт пытаецца: адкуль ідэя, як ты гэта робіш па-беларуску? Ты ж сьпяваеш і пішаш па-расейску? Дык вось мой сябра Алесь Курловіч, зь якім мы неаднойчы з гэтай прычыны спрачаліся, неяк заявіў: раз ты расейскамоўная паэтка, дык едзь у сваю Расею і сьпявай там, а тут табе рабіць няма чаго. Вядома, гэта быў жарт, але тым самым ён даў мне некалькі моцных маральных штуршкоў. Я гадоў шэсьць працівілася, супраціўлялася, усё неяк было не да таго. Дый асабліва ня верыла, што гэта камусьці патрэбна. І да таго часу, пакуль гэта ня стала патрэбна мне самой, зь месца ня зрушылася. Так, мы зь ім спрачаліся, «біліся», да маіх сьлёз даходзіла, але ж ён такі ўпарты ў мяне сябра, усё ж прымусіў узяцца за сябе ў гэтым напрамку. І я ані не шкадую, што пайшла ў яго на повадзе, бо гэта маё. Я, урэшце, беларуска, у мяне ёсьць чым ганарыцца.
Дарэчы, калі вучылася ў школе, у мяне па расейскай мове была тройка альбо чацьвёрка. Затое па беларускай — цьвёрдая пяцёрка. Мне вельмі падабалася размаўляць, чытаць і пісаць па-беларуску, у мяне вельмі добрыя выходзілі сачыненьні. Прозу, вершы тады ўжо складала, хоць усё адно больш на расейскай мове. Але далейшае жыцьцё так склалася, што ў нас і адукацыя пераважна расейскамоўная, і атачэньне, таму больш пісала па-расейску. А што да такога развароту, то, магчыма, душа запрасілася па-беларуску і сьпяваць, і пісаць. Як творца магу сказаць, што ёсьць такія словы, якіх у расейскай мове нават не існуе. А вось у беларускай яны вельмі дакладна фармуюць настрой. Па-расейску праз коску можна сказаць: я люблю гэтую жанчыну, я люблю бульбу, я люблю селядзец. Затое па-беларуску як сакавіта: я кахаю любую маю! Зусім інакш эмацыйна гучыць.
— І колькі ўжо часу пішаце па-беларуску?
— У мяне ёсьць некалькі песень, якія я напісала, мабыць, яшчэ гадоў 10 таму. Потым па-беларуску не пісала, толькі па-расейску. А вось апошні год ужо неяк больш пісалася менавіта па-беларуску. Справа ў тым, што каб нешта вартае напісаць, гэта ж трэба і размаўляць, і думаць на беларускай мове. Мае сябры часам кажуць: чаго ты пераймаесься? Аддай каму-небудзь з таленавітых людзей, яны табе ўсё перакладуць, калі ня хочаш даваць сабе клопату. Я некалькі сваіх расейскамоўных твораў пераклала на беларускую, і гэтыя пераклады раблю сама. Бо калі зрабіць як яны кажуць, гэта ўжо будзе не мая песьня, разумееце? Я, вядома, магу кагосьці папрасіць: вось у вас так цудоўна ўсё атрымліваецца, так складна. Але ж гэтае «складна» будзе ўжо не маё. Таму намагаюся ўсё рабіць сама. Дарэчы, калі вярнуцца да папярэдняга пытаньня і сказаць, хто падштурхнуў у бок беларушчыны, то ёсьць у мяне такі добры знаёмы Антон Шаблыка, які займаецца арганізацыяй вандровак. Замаўляе ў мяне нейкае адзеньне, «юбкі» на байдаркі я ім шыла, дык вось ён заўсёды размаўляе па-беларуску. І так у яго гэта выходзіць лёгка, арганічна, прыгожа, што я сама сабе падумала: прыгожы, малады хлапец, сумленны, здаровы, жыве на нашай зямлі, вядзе камэрцыйную дзейнасьць — а я, займаючыся творчай, асьветніцкай працай, не гавару па-беларуску? Стала проста няёмка, таксама захацелася ў нечым быць як ён. Так што Антона Шаблыку таксама можна прыпісаць да тых, хто мяне падштурхнуў да беларускасьці.
— А як на зьмену фармату адрэагавалі слухачы, якія дагэтуль чулі ад вас практычна стоадсоткава расейскамоўны рэпэртуар?
— Ім вельмі падабаецца. Ну, як тут сказаць? Гэта наша, родная беларуская мова, — дзякуючы ёй і песьні загучалі інакш.
Больш скажу: ёсьць такое брацтва Серафіма Трыміфунцкага, зь якім я шчыльна супрацоўнічаю, амаль што кожны тыдзень сьпяваю ў псыханэўралягічных дыспансэрах свае творы, творы сваіх сяброў. Дык вось з гэтым брацтвам мы езьдзілі ў паломніцкую паездку ў Расею, на Волгу. Спыняліся ў айца Мелітона, там я давала невялічкі канцэрт прыхаджанам і дзецям, якія жывуць на падвор’і ў прыходзе, адусюль сьцякаюцца ў расейскую глухамань (гэта сіроты, якія дзесьці знайшліся і нікога ў гэтым сьвеце ня маюць: адзін хлапец сьляпы, дзяўчынка глуханямая, іншы хлопчык, гадоў шасьці, проста нікому не патрэбны).
Я гэта вось да чаго: адразу я сьпявала свае песьні на расейскай мове, а калі засьпявала па-беларуску, яны былі вельмі ўражаныя. Маўляў, вы нам адкрылі беларускую мову, якая, аказваецца, настолькі пявучая, мілагучная. Мы і так ведаем, што яна мілагучная, а вось для іх было адкрыцьцё. Зрэшты, па-рознаму можна на ёй размаўляць, бо як зробяць які пераклад, то язык зламаць можна. Іншым разам чытаеш і думаеш: маці Божая, што ж тут зразумееш, калі нават выгаварыць немагчыма? Але нашы расейскія сябры казалі ледзь не з прэтэнзіяй: чаму так мала сьпяваеце па-беларуску? Гэта ж так прыгожа, так патрэбна. І калі ім там так патрэбна, каб мы сьпявалі на сваёй роднай мове, то чаму гэта можа быць непатрэбна нам?
— Кацярына, зь песьняй «Лябёдачка», якую нашы слухачы абавязкова пачуюць у эфіры, сёлета вы дэбютавалі на «Басовішчы». Якія засталіся ўражаньні?
— Сапраўды, мы з гэтай песьняй бралі ўдзел у «Басовішчы» — зноў жа, настаяў мой сябра Аляксандар Курловіч. Але ж аказаліся, што называецца, нефарматам: там трэба за нешта змагацца, а я ні за што не змагаюся, у мяне ўсё пра любоў ды пра каханьне. Таму быў першы раз, і я спадзяюся, што апошні. Не спадабалася шмат чаго: і фармат, і штучнае змагарства, і тое, як гэта ўсё было абстаўлена. Найперш, ніякай павагі адзін да аднаго — людзі выходзяць на сцэну, сьпяваюць, а ў залі піва п’юць, кальян кураць, гукаюць адзін аднаго, рукамі махаюць, уголас крычаць. Гэта неяк не зусім тое, як я бачу мастацтва наагул. Павінна быць павага, ты павінен чуць, пра што ў песьні сьпяваеш. А я ніводнага слова там не разабрала. Ня дзіва: гэта быў нейкі арандаваны піўны бар з подыюмам, недзе амаль перад сцэнай туліліся сябры журы, а ўжо за іх сьпінамі гудзела само «Басовішча». Зусім іншая справа, калі ў лесе, на сьвежым паветры, як гэта было раней, дзе хапае месца ўсім. Крыху далей адышоў — і гукай сабе колькі хочаш. А калі ўмовы такія сьціплыя, то адзін да аднаго трэба ставіцца з большай павагай.
— Чаму некаторыя вашы песьні бяз назваў? Гэта робіцца наўмысна? І ці дастаткова матэрыялу на асобны беларускамоўны альбом?
— Яшчэ адна песьня, якую прапаную паслухаць слухачам Свабоды, сапраўды бяз назвы. Зрэшты, у мяне амаль усе песьні, за рэдкім выключэньнем, такія. Насамрэч гэта вельмі зручна, таму што ўсе могуць называць, як ім самім захочацца. У мяне ёсьць тры альбомы, усе яны на расейскай мове. А што тычыцца беларускамоўнага, то яшчэ трэба крыху папрацаваць. Думаю, што праз год матэрыялу якраз хопіць. Тут увогуле такі нюанс: калі толькі павевы моды, то гэта не да мяне. Мне трэба, каб гэта ішло з глыбіні душы, каб гэта кранала сэрца, а не было на патрэбу дня. Бо насамрэч гэта можна зрабіць вельмі хутка.
— Кацярына, вы ўскосна згадалі, што займаецеся шыцьцём. Ці можна казаць, што з бардаўскай песьні ў Беларусі карміцца немагчыма?
— Цяжка сказаць адназначна, бо ўсё ж гэта адзін з асноўных заняткаў майго жыцьця. І гэта ўжо дакладна займае большую частку маёй душы, наагул маёй дзейнасьці. Увогуле я вучылася на актора тэатру лялек, атрымала дыплём з гэтай прафэсіяй. Але паколькі былі патрэбныя грошы, давялося зарабляць па-ўсялякаму. І на фірмах працавала, была нават на кіраўнічых пасадах. У розных сфэрах сябе паспрабавала, працуючы і на чужога дзядзьку, і на цётку. Але паколькі, як у любога творцы, дух у мяне вольны, мне заўсёды здавалася, што не хапае свабоды. Цяпер, як кажуць, я сама сабе рэжысэр, працую сама на сябе. Дакладней, шыю: верхняе адзеньне для турыстаў, адмысловую вопратку для параплянэрыстаў, курткі дзіцячыя. Досыць спэцыялізаваны напрамак, бо гэта мэмбранныя тканіны, якія дыхаюць, якія выкарыстоўваюцца перадусім у вандроўках.
— Барды — акурат там, дзе і турызм. У вашым выпадку што было першасна?
— Хутчэй за ўсё, гэта было ўсё адначасова. Гэта былі 9–10 клясы, мы тады займаліся ў клюбе бардаўскай песьні «Пэгасік». Нас вучылі сьпяваць, там я навучылася граць на гітары, і адтуль мы пайшлі ў першыя свае вандроўкі. А потым неяк само сабой пайшло і пайшло.
— Вы таксама згадвалі, што езьдзіце па спэцыялізаваных інтэрнатах. Удакладніце: гэта ў Расеі ці ў Беларусі?
— Калі гаворка пра інтэрнаты, то езьдзім толькі па Беларусі. Брацтва Серафіма Трыміфунцкага ўзяло пад сваю апеку, здаецца, восем інтэрнатаў, бо што там робіцца — не пераказаць. Як гэта ўсё выглядае, насамрэч вельмі сумна. Калі інтэрнат бліжэй да Менску ці, напрыклад, у Маладэчне, там умовы жыцьця яшчэ больш-менш. Хоць і за плотам, але ж прымальныя для чалавечага існаваньня. Калі ўзяць, скажам, Куль альбо Тарасікі, якія ўжо далёка ад Менску і дзе даволі цяжкія пацыенты, складана проста ўявіць, у якіх умовах яны жывуць. Калі мы прывозім ім мыла, туалетную паперу, гарбату, цукар, яны радуюцца, як дзеці — ім нічога такога не выдаюць на працягу апошніх гадоў. Такія рэаліі псыханэўралягічных дыспансэраў. Там ёсьць людзі зь вельмі цяжкімі парушэньнямі, і гэта адразу бачна; ёсьць і ніжні ўзровень, дзе яны зачыненыя ў клетках, бо лічацца буйнымі і небясьпечнымі. Але большасьць — менавіта тыя, да каго мы, уласна кажучы, едзем, сьпяваем, кантактуем. Гэтыя людзі маюць вялікую патрэбу, каб да іх хоць хто прыяжджаў. Без перабольшваньня, цяпер мы для іх аказваемся такім адзіным акенцам у сапраўднае жыцьцё.
— Наколькі слухачам інтэрнатаў падабаецца такая музыка, наколькі яна ў гэтым сэнсе лекуе?
— О, яны ў гэтым пляне вельмі ўдзячныя. Адгукаюцца так, як ня кожны, хацелася сказаць, здаровы чалавек — паміж паняцьцямі «здаровы» і «нездаровы» катэгарычную рысу правесьці надзвычай цяжка. Хто з нас больш здаровы — усё гэта ўмоўна. Яны, знаходзячыся там у такіх нечалавечых умовах, адзін аднаму пампэрсы мяняюць, адзін аднаго даглядаюць. Санітараў, як правіла, у такіх установах мала, яны фізычна ня могуць дапамагчы ўсім. Таму хто лепей сябе адчувае, той даглядае ляжачых, тых, каму цяжка, хто ня можа самастойна дайсьці да прыбіральні. Яны і кавы прынясуць, і давядуць да прыбіральні, і проста побач пасядзяць. Гэтыя людзі вельмі адкрытыя, яны самі па сабе як аголеныя правады, усе пачуцьці ў іх, вобразна кажучы, наросхрыст. Пачынаеш ім сьпяваць, і яны адразу адгукаюцца, ад іх ідзе выдатная энэргетыка. Вельмі любяць, калі да іх прыяжджаеш, любяць абдымацца, адчуваць чалавечае цяпло. Доўга-доўга могуць сядзець і слухаць. Я сьпяваю 40 хвілін, нават да адной гадзіны даходзіць, а яны просяць яшчэ і яшчэ. У іх жа няма такой разнастайнасьці ў жыцьці, як у нас, няма такіх магчымасьцяў...
Кацярына Варкалава нарадзілася 27 лістапада 1975 году ў Менску. Скончыла Менскую вучэльню мастацтваў па спэцыяльнасьці «актор тэатру лялек, выкладчык». Першую ўласную песьню пад назвай «Ноч» напісала і выканала ў 1990 годзе, удзельніца клюбу аўтарскай песьні «Пэгасік» ад 1991-га. Грае на шасьціструннай гітары, з канцэртнымі праграмамі выступае ад канца 1990-х. У выканаўчым рэпэртуары больш за 80 песень на ўласныя вершы, а таксама паўтары сотні твораў іншых аўтараў. Удзельніца рэгіянальных і міжнародных фэстываляў аўтарскай песьні.