У выданьні 22 гісторыі пра людзей, якія пераадолелі анкалягічнае захворваньне. Тры з іх расказалі анкапацыенткі з Клічава. Прэзэнтавалі кнігу супрацоўніца «Радыё Свабода» Ганна Соўсь і дырэктар культурна-асьветніцкай установы «Цэнтар падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцьця» Ірына Жыхар.
Гісторыі пра перамогу анкапацыентаў над сваёй немаччу гучалі ў эфіры радыё Свабода на працягу некалькіх месяцаў. Аўтарка ідэі, зь якой паўстала кніга «Жыцьцё пасьля раку», Ганна Соўсь на прэзэнтацыі назвала імёны трох клічаўскіх жанчын, якія наважыліся расказаць пра свой досьвед пераадоленьня хваробы. Галіна Старповіч, Галіна Мішына ды Зінаіда Берагейка сядзелі ў актавай залі раённага цэнтру сацыяльнай дапамогі насельніцтва разам са сваімі сяброўкамі зь мясцовай групы ўзаемадапамогі і псыхалягічнай падтрымкі анкапацыентаў «Ні дня дарэмна».
Ганна заўважыла: першае, што кінулася ёй у вочы, калі яна ўбачыла клічаўскіх анкапацыентаў — гэта сьветлыя твары і ўсьмешкі на іх, якія, на яе думку, сьведчаньне іх пазытыўнага бачаньня жыцьця.
«Наагул пра людзей, якія змагаліся з гэтай хваробай мы ведаем няшмат. Звычайна даведваемся пра іхную барацьбу, — казала на прэзэнтацыі Ганна, — ужо пасьля іхнай сьмерці — у нэкралёгах».
«Няшмат мы ведаем і пра людзей, якія перамаглі хваробу і жывуць пасьля яе шмат гадоў. Нам трэба зламаць стэрэатып маўчаньня пра рак і пачаць гаварыць пра яго адкрыта. Калі людзі, якія хварэюць на анкалёгію, будуць ведаць пра тых хто перамог хваробу, то ім будзе лягчэй. Гэта кніга толькі пачатак. Яна пра тое, што рак можна перамагчы».
Згадала на прэзэнтацыі Ганна і журналіста Свабоды Юрася Бушлякова, які памёр праз анкалёгію. Яна прызналася, што ягоныя калегі дужа непакоіліся за яго, але часам ня ведалі як гаварыць зь Юрасём пра ягоную немач.
Прэзэнтацыя свабодаўскай кнігі выклікала жывы інтарэс да дзейнасьці групы анкапацыентаў «Ні дня дарэмна». Актавая заля была поўная народу. На сустрэчу прыйшлі тыя, каму мэдыкі дыягнаставалі анкалёгію і хто вырашыў разам пераадольваць гэтую немач. На прэзэнтацыю даведацца пра чыннасьць мясцовых анкапацыентаў і пра кнігу «Жыцьцё пасьля раку» прыйшлі і прадстаўнікі райсавету і райвыканкаму.
У кнізе 22 гісторыі змаганьня з ракам і перамогі над ім, расказаныя рознымі людзьмі з розных мясьцін Беларусі. Адна з іх — Ірына Жыхар. Яна двойчы сутыкнулася з гэтай хваробай. У яе памерла маці праз анкалёгію. Адолеўшы хваробу, Ірына вырашыла не маўчаць пра рак, а дапамагаць тым хто захварэў на яго. На прэзэнтацыі яна падзякавала журналістам за іхны ўдзел у гэтай справе:
«Ва ўсім сьвеце прынята, каб гаварылі пра вылечаных людзей. Гэта дужа важна лекарам. Гэта паказвае, што жыцьцё працягваецца. Гэта важна тым, хто хварэе, бо гэта ўмацоўвае іхную веру. І ў грамадзтве тады няма ізаляванасьці, у якую ўпадаеш, калі выпісваесься з бальніцы. Гэтая кніга дамажа тым хто хварэе. Калі яны толькі пагартаюць яе і пабачаць шчасьлівыя твары тых, хто перамог хваробу, то павераць у свае сілы», казала Ірына Жыхар.
На прэзэнтацыі выступіў і настаяцель клічаўскага Сьвятаблагавешчанскага праваслаўнага храму айцец Сергій. Ён зазначаў, што такія кнігі, як «Жыцьцё пасьля раку», даюць адказ на пытаньне «Як жыць далей» пасьля перамогі над ракам.
«У такіх кнігах людзі, якія пераадолелі з Божаю дапамогаю гэтую хваробу, дзеляцца сваім досьведам — як у іх адбывалася выздараўленьне і як яны прыстасоўваліся да новага жыцьця. Такія выданьні даюць ня толькі надзею, але ўсяляюць веру ў тых людзей, якія сутыкаюцца з такой складанай праблемай, як рак», казаў айцец Сергій на прэзэнтацыі.
Прэзэнтацыя доўжыла дзьве гадзіны. Усе ахвочыя напрыканцы атрымалі свабодаўскую кнігу і аўтографы аўтараў. Аўтары ў сваю чаргу атрымалі прэзэнты, зробленыя рукамі анкапацыентаў.
Адна з гераінь кнігі Галіна Старповіч назвала прэзэнтацыю кнігі сьвятам і яно, на яе думку, удалося:
«Мы дужа хваляваліся, калі рыхтавалі сустрэчу. Яна выйшла па-хатняму цёплай і прыязнай. Такія цудоўныя словы былі сказаныя пра нас, анкапацыентаў. Пра перажытае мною я буду, вядома ж, памятаць заўжды, бо перажыўшы нядобрае я стала зусім іншым чалавекам. Я гляджу цяпер на сьвет іншымі вачыма. Гэтая ж кніга для мяне — перадусім памяць пра тое, што са мной было. А наперадзе ўсё ў нас будзе добра — я ў гэтым упэўненая», — казала пра свае ўражаньні Свабодзе Галіна Старповіч.
Інтарэсы клічаўскіх анкапацыентаў, аб’яднаных суполкай «Ні дня дарэмна», разнастайныя. Яны займаюцца ткацтвам, вышываньнем, наведваюць трэнажорную залю, рэгулярна выпраўляюцца ў вандроўкі. Галоўнае, як зазначыла на прэзэнтацыі каардынатарка групы Людміла Данільчык, жанчыны падтрымліваюць адна адну. Штодзённа яны сьцьвярджаюць, што анкалёгія — не прысуд.