Дакладнай колькасьці агульнаадукацыйных устаноў, якія пачалі працу ні так званае «Міністэрства адукацыі ДНР», ні ўпраўленьне адукацыі Данецкага гарадзкой рады пазначыць так і не змаглі. Паводле папярэдніх дадзеных, гаворка ідзе пра больш за 100 школаў.
Ня змог дакладна адказаць на гэтае пытаньне і першы намесьнік гарадзкога галавы Канстанцін Савінаў, які цяпер фактычна выконвае функцыі мэра. Таксама яму невядома, колькі менавіта вучняў селі за парты (напрыклад, прэс-служба гарадзкой рады Макееўкі, якая таксама знаходзіцца на кантраляванай «ДНР» тэрыторыі, паведамляе, што ў 67 школ гораду пайшлі амаль 23 тысячы школьнікаў). Аднак чыноўнік афіцыйна прызнаў той факт, што навучальны год пачаўся паводле рашэньня менавіта ўпраўленьня адукацыі гарадзкой рады.
Настаялі бацькі?
Многія школы фізычна не змаглі прыняць вучняў — некаторыя разбураныя артабстрэламі, а некаторыя апынуліся на тэрыторыі, якую ў «ДНР» ахрысьцілі «чырвонай зонай». У такі сьпіс трапілі школы Кіеўскага, Пятроўскага, Куйбышаўскага раёнаў Данецку. Паводле прэс-цэнтру «рэспублікі», такое рашэньне прынялі таму, што на тэрыторыі гэтых раёнаў працягваюцца сутыкненьні паміж «рушэньнем» і ўкраінскімі вайскоўцамі. І, нягледзячы на гэта, калектыў школы № 57, у Кіеўскім раёне, усё ж зрабіў спробу адкрыць ўстанову. Цяпер ужо вельмі складана высьветліць, чаму школа, ад якой усяго некалькі хвілін на аўто да аэрапорту, самай гарачай кропкі ў горадзе, рызыкнула адкрыцца, але ў «ДНР» вінавацяць бацькоў — прычынай нібыта было «настойваньне бацькоўскай грамадзкасьці». Каля дзясятай гадзіны раніцы 1 кастрычнік школу абстралялі з сыстэмы залпавага агню.
«Снарад разарваўся ў пяці мэтрах ад будынка навучальнай установы. У гэты момант там знаходзіліся 238 чалавек, зь якіх 70 дзяцей і 28 настаўнікаў. Загінулі чатыры чалавекі, яшчэ восем атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці, сямёх зь іх даставілі ў бальніцы. Сярод вучняў пацярпелых няма. Асколкамі пашкоджаныя аконныя блёкі будынка школы на першым і другім паверхах», — паведамляе прэс-служба Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі.
Гарадзкія ўлады абвінавацілі ў абстрэле сэпаратыстаў, а тыя, у сваю чаргу, заявілі, што школу абстралялі ўкраінскія вайскоўцы.
У той жа дзень у іншым раёне Данецку снарад патрапіў у маршрутную таксоўку, загінулі шэсьць чалавек.