Украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку, абвінавачаную ў Расеі ў датычнасьці да гібелі двух расейскіх журналістаў на Данбасе, этапавалі з СІЗА ў Варонежы, дзе яна знаходзілася ад сёлетняга ліпеня.
Пра гэта паведаміў яе адвакат Марк Фейгін. Паводле яго, гэта стала вядома толькі сёньня раніцай. Куды адправілі Саўчанку, адвакату невядома. Аднак ён паведаміў, што крымінальна-працэсуальнае заканадаўства прадугледжвае, што абаронцам павінны на працягу 10 дзён пісьмова адказаць пра тое, куды яе этапавалі і дзе яна будзе знаходзіцца.
«Таму афіцыйнага адказу, дзе яна знаходзіцца, няма. Але з высокай верагоднасьцю, амаль на 100 адсоткаў, магу выказаць здагадку, што яна ўжо знаходзіцца ў адным з маскоўскіх СІЗА на карантыне, а адтуль яна павінна быць накіравана ў экспэртную ўстанову — клініку Сербскага», — сказаў адвакат.
Раней паведамлялася, што Надзея Саўчанка можа быць пераведзеная ў Маскву для правядзеньня псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы ў стацыянарных умовах. Саўчанка тады заявіла, што ня мае намеру мець зносіны з расейскімі лекарамі, якія будуць праводзіць псыхіятрычную экспэртызу, бо лічыць яе незаконнай і падала пратэст.
На мінулым тыдні Варонескі абласны суд пакінуў Саўчанку пад арыштам да 30 кастрычніка сёлета. Такім чынам, суд адхіліў скаргу абароны і адмовіў у вызваленьні ўкраінскай лётчыцы пад заклад у адзін мільён рублёў.
Кіеў раней уключыў Надзею Саўчанку ў сьпісы па абмене палоннымі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала расейскія ўлады вызваліць украінскую лётчыцу.
Кіраўнік МЗС Украіны Павал Клімкін, які знаходзіцца гэтымі днямі ў Ню-Ёрку на Генэральнай Асамблеі ААН, паведаміў, што абмеркаваў справу Надзеі Саўчанкі з экс-кіраўніком Дзярждэпартамэнту ЗША Гілары Клінтан.