Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскую лётчыцу перавязуць у Маскву для псыхіятрычнай экспэртызы


Суд расейскага гораду Варонежу пакінуў пад арыштам украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку. Тэрмін яе ўтрыманьня пад вартай падоўжаны да 30 кастрычніка.

Адвакат лётчыцы Мікалай Полазаў паведаміў, што бліжэйшым часам Саўчанку этапуюць у Маскву для правядзеньня псыхіятрычнай экспэртызы, на час якой доступ адвакатаў да яе будзе немагчымы.

Надзея Саўчанка заявіла сёньня на пасяджэньні суду, што была выкрадзеная сэпаратыстамі на тэрыторыі Ўкраіны і перададзеная Расеі 24 чэрвеня, а не 30-га, як адзначана ў судовых матэрыялах.

Абарона прасіла аб вызваленьні лётчыцы пад заклад. Сьледчы камітэт Расеі прад’явіў Саўчанцы абвінавачваньні ў дачыненьні да забойства расейскіх журналістаў у Луганскай вобласьці.

Паводле вэрсіі сьледзтва, яна незаконна пранікла на тэрыторыю Расеі пад выглядам уцякачкі.

Ва Ўкраіне распачатая крымінальная справа аб выкраданьні Саўчанкі. На мінулым тыдні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўзнагародзіў лётчыцу, якая знаходзіцца пад арыштам у Расеі, ордэнам «За мужнасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG