Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox populi ў Берасьці: Пагроза незалежнасьці ідзе з Расеі


Ці існуе цяпер пагроза для незалежнасьці Беларусі? Калі так, то ад якой краіны ідзе такая пагроза? На такое пытаньне карэспандэнта Свабоды адказвалі сёньня жыхары Берасьця.

Наўпроставы лінк

Спадарыня: Ну, я лічу, што няма пагрозы нашай незалежнасьці. Таму што Беларусь — спакойная краіна, нікуды ня лезе... Хто там з кім б’ецца, каму там чаго не хапае? Мне падаецца, спакойна жывём, ды ўсё... У нас краіна маленькая, мы нікога не зьбіраемся захопліваць, мы людзі добрыя. Таму я лічу, што не.

Спадарыня: Беларускай незалежнасьці заўсёды нешта пагражала, таму што мы маленькая краіна сярод вялікіх. Былі то пад Расеяй, то пад Польшчай. Дый цяпер можна сказаць, што пад Расеяй. Што мы, незалежныя ад Расеі? У нас жа зь імі мяжы няма, яны тут робяць што хочуць, камандуюць вунь Лукашэнкам... Тут увогуле трэба разабрацца, ці ёсьць у нас незалежнасьць сапраўдная. Як на мяне, дык яе тут і няма...

Спадар: Ды, здаецца, нічога не пагражае... Ды каму мы патрэбныя?.. Беларусы — жабрацкая краіна, вядома. Ну, з тых, што разьвіваюцца, жабрацкая, але жывём памалу, нікому не перашкаджаем, нікуды ня лезем, я так разумею. Заключаем дамовы, працуем... Я думаю, што нам практычна нічога не пагражае. Ніякі захоп улады... Ну, можа, з Захаду там нешта правакуюць, а так нічога.

Спадарыня: Страта незалежнасьці Беларусі як пагражала, так і пагражае ад Расеі. Па-першае, рэжым Лукашэнкі прывязаў эканамічна краіну да Расеі. Па-другое, дэ-факта ўжо маем залежнасьць ад Расеі, толькі дэ-юрэ ня маем. Таму нам перш за ўсё трэба баяцца Расеі. Гэтая краіна як была, так і застаецца імпэрыяй зла.

Спадарыня: Ну, я думаю, што Беларусі нашай пакуль нічога не пагражае, пакуль у нас прэзыдэнт Лукашэнка, пакуль уся краіна ў яго руках. Я думаю, што нашу краіну ён нікому ня здасьць, таму нам няма чаго і баяцца. Трэба баяцца за цэны і заробкі цяпер, што цэны растуць, а заробкі не пасьпяваюць за імі. Вось з-за чаго трэба перажываць. А за краіну мы не перажываем. Пакуль «бацька» ў нас ёсьць, з намі нічога ня будзе...

Спадар: Усё можа павярнуцца элемэнтарна. Ты не спадабаўся, або павёў крыху ня тую палітыку, і табе адразу раз — прыйшлі «зялёныя чалавечкі» і памянялі ўсё тваё існаваньне. Таму я лічу, што на сёньняшні дзень пагроза ў асноўным ідзе ад Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG