Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зьмірылася з эўраінтэграцыяй Украіны?


16 верасьня Вярхоўная Рада і Эўрапейскі парлямэнт плянуюць сынхронна ратыфікаваць Пагадненьне аб асацыяцыі паміж Украінай і ЭЗ. Пётр Парашэнка запэўніў, што «ніводзін пункт парафіраванага і падпісанага Пагадненьня не мяняецца». Частка ўкраінскіх экспэртаў пагаджаецца з прэзыдэнтам, лічачы, што Расеі не ўдалося затармазіць эўраінтэграцыю Ўкраіны. Але іншыя спэцыялісты сьцьвярджаюць — і Кіеў, і ЭЗ паддаліся ціску Масквы.

Палітычную частку Пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ Украіне ўдалося падпісаць сёлета 21 сакавіка. Эканамічную частку пагадненьня — 27 чэрвеня.

У той жа дзень Эўразьвяз падпісаў таксама адпаведнае пагадненьне зь іншымі постсавецкімі краінамі — Малдовай і Грузіяй. І парлямэнт Малдовы ўжо 2 ліпеня ратыфікаваў яе, а 18 ліпеня гэта зрабіў і вышэйшы заканадаўчы орган Грузіі.

А ва Ўкраіне да ратыфікацыі дайшло толькі цяпер. Такая затрымка дала падставу некаторым крытыкам цяперашняй украінскай улады сьцьвярджаць, што гэтая адтэрміноўка (хацелі таго натхняльнікі такіх дзеяньняў альбо не) грала на руку прэзыдэнту Расеі Пуціну. Дэпутат ад фракцыі «Бацькаўшчына», былы міністар замежных спраў Барыс Тарасюк адзначаў, што зацягваньне гэтага працэсу шкодзіла ня толькі інтарэсам Украіны, а іміджу прэзыдэнта Парашэнкі.

«Прэзыдэнт Расеі Пуцін робіць усё для таго, каб зацягнуць працэс ратыфікацыі Ўкраінай пагадненьня пра эўраасацыяцыю. На маю думку, такі сцэнар ня проста непажаданы, а нават шкодны для інтарэсаў Украіны», — заявіў у эфіры Радыё Свабода Барыс Тарасюк.

Пуцін робіць усё для таго, каб зацягнуць працэс ратыфікацыі Ўкраінай пагадненьня пра эўраасацыяцыю. Такі сцэнар шкодны для інтарэсаў Украіны

Аднак напярэдадні прэзыдэнт Парашэнка ўнёс у Вярхоўную Раду законапраект аб ратыфікацыі Пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам. І пры гэтым кіраўнік дзяржавы запэўніў, што «Пагадненьне... будзе імплемэнтаванае зь першай хвіліны пасьля ратыфікацыі, дэ-факта — гэта праграма рэформаў у краіне».

Па яго сьцьвярджэньні, «ніводная кропка, ніводная коска, ніводнае слова з узгодненага, парафіраванага і падпісанага Пагадненьня не мяняецца».

А за некалькі дзён да гэтага ў Брусэлі адбылася трохбаковая сустрэча прадстаўнікоў Украіны, ЭЗ і Расеі, дзе дамовіліся да канца наступнага году адкласьці часовае прымяненьне часткі аб зоне свабоднага гандлю Пагадненьня аб Эўраасацыяцыі, якое б тычылася абодвух бакоў. (Палітычнай часткі Пагадненьня гэта рашэньне ня тычыцца). Узамен ЭЗ вырашыў працягнуць тэрмін дзеяньня аднабаковых гандлёвых прэфэрэнцый для Ўкраіны да канца 2015 году. Гэтыя дамоўленасьці таксама прадугледжваюць, што Ўкраіна і Расея працягнуць рэжым прэфэрэнцый у рамках зоны свабоднага гандлю СНД. Напярэдадні міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Аляксей Улюкаеў заявіў, што Расея імкнецца юрыдычна замацаваць дасягнутыя дамоўленасьці па Пагадненьню аб асацыяцыі паміж Украінай і ЭЗ, паведамляе расійскае агенцтва «РІА Навіны».

«Нам трэба выйграць час і падрыхтавацца»

Украінскі палітычны экспэрт Вадзім Карасёў ня лічыць адклад ратыфікацыі Пагадненьня аб асацыяцыі крокам каб дагадзіць Расеі. Наадварот — Эўразьвяз пайшоў насустрач Кіеву. Бо Ўкраіна мае магчымасьць свабодна, бяз пошлін ажыцьцяўляць экспарт у дзяржавы ЭЗ, і пры гэтым захоўваецца рэжым свабоднага гандлю з Расеяй і дзяржавамі Мытнага зьвязу. І цяпер ёсьць мытная абарона ўкраінскага рынку ад канкурэнтаздольных эўрапейскіх вытворцаў.

Нам трэба навучыцца — ці гандляваць ва ўмовах высокага мытнага бар’ера з Расеяй, ці ўвогуле пераарыентаваць свае гандлёвыя і прамысловыя сувязі

«Эўропа пайшла нам насустрач — у інтарэсах Украіны. Нам трэба выйграць час і падрыхтавацца да таго, каб адкрыць свой рынак для эўрапейскіх вытворцаў. Нам трэба навучыцца — ці гандляваць ва ўмовах высокага мытнага бар’ера з Расейскай Фэдэрацыяй, ці ўвогуле пераарыентаваць свае гандлёвыя, прамысловыя сувязі ў Расеі на рынкі Эўрапейскага Зьвязу або рынкі трэціх дзяржаваў», — лічыць Вадзім Карасёў.

«Эўропа, Расея і нават Украіна зацікаўленыя ў супрацоўніцтве ў пэўных эканамічных пытаньнях»

Тым часам іншы палітычны экспэрт Алеся Яхно ў камэнтары для Радыё Свабода адзначыла, што Расея не адступае ад сваёй мэты калі не заблякаваць, то хаця б затармазіць эўраінтэграцыю Ўкраіны. Зь іншага боку, і Кіеў, і ЭЗ не гатовыя цалкам парваць адносіны з Масквой, нават нягледзячы на дзеяньні расейскіх вайскоўцаў на Данбасе і анэксію Крыма.

«Эўропа, Расея і нават Украіна зацікаўленыя ў супрацоўніцтве ў пэўных эканамічных пытаньнях. І тут, я думаю, нават можа быць знойдзена пэўная кампрамісная пазыцыя. Пазыцыя па пэўных пытаньнях», — не выключае Алеся Яхно.

Раней Масква заяўляла, што ў выпадку двухбаковага ўвядзеньня пагадненьня аб зоне свабоднага гандлю паміж Украінай і ЭЗ, эўрапейскія тавары змогуць трапляць на расейскі рынак і пагражала ўвесьці тарыфы на імпарт украінскіх тавараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG