Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі ЭЗ б’юць па банках, нафтавай сфэры, абаронцы і сэпаратыстах


Эўразьвязу сёньня увёў у дзеяньне новы пакет санкцый супраць Расеі, якія закрануць расейскія банкі, нафтавую галіну, абаронны комплекс і палітыкаў, што падтрымліваюць сэпаратысцкія памкненьні на ўсходзе Ўкраіны.

Прадпрыемствы і асобы, у дачыненьні да якіх уведзеныя абмежаваньні, пералічаныя ў дакумэнце, апублікаваным ў Афіцыйным бюлетэні Эўразьвязу.

«З прычыны сур’ёзнасьці сытуацыі Эўрапейская Рада лічыць мэтазгодным прыняць дадатковыя абмежавальныя захады ў адказ на дзеяньні Расеі па дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне» — адзначаецца ў дакумэнце.

Дакумэнт падкрэсьлівае, што абмежавальныя захады зьяўляюцца абавязковымі «ў поўным аб’ёме» і павінны мець «наўпроставае дзеяньне» ў кожнай дзяржаве ЭЗ.

Дадатковыя абмежаваньні датычаць экспарту ў Расею тавараў і тэхналёгій двайнога прызначэньня, якія могуць быць выкарыстаныя, як у грамадзянскай, так і ў абароннай прамысловасьці, тэхналёгій і абсталяваньня, неабходных для асваеньня шэльфавых радовішчаў, а таксама доступу да рынкаў капіталу.

У прыватнасьці, ЭЗ увёў новыя санкцыі супраць Ашчадбанку, ВТБ, Газпромбанку, ЗЭБ і Рассельгасбанку. З 1 жніўня 2014 усім грамадзянам і кампаніям Эўразьвязу забаронена купляць або прадаваць выпушчаныя гэтымі расейскімі банкамі новыя акцыі, аблігацыі або «падобныя фінансавыя інструмэнты» з тэрмінам абарачэньня больш за 90 дзён. У адпаведнасьці з новым дакумэнтам сьпіс абмежаваньняў значна пашыраны — рэзыдэнтам ЕС забаронена аказваць названым расейскім банкам інвэстыцыйныя паслугі, акрамя таго, яны ня змогуць зьдзяйсьняць апэрацыі з новымі выпускамі аблігацый і іншых каштоўных папераў, выпушчаных пачынаючы з 12 верасьня 2014 г. з тэрмінамі абарачэньня звыш 30 дзён.

Пад новыя санкцыі патрапілі таксама «Роснефть», «Транснефть», «Газпром Нефть», «Уралвагонзавод», Аб’яднаная авіяцыйная карпарацыя і холдынг «Оборонпром». Грамадзянам краінаў ЭЗ і эўрапейскім кампаніям забаронена зьдзяйсьняць апэрацыі зь іх каштоўнымі паперамі тэрмінам абарачэньня звыш 30 дзён. Таксама гэтым кампаніям забароненыя апэрацыі з рахункамі ў эўрапейскіх банках, інвэстыцыйныя кансультацыі, кіраваньне партфэльнымі інвэстыцыямі і арганізацыя разьмяшчэньня каштоўных папер.

Дзевяці прадпрыемствам абаронна-прамысловага комплексу Расеі ўлады ЭЗ забаранілі пастаўляць тавары і тэхналёгіі падвойнага прызначэньня. У чорны сьпіс уключаныя:

1. Канцэрн «Сириус» (уваходзіць у склад падкантрольнага «Ростеху» холдынгу «Ростэлектроника»);

2. Холдынг «Станкоинструмент» (адказвае за тэхналягічнае пераўзбраеньне прадпрыемстваў «Ростеху»);

3. Холдынг «Химкомпозит» (уваходзіць у склад «Ростеха», распрацоўвае і вырабляе палімерныя кампазіцыйныя матэрыялаў і гатовую прадукцыі зь іх для космасу, авіяцыі, вайсковай тэхнікі і ўзбраеньня, наземнага і воднага транспарту, энэргетыкі і для многіх іншых галін прамысловасьці);

4. Канцэрн «Тэхналёгіі машынабудаваньня» (спэцыялізуецца на вытворчасьці боепрыпасаў і спецхіміі);

5. Холдынг «Высокадакладныя комплексы» (выпускае зенітныя ракетныя і ракетна-гарматныя комплексы блізкага дзеяньня і малой дальнасьці, супрацьтанкавыя ракетныя комплексы і г.п.);

6. Канцэрн «Алмаз Антей» (распрацоўка, вытворчасьць, мадэрнізацыя, сэрвіснае абслугоўваньне, рамонт і ўтылізацыя зэнітных ракетных сыстэмаў (комплексаў) і іх частак, радыёлякацыйных комплексаў, радыёлякацыйнага абсталяваньня, сыстэм кіраваньня ўзбраеньнем, іншай прадукцыі вайсковага, падвойнага і цывільнага прызначэньня);

7. Канцэрн «Калашнікаў» (выпускае стралковую зброю і шэраг іншых відаў прадукцыі);

8. Тульскі збройны завод (выпускае стралковую зброю і супрацьтанкавыя ракеты),

9. Навукова-вытворчае аб’яднаньне «Базальт» (праектуе і выпускае некіравальныя авіяцыйныя бомбавыя сродкі паражэньня, гранатамётныя комплексы, мінамётныя ўстаноўкі, устаноўкі да самаходных артылерыйскім сыстэмаў, ручныя гранаты і т. п.).

Сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз і актывы якіх падлягаюць замарожваньню ў ЭЗ, пашыраны на 24 чалавекі, сярод якіх:

Аляксандр Захарчанка — «прэм’ер-міністар» самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі;

Уладзімір Конанаў — «міністар абароны» самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі;

Генадзі Цыпкалаў — «прэм’ер-міністар» самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі;

Аляксандр Караман — «намесьнік прэм’ер-міністра» самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі;

Міхаіл Шарамет — «першы намесьнік прэм’ер-міністра» Крыму;

Юры Вараб’ёў — намесьнік старшыні Савета Фэдэрацыі Расеі;

Уладзімір Жырыноўскі — дэпутат Дзярждумы Расеі;

Уладзімер Васільеў — намесьнік старшыні Дзярждумы Расеі;

Іван Мельнікаў — першы намесьнік старшыні Дзярждумы Расеі;

Ігар Лебедзеў — намесьнік старшыні Дзярждумы Расеі;

Мікалай Левічаў — намесьнік старшыні Дзярждумы Расеі;

Сяргей Чэмезаў — кіраўнік «Ростеху».

Пасьля увядзеньня гэтага пакету санкцый колькасьць чалавек, у адносінах да якіх Эўразьвяз прыняў абмежавальныя захады ў сувязі з канфліктам ва Ўкраіне, дасягнула 119 чалавек.

Чакаецца, што сёньня свае новыя санкцыі супраць Расеі абвесьцяць і Злучаныя Штаты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG