Ці ёсьць сэнс праводзіць масавыя акцыі пратэсту падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году ва ўмовах, калі Крэмль можа скарыстаць гэта як нагоду для расейскай інтэрвэнцыі паволде аналёгіі з Украінай?
З гэтымі пытаньнямі Радыё Свабода зьвярнулася да беларускіх палітыкаў.
Мілінкевіч: Калі ў паветры не адчуваецца жаданьня выходзіць на Плошчу, то і ня трэба гэта імітаваць
Адзін з арганізатараў Плошчы-2006, старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч канстатуе, што сытуацыя падчас будучай прэзыдэнцкай кампаніі будзе вельмі адрозьнівацца ад той, што была цягам усіх ранейшых выбараў.
«Я лічу, што мірны пратэст заўсёды трэба захоўваць як форму дзейнасьці, таму што трэба дэманстраваць грамадзтву, што выбараў няма. Але, безумоўна, падзеі на Майдане ва Ўкраіне, расейская пагроза значна зьмянілі наш падыход да таго, што мы маем. Я думаю, што набор інструмэнтаў у дзень выбараў значна скараціўся», — кажа ён.
Палітык адзначае, што рашэньне наконт пратэстаў трэба прымаць напярэдадні, калі можна будзе ацаніць шансы на розныя сцэнары.
«Трэба ведаць, што ты можаш кантраляваць сытуацыю на Плошчы, што ты можаш прадухіліць правакацыі, якія напэўна будуць. Апазыцыя павінна быць падрыхтаваная, што тая ж Расея можа справакаваць выбухі ці штосьці іншае. А ўвогуле, ня трэба лічыць, што толькі сцэнар каляровай мірнай рэвалюцыі можа прывесьці да пераменаў. І апошняе: трэба заклікаць на Плошчу тады, калі відаць, што грамадзтва, актыўная яго частка, гатовае выйсьці. Калі няма такога адчуваньня падчас выбарчых сустрэчаў і ў паветры не адчуваецца жаданьня выходзіць на Плошчу, то і ня трэба гэта імітаваць, калі мы ня здольныя мабілізаваць людзей», — падкрэсьлівае Мілінкевіч.
Янукевіч: Плошча 2015 году немагчымая апрыёры
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што нэгатыўны досьвед Плошчы-2010, падзеі ва Ўкраіне і зьвязаныя з гэтым настроі ў грамадзтве робяць Плошчу-2015 абсалютна немагчымай.
«На сёньняшні момант няма магчымасьцяў заклікаць беларусаў на Плошчу, таму што такі заклік аўтаматычна будзе ўспрыняты пераважнай большасьцю грамадзянаў як маргінальны і адарваны ад рэчаіснасьці. І ён у сёньняшняй сытуацыі дае беларускім уладам надзвычай вялікія магчымасьці па дыскрэдытацыі беларускай апазыцыі. Ва ўмовах, калі сапраўды Масква можа паспрабаваць разыграць сцэнар ціску на беларускія ўлады ў 2015 годзе, у тым ліку выкарыстоўваючы Плошчу, думаю, што тым больш заклікі выходзіць на пратэстную акцыю на сёньняшні момант могуць быць больш шкоднымі, чым карыснымі і для дэмакратычных сілаў, і для будучыні Беларусі. Таму гэта такі вялікі выклік для нас усіх. Абмеркаваньне сцэнароў ужо цяпер адбываецца ў коле дэмакратычных сілаў, і пераважная большасьць удзельнікаў пагаджаецца, што 2010 год у Менску і тое, як асьвятляюцца ўкраінскія падзеі ў беларускай інфармацыйнай прасторы, зрабілі Плошчу 2015 году немагчымай апрыёры».
Севярынец: Спосабы правесьці мірныя акцыі пратэсту, якія здольныя прывесьці да пераменаў, ёсьць і ў такіх умовах
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец лічыць, што Плошча на ўзор 2006 або 2010 гадоў будзе сапраўды небясьпечная, але гэта ня значыць, што пратэстных акцыяў наагул ня трэба праводзіць:
«Мне здаецца, што калі ўдасца вылучыць адзінага лідэра дэмакратычных сіл, то масавыя акцыі хутчэй можна і трэба будзе прымеркаваць да этапу рэгістрацыі такога лідэра ў кампаніі 2015 году. Так, як гэта зрабілі падчас Аранжавай рэвалюцыі — там парадку 200 тысяч чалавек сабраліся чакаць рэгістрацыі Юшчанкі як адзінага кандыдата. Я думаю, што тыя акцыі, якія будуць да дня так званых выбараў, яны будуць у пэўнай ступені абароненыя ад правакацыяў і атакаў, бо Лукашэнку патрэбная легітымнасьць. Адносна таго, што рабіць у сам дзень і пасьля... Сапраўды, Плошча ў тым выглядзе, у якім яе зьбіралі ў 2006 і 2010 гадах, будзе небясьпечная. Але ўсё залежыць ад стану спраў перад тым днём. Бо ёсьць спосабы правесьці мірныя акцыі пратэсту, якія здольныя прывесьці да пераменаў, нават у такіх умовах».
Лябедзька: У кожнага грамадзяніна ёсьць права абараняць сваю годнасьць
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што апазыцыя павінна разглядаць розныя сцэнары падзеяў падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году.
«На сёньняшні дзень спрагназаваць на 100%, што будзе ўвосень 2015 году, складана і, відаць, беспэрспэктыўна. Адзінае, што магу сказаць: у прыхільнікаў пераменаў у партфэлі павінны быць розныя сцэнары разьвіцьця падзеяў, і на кожны сцэнар — свая стратэгія і свой плян дзеяньняў. У тым ліку мы вымушаны ўлічваць і зьнешнія чыньнікі, зьнешнія пагрозы, таксама як і ўнутраныя. Калі гэта будзе, то гэта будзе самы лепшы варыянт — падрыхтаванасьць і да аднаго, і да другога, і да трэцяга», — падкрэсьлівае Лябедзька.
Таму, кажа ён, улічваць сцэнар Плошчы трэба.
«Я зыходжу з таго, што ў кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь ёсьць права абараняць сваю годнасьць, свае каштоўнасьці. Калі няма грамадзян са сваім маленькім майданчыкам, тады ніколі не бывае краіны. Тут ня трэба ніякай зьнешняй пагрозы — яе проста ня будзе існаваць», — падкрэсьліў палітык.