Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 эпізодаў: ад «Ляписа» да «Brutto»


Сяргей Міхалок
Сяргей Міхалок

Пра музыканта, які забараніў самога сябе.

У абранай музычнай галіне Сяргей Міхалок прайшоў гучны і няпросты шлях. Як пладавіты творца, ён сталеў ня толькі як аўтар песень, але й як звычайны грамадзянін. Адно што такое вызначэньне — «звычайны грамадзянін» аднесьці да Міхалка можна хіба што ўмоўна: немагчыма быць звычайным, калі ты зьбіраеш вялікія аўдыторыі, а тысячы людзей едуць паслухаць цябе празь дзяржаўныя межы.

Эпізод першы: як яно пачыналася

Выпускнік тады яшчэ Беларускага інстытуту культуры сабраў «Ляпис Трубецкой» у 1990 годзе. Упершыню гэтую каманду пачуць асабіста ў мяне атрымалася 4 кастрычніка 1991-га. Дзень гэты, прызнацца, дастаткова знакавы для гісторыі айчыннай рок-музыкі. Менавіта тады ў зале 8-га корпусу тады яшчэ БПІ далі канцэрт дзьве маладыя каманды, прычым для «Нейро дюбеля» гэта наогул быў дэбютны выступ. Мушу шчыра прызнацца: тое, як выступалі «Ляписы», мне абсалютна не запомнілася. Адрозна ад «Нейро дюбеля»: урэзаўся ў памяць вобраз спустошанага, мокрага ад поту Аляксандра Кулінковіча, які, седзячы на падлозе, ня мог, здаецца, і рукой паварушыць. Знамянальна, што тады адну пляцоўку падзялілі два яскравыя рок-лідэры, якім было наканавана перасякацца ў будучыні ня толькі ў жыцьці, але і ў творчасьці.

Цалкам магчыма, што «Ляписы», перажыўшы этап творчага дзяцінства, так бы і зьніклі з рок-сцэны, пакінуўшы па сабе ўспаміны нешматлікіх прыхільнікаў, каб ня тое, што на чале каманды стаў Сяргей Міхалок — чалавек зь нестандартным нават на тыя панкавыя гады мысьленьнем, надзвычай пладавіты і вынаходлівы як творца. Цікава, аднак, тое, што дэбютны альбом «Любови капец» быў выдадзены толькі ў 1995 годзе, але па-сапраўднаму «Ляписы», што называецца, «стрэлілі» наступным альбомам «Ранетое сердце», у якім што ні песьня — то 100-адсоткавы шлягер. Абраны Міхалком сцэнічны вобраз праставатага, «свайго ў дошку» хлопца з гарадзкой ускраіны выдатна спалучаўся са створаным рэпэртуарам, хоць, канешне ж, думаць пра тое, што празь якія два-тры гады калектыў пачне зьбіраць стадыёны, тады не выпадала.

​Альбом «Ранетое сердце» ўтрымліваў адну песьню, скандал вакол якой прынёс на абшарах СНД такі зусім ня лішні для «Ляписов» розгалас. Гаворка вядзецца пра песьню кампазытара Алега Квашы, якую ўпершыню выканаў Міхаіл Баярскі. Дазволу ў аўтара Міхалок, зразумела, тады не спытаў, а пасьля перавыданьня песьні Кваша зьвярнуўся ў суд. Пра гэты выпадак распавяло мноства СМІ, назва «Ляпис Трубецкой» зрабілася агульнавядомай.

Эпізод другі: тыя, хто стаяў за сьпінай Міхалка

Сярэдзіна 90-х — гэта відавочны пералом у творчай дзейнасьці «Ляписов». У 1995 годзе да групы далучыўся ў якасьці прадусара Яўген Калмыкоў, выпускнік таго самага «кулька» па спэцыяльнасьці рэжысэр масавых сьвятаў. Міхалок і Калмыкоў, трэба думаць, былі знаёмыя яшчэ са студэнцкіх гадоў. Прыход дасьведчанага арганізатара Калмыкова ў каманду вызваліў Міхалка ад клопатаў што да наладжваньня канцэртаў і гастрольных тураў. Калмыкоў, у сваю чаргу, паставіў працу калектываў на прынцыпова іншую, насамрэч прафэсійную вышыню, яўна прэтэндуючы на званьне першага сапраўднага музычнага прадусара краіны, вывеў сваіх падапечных на шырокую аўдыторыю. Прыкладам, у 1998 годзе, калі ў Адэсе і Саратаве адбываўся альтэрнатыўны «Славянский базар», «Ляписы» былі ўжо зоркамі саратаўскай праграмы, выступіўшы на мясцовым стадыёне на наступны дзень па канцэрце «Uria Heep». Я быў сьведкам і гэтага...

Неабходна адзначыць, што ў сярэдзіне 90-х з калектывам працавалі многія знакавыя ня толькі ў музычным асяродзьдзі людзі. Назаву гукарэжысэра Андрэя Жукава, аднаго з пачынальнікаў беларускай музычнай выдавецкай справы Вячаслава Гулевіча. Апекаваўся справамі каманды і банкір Яўген Краўцоў, на чыёй студыі «Меццо-форте» запісваліся «Ляписы». Што датычыцца музыкаў, якія цягам гадоў выходзілі на сцэну поруч зь Міхалком, дык і сярод іх былі адмыслоўцы. Гэта бас-гітарыст Валерый Башкоў, барабаншчык Аляксандр Старажук. Пэўны час у якасьці скрыпача ды бэк-вакаліста выступаў Віталь Драздоў, у цяперашні час вельмі аўтарытэтны чалавек ва ўкраінскім FM-эфіры. А адзіным бадай што чалавекам, які разам зь Міхалком прыйшоў увесь шлях «Ляписов», ёсьць гітарыст Руслан Уладыка.

Эпізод трэці: апрача музыкі

Здавалася, што Сяргею Міхалку ад пачатку было цеснавата ў межах толькі музыкі. Чым іншым патлумачыць той факт, што ў сярэдзіне 90-х ён шчыльна супрацоўнічаў з тэатрам «Бамбуки», выступаючы як рэжысэр, сцэнарыст і актор. У рамках туру гэтага тэатру па Беларусі была паказана рок-опэра «Покорение космоса», да якой, трэба думаць, Міхалок прыклаў уласную ўжо тады цьвёрдую руку. Крыху пазьней Сяргей быў арт-дырэктарам менскага рэгей-клюбу «Адис-Аббеба». У 2000-м разам з мастаком Аляксеем Хацкевічам ён утварыў комік-дуэт «Саша и Сирожа», які сваімі выступамі літаральна парваў тэлеэфіры спачатку ў Беларусі, пасьля — ва Ўкраіне. Дуэт выдаў два альбомы «Опера для ленивых» зь пераказам сюжэтаў папулярных опэр, зборнік «Новыя калыханкі» і адзін альбом зь песьнямі.

Мала таго: у тым самым 2000 годзе Міхалок зрабіўся адным з суарганізатараў творчага аб’яднаньня «Дети Солнца», у склад якога ўвайшлі некалькі музычных калектываў. Ажаніўся з удзельніцай аднаго зь іх — Алесяй Берулавай (група «Мантана»). У 2003 годзе пачаў супрацоўніцтва ў межах «Крамбамбулі» зь Лявонам Вольскім і Аляксандрам Кулінковічам. У 2007 годзе ў перапынку паміж песьнямі падчас канцэртаў Міхалок пачаў чытаць свае кароткія вершы, спасылаючыся пры гэтым на выдуманага паэта Юзіка Кілевіча.

Па ўсім гэтым можна сьмела казаць, што Сяргей Міхалок і па-за музыкай выяўляў сябе як чалавек па-творчаму арыгінальны ды знаходлівы. Хоць, варта адзначыць, насамрэч напружаны лад жыцьця спакушаў і яго прымаць захады для таго, каб часова забыцца на творчасьць. Так, Вікіпедыя згадвае і тое, што ў тыя ж 90-я Міхалок апынуўся ў стане клінічнай сьмерці ў выніку ўжываньня наркотыкаў. Цяпер, наколькі вядома, ён ня паліць і не ўжывае алькаголю...

Эпізод чацьвёрты: «чорныя сьпісы»

Уласна кажучы, упершыню непажаданаю асобай Сяргей Міхалок адчуў сябе ў рамках комік-дуэту «Саша и Сирожа». Спачатку ягоная штотыднёвая праграма «Калыханкі» была выціснутая зь беларускага тэлеэфіру, дзе яна, калі не памыляюся, зьмяніла пару каналаў перш чым зрабіцца «чужой». Праўда, казаць пра тое, што «Калыханкі» напрасткі брутальна забаранілі, не выпадае: спасылкі рабіліся то на нефармат, то на нізкія рэйтынгі, аднак сутнасьці гэта не мяняе. «Саша и Сирожа» потым паўтарыліся на «Белсаце» і, відаць, адышлі ў гісторыю...

Да часу на тое, што піша і гаворыць Міхалок, вялікай увагі не зьвярталі. Ну, прасьпяваў ён пра канкрэтныя «золотые яйца»... Ну і што тут крамольнага? І калі б ён надалей сьпяваў пра Керч ды Сочы, нічога б напэўна не адбылося. Але ў 2007 годзе выдаецца альбом «Ляписов» пад назвай «Капитал». І здарылася нечаканае. Многія, калі ня большасьць, з прыхільнікаў пачулі зусім нязвыклага Міхалка. Гэта быў ня звыклы хлопец-весялун ды прыкольшчык, а сьпелы, гартаваны мужык, які, быццам мячом, рубіў праўду-матку. У кліпе на загалоўную песьню ўзьнікла выява Лукашэнкі ў адным шэрагу зь іншымі дыктатарамі сьвету. «Ранетое сердце» Міхалка пачало адгукацца на тыя зьявы рэчаіснасьці, пра якія ў тыя гады канца першай дэкады новага стагодзьдзя, як у гады СССР, размаўлялі толькі на кухнях. У тэкстах песень гумар і сьцёб зьмянілі ледзь ня лёзунгі. Нездарма на вокладцы альбому «Культпросвет» 2009 году была выява самога Міхалка, якая зьнешне вельмі нагадвала твар Маякоўскага. У таго паэта ў рэчышчы агітпропаўскай творчасьці ўласна паэзіі было няшмат. Гэтак жа сама бліжэй да канца дзесяцігодзьдзя ў «Ляписов» музыкі як такой зрабілася прыкметна менш, яна спрасьцілася і зрабілася больш жорсткай. Як аўтар Міхалок відавочна пакінуў балаган і выйшаў на плошчу. Ён вярнуўся да сутнасьці рок-музыкі, успрымаючы яе ўжо ня як забаву, а як зьяву сацыяльную.

А тут яшчэ тыя вершы са сцэны, інтэрвію, у якіх ён усё часьцей выказваўся на палітычныя тэмы, не абмінаючы характарыстыкі цалкам пэўных асобаў. Зразумела, уладам, найперш беларускім, такое пераўвасабленьне «блазна» зусім не падабалася. «Ляписы» апынуліся ў негалосных чорных сьпісах, канцэртная Беларусь для іх зачынілася, эфіры зьніклі. Заставаліся Расея, Украіна. Аднак пасьля выступу на кіеўскім майдане і ў Расеі канцэрты калектыву пачалі забараняцца адзін за адным. Страціць такі рынак азначала паставіць «Ляписов» на мяжу існаваньня...

Зьвярну ўвагу яшчэ на адзін момант — моўны. Сяргей Міхалок нарадзіўся ў Дрэздэне ў сям’і вайскоўца, школу скончыў у Нарыльску. Беларуская мова наўрад ці была ў яго ў больш-менш актыўным ужытку, а самі «Ляписы» пачыналі як чыста расейскамоўны калектыў. Ды зь цягам часу, гадамі менавіта сталеньня, як мне падаецца, у выніку ў тым ліку кантактаў з Вольскім, «Ляписы» ўсё часьцей уключалі ў рэпэртуар песьні на беларускай мове. Паўплываў на тое, відаць, і шлюб з акторкай Сьвятланай Зелянкоўскай. Песьня «Ня быць скотам» на верш Купалы ў выніку зрабілася адной з найбольш знакавай у арсэнале калектыву.

Эпізод пяты: цяпер — «Brutto»

Менавіта сёньня, 5 верасьня, з ранку ў Сеціве зьявіўся асабісты допіс Сяргея Міхалка, у якім ён ставіць кропкі над падзеямі апошняга часу. Цяпер ня мае сэнсу рабіць здагадкі адносна таго, зь якой прычыны ён зачыніў гісторыю «Ляписов». Як вынікае з гэтага тэксту, праект «Brutto» быў задуманы ўжо некалькі гадоў таму. Пэўным пераходам ад «Ляписов» да новай каманды быў альбом «Весёлые картинки» (2011) — цалкам сольным, як падкрэсьліў Міхалок, ягоны альбом, хоць у ягоным запісе рэшта музыкаў групы такі ўдзельнічала.

Далей цытую: «Аднак роспуску „ЛТ“ пашкодзілі палітычныя падзеі ў Рэспубліцы Беларусь. Нас пачалі прэсаваць, забараняць канцэрты, і роспуск групы ўспрынялі б як палахлівасьць і маладушша. Я паехаў у Маскву і ўвасобіў частку песень для „Brutto“ зь „Ляписами“ ў альбоме „Рабкор“. Падкрэсьлю, што „Рабкор“ — гэта мой суб’ектыўны, глыбока асабісты погляд на сучаснае мастацтва як мэтад агітацыі і ўзьдзеяньня на масавую сьвядомасьць. Ужо тады зрабілася зразумелым, што частка музыкаў і прыхільнікаў „Трубецкого“ не падзяляе майго рэвалюцыйнага настрою і маіх дзёрзкіх, брутальных учынкаў. Ідэя „Brutto“ парвала „Ляпис“ знутры і прарвалася скрозь разьдзьмуты шар „ляпісаўскага“ дабрабыту».

Свой допіс Сяргей Міхалок скончыў падзякаю сябрам і — ворагам. Апошнім — за матывацыю і ярасьць.

І падпісаўся так: Сэрджыё Брута.

Значыць, працяг будзе. Які — застаецца пачакаць...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG