«Сучасныя мэмуары» вяртаюцца. Успаміны вэтэрана Радыё Свабода Галіны Руднік. У сёньняшняй перадачы: Разам з усімі пераехала ў лягер Міхельсдорф і Беларуская гімназія. Яна была заснаваная ў 1945-м годзе. У 1947-м годзе ей было прысвоена імя Янкі Купалы. Умовы навучаньня ў гімназіі былі надзвычай цяжкія й складаныя. Вучыліся мы фактычна без падручнікаў. Настаўнікі пісалі для нас канспэкты, якія мы мусілі хуценька перапісваць і перадаваць другім. Сытуацыя была падобная да навучаньня ў прагімназіі ў Менску падчас нямецкай акупацыі. Таксама, як і тады, увесь час хацелася есьці.