Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўшанавалі памяць амэрыканкі Рут Уолер


У Менску ўшанавалі памяць амэрыканкі Рут Уолер
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:57 0:00

Супрацоўнікі амбасады ЗША ў Беларусі сумесна з прадстаўніцтвам ААН у Беларусі ўшанавалі памяць амэрыканскай супрацоўніцы ААН Рут Уолер.

У 1946-м годзе Рут Уолер разам з мужам працавала ў Менску ў створанай ААН місіі UNRRА — Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня Аб’яднаных Нацыяў, якая аказвала эканамічную дапамогу краінам Эўропы, а таксама займалася рэпатрыяцыяй і падтрымкай уцекачоў. У жніўні 1946 году Рут Уолер памерла ад цяжкай хваробы. І штогод 4 жніўня, у дзень сьмерці Рут, супрацоўнікі амэрыканскай амбасады, прадстаўніцтва ААН у Беларусі, беларускія грамадзяне прыходзяць з кветкамі на Вайсковыя могілкі.

У склад місіі UNRRА ў Беларусі ўваходзілі 15 амэрыканцаў і 1 грамадзянін Новай Зэляндыі. Рут Уолер прыехала працаваць сюды разам з мужам і займалася арганізацыяй паставак у Беларусь прадуктаў, мэдпрэпаратаў. У Менску Рут Уолер уратавала беларускіх хлопчыкаў, якія ледзь не ўтапіліся ў возеры ля Лошыцы. Але прастудзілася, захварэла на запаленьне лёгкіх і хуткацечны мэнінгіт і памерла 4 жніўня 1946 году.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд распавёў:

«Афіцыйныя крыніцы не маглі паведаміць дэталяў. Але паступова мы даведаліся, што беларусы сталага веку памятаюць рыжавалосую Рут, якая працавала ў місіі ЮНРРА — адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня Аб’яднаных Нацыяў. З такой жа ўдзячнасьцю і цяплом яны ўзгадваюць пра міжнародную дапамогу ў тыя цяжкія галодныя гады пасьля Другой усясьветнай вайны».

Прадстаўнік ААН у Беларусі Санака Самарасінха адзначыў, што Рут Уолер была ў першай партыі пэрсаналу ААН, які прыехаў працаваць у Рэспубліку Беларусь. І гэта адбылося якраз у той час, калі краіне была надзвычай патрэбная дапамога:

«Яна была вельмі маладая, ёй не было і 25 гадоў, калі яе напаткала хвароба. Маладая амэрыканка памерла ад мэнінгіту, якім яна заразілася, ратуючы жыцьцё беларускага дзіцяці. Рут працавала ў арганізацыі, якая мела назву „Адміністрацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях дапамогі і аднаўленьня“. Гэтая арганізацыя забясьпечвала прадуктамі, мэдыкамэнтамі, давала жытло людзям, якія пацярпелі падчас вайны».

Санака Самарасінха (п)
Санака Самарасінха (п)

Місія UNRRА атрымлівала большую частку фінансаваньня ад ЗША, дый бальшыню штату складалі амэрыканцы.

Але ня толькі фінансавы ўнёсак, які зрабілі Злучаныя Штаты Амэрыкі пасьля Другой усясьветнай вайны, быў надзвычай важны для Беларусі. Амэрыканцы паказалі добрую волю, ідэал служэньня людзям, а Рут Уолер была ўвасабленьнем гэтага ідэалу. А тая праца, якой займалася Рут пасьля Другой усясьветнай, вельмі патрэбная і цяпер, кажа прадстаўнік ААН у Беларусі Санака Самарасінха:

«У 2013 годзе ў сьвеце налічваецца каля 50 мільёнаў уцекачоў. А сёлета варта чакаць, што сытуацыя яшчэ пагоршыцца, у зьвязку з канфліктамі ў Сырыі, Іраку, афрыканскіх краінах і зусім побач зь Беларусьсю — ва Ўкраіне. І жыцьцё Рут — напамін нам, што трэба працаваць разам, дапамагаючы тым, каму дапамога патрэбная».

А новы часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд спадзяецца і на пацяпленьне адносін паміж ЗША і Беларусьсю:

«Як амэрыканка, якая дапамагала беларусам і якая аддала гэтаму служэньню жыцьцё, Рут Уолер увасабляе сабой патэнцыял да паляпшэньня стасункаў паміж нашымі краінамі. Як супрацоўніца ААН і міжнароднай цывільнай арганізацыі яна ўвасабляе тую ролю, якую Аб’яднаныя Нацыі адыгрываюць у сьвеце, і тыя добрыя справы, якія яны робяць для людзей».

Скот Роланд
Скот Роланд

Дыпляматы, грамадзкасьць ушанавалі памяць Рут Уолер хвілінай маўчаньня, паклалі на магілу кветкі. Былі і чырвоныя ружы ад Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG