Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы пра зьбіты Боінг: Вінаватыя ўкраінскія ўлады. І яшчэ Расея


Хто вінаваты ў зьбітым грамадзянскім самалёце над Данбасам? Апытаньне ў Горадні.

Хлопец: «Дыскутавалі мы з гэтай нагоды сёньня з хлопцамі і прыйшлі да такой думкі, што ўва ўсім вінаватая палітыка і ўвязвацца ў інфармацыйныя войны бяз сэнсу. З аднаго боку журналісты, расейскія СМІ, паказваюць, што вінаватыя ва ўсім украінскія ўлады, украінскія гавораць, што гэта расейскія сэпаратысты. Але калі ты там ня быў, то на сто працэнтаў не зразумееш — альбо гэта амэрыканская спэцслужба ўсё так хітра прамуціла, ці гэта насамрэч сэпаратысты зьбілі і радаваліся гэтаму. Складана гаварыць і быць аб’ектыўным у гэтым пытаньні звычайнай моладзі гарадзенскай, якая можа атрымліваць інфармацыю толькі з СМІ. Так, чыталі, што радаваліся».

Мужчына: «Вінаваты хто? Самі ўлады, каторыя давялі да гэтага, не мірнае насельніцтва, людзі, а ўлады, якія дзялілі пасады свае. Канкрэтна: Данбас ці Ўкраіна? Як я буду ведаць, я жыву ня там, а тут».

Сталая кабета: «Я ня ведаю — хто, і ня ведаю — як. Мне так страшна, што я практычна навінаў не гляджу, мне так лягчэй жыць. Можа, я ня маю рацыі».

Хлопец: «Я ня ведаю, я ў падрабязнасьці не ўдаваўся, я ведаю па чутках. З Украіны людзі гавораць, што расейцы не вінаватыя. Я кантактую зь людзьмі з Кіева і Адэсы, і яны проста лічаць, што гэта проста падставілі Расею».

Сталы мужчына: «Ці мала што я думаю, думаць балюча. інтэрнэт не чытаю. А маё меркаваньне — прычым тут яно? Жах, вядома. А як, што — я ж не спэцыяліст па гэтым».

Хлопец: «Я думаю, гэта палітычныя гульні, а людзі гінуць і ня толькі ў гэтым самалёце. Ва ўсім вінаватыя палітыкі. Камісія павінна... Але я нікому ня веру».

Мужчына: «Ну я ня ведаю, я нічога ня думаю, расьсьледаваньне пакажа. А па-іншаму як?»

Сталы мужчына: «Тое ж самае: час пакажа... Па тэлебачаньні і па чутках. Без паняцьця, разьбяруцца».

Спадар: «Я прыежджы, я з Варонежа. Не, не магу, я ўчора ўбачыў у навінах позна ўвечары, але ня думаю, што ў партызанаў ёсьць такая зброя, каб зьбіць самалёт на вышыні дзесяць кілямэтраў. Ня ведаю, але астатнія ляцелі, па-мойму, крыху ніжэй».

Хлопец: «На мой погляд, тое, што адбываецца ва Ўкраіне, паслужыла прычынай: рознагалосьсі, міжусобіца, грамадзянская вайна. Зарана рабіць высновы, будаваць на плётках. Трэба пачакаць, калі будзе вядома — што ў чорных скрынках. Нейкая вэрсія будзе прапанаваная для народу, а ці будзе яна сапраўдная, а ня выдуманая і камусьці выгодная — даводзіцца толькі здагадвацца. Канечне, я думаю тут роля Расеі ёсьць хутчэй за ўсё, ну а Расея — і ёсьць Пуцін».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG