Пра гэта паведаміла прадстаўніца інтарэсаў Надзеі Саўчанкі юрыст Валянціна Целічэнка.
Ліст са Стразбурскага суду яна апублікавала ў Фэйсбуку.
Суд просіць да 22 ліпеня падаць інфармацыю па справе Саўчанкі і адказаць на пытаньні суду.
Па словах Целічэнка, пытаньні суду тычацца таго, як Надзея Саўчанка трапіла ў расейскі сьледчы ізалятар і на якіх падставах ёй дагэтуль не далі магчымасьці сустрэцца з украінскім консулам. Таксама суд абавязаў урад Расеі праінфармаваць пра ўмовы ўтрыманьня ўкраінскай лётчыцы.
Надзея Саўчанка знаходзіцца ў Расеі ад 23 чэрвеня. Лётчык-афіцэр, яна брала ўдзел у вайсковай апэрацыі ўкраінскай арміі як добраахвотніца і трапіла ў палон да сэпаратыстаў каля мястэчка Шчасьце пад Луганскам 18 ці 19 чэрвеня.
8 ліпеня стала вядома, што захопленая сэпаратыстамі пад Луганскам лётчыца Надзея Саўчанка знаходзіцца пад вартай у сьледчым ізалятары ў расейскім горадзе Варонежы. Яе падазраюць у датычнасьці да гібелі двух расейскіх журналістаў у зоне канфлікту ва Ўкраіне. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла сястра Надзеі Вера Саўчанкаса з спасылкай на расейскага адваката.
17 чэрвеня ў мястэчку Мэталіст пад Луганскам загінулі супрацоўнікі Ўсерасейскай дзяржтэлерадыёкампаніі Ігар Карнялюк і Антон Валошын. Паводле ўкраінскіх сілавікоў, журналісты ажыцьцяўлялі інфармацыйнае суправаджэньне адной з вайсковых груп сэпаратыстаў.
Сьледчы камітэт Расеі сьцьвярджае, што Саўчанку затрымалі на тэрыторыі РФ пасьля таго, як яна перасекла мяжу пад выглядам уцякачкі. Украіна зьвярнулася да міжнароднай супольнасьці з заклікам дапамагчы вызваліць Надзею Саўчанку — пра гэта 9 чэрвеня паведаміў намесьнік міністра замежных спраў Украіны Даніла Лубкоўскі.
Паводле дыплямата, Саўчанку вывезьлі ў Расею «невядомым» чынам. Украіна патрабуе вызваліць усіх сваіх грамадзянаў, якія былі затрыманыя раней і знаходзяцца ў Расеі. Сярод іх рэжысэр Алег Сянцоў, якога абвінавачваюць у тэрарызьме.
У інтэрнэце разгортваецца грамадзкая кампанія за вызваленьне Надзеі Саўчанкі і працуе адмысловы сайт savesavchenko.tsn.ua.