Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Надзеі Саўчанкі перакананы, што расейскія ўлады яе выкралі


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Украіна дамагаецца вызваленьня з расейскай турмы свайго афіцэра Надзеі Саўчанкі, захопленай пад час баёў у палон прарасейскімі баевікамі і незаконна перавезенай у варонежскую турму.

Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якая трапіла ў палон у Луганскай вобласьці і перавезеная ў Расею, застанецца пад вартай да 30 жніўня. Грамадзянку Ўкраіны, якая цяпер знаходзіцца ў Варонежскім СІЗА № 3, абвінавачваюць у пасобніцтве ў забойстве журналістаў ВГТРК Ігара Карнелюка і Антона Валошына 17 чэрвеня гэтага году: расейскія пракуроры мяркуюць, што Надзея прымала ўдзел у баі, у ходзе якога загінулі супрацоўнікі расейскай тэлекампаніі. Украінскі бок і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі патрабуюць вызваліць старэйшага лейтэнанта Надзею Саўчанку, настойваючы, што яе транспарціроўка ў Расею з тэрыторыі Ўкраіны незаконная і вельмі падобная на выкраданьне.

Расейскія ўлады спрабуюць растлумачыць, як Надзея Саўчанка, узятая ў палон ва Ўкраіне, трапіла ў Варонеж: паводле вэрсіі Сьледчага камітэту, Саўчанка прыбыла ў Расею сама, пад выглядам уцякачкі. Украінскі бок настойвае: лётчыцу, якая трапіла ў палон да сэпаратыстаў у Луганскай вобласьці, перадалі расейскім праваахоўным органам незаконна.

Фрагмэнт пляката МЗС Украіны ў падтрымку Надзеі Саўчанка
Фрагмэнт пляката МЗС Украіны ў падтрымку Надзеі Саўчанка

Раней прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка даручыў разабрацца, як менавіта Саўчанка апынулася на тэрыторыі Расеі, а ўкраінскае МЗС выказала пратэст РФ з гэтай нагоды.

33-гадовая штурман-апэратар верталёта МІ-24, якая раней служыла, у прыватнасьці, у Іраку ў складзе ўкраінскага міратворчага кантынгенту, трапіла ў палон да сэпаратыстаў пад горадам Шчасьце ў Луганскай вобласьці, дзе ваявала ў складзе дабравольніцкага спэцбатальёна «Айдар». У інтэрнэце быў распаўсюджаны відэазапіс з допытам лётчыцы.

Прызначаны Надзеі Саўчанцы расейскімі судовымі органамі адвакат Мікалай Шульжэнка ў сярэдзіне тыдня спрабаваў аспрэчыць у вышэйшай інстанцыі рашэньне Новаўсманскага раённага суда Варонежскай вобласьці, які выпісаў 9 ліпеня пастанову на арышт, але ў выніку арыштаваную пакінулі пад вартай. Пасяджэньне абласнога суда праходзіла ў закрытым рэжыме, без прысутнасьці прэсы, а сама Саўчанка ў гэты час знаходзілася ў варонежскім СІЗА. Пра пэрспэктывы справы адвакат Шульжэнка разважае туманна:

— Адвакатам Надзеі Саўчанкі я стаў, можна сказаць, выпадкова: я працую па прызначэньні. Паколькі ў Надзеі нікога тут няма, у Расеі, то і няма каму было заключаць зь ёй пагадненьне. Натуральна, яна нікога ня ведала з адвакатаў.

— Якая будзе стратэгія Вашай абароны?

— Стратэгія таксама мае дачыненьне да катэгорыі адвакацкай таямніцы. Стратэгія не прадугледжвае агалошваньня.

— Сьледчы камітэт Расеі сьцьвярджае, што Надзея Саўчанка прыбыла ў Расею пад выглядам уцякачкі. Міжнародныя арганізацыі сьцьвярджаюць, што яе незаконна вывезьлі з тэрыторыі Ўкраіны ў Расею, дзе абвінавачваюць у пасобніцтве ў забойстве. Вы неяк будзеце выкарыстоўваць гэтую несустыкоўку ў сваёй абароне?

— Мы яе ўжо выкарыстоўваем.

— Ці верыць яна ў расейскае правасудзьдзе? Або разумее, што гэта фарс?

— Пытаньне веры — гэта пытаньне абстрактнае. На гэтую тэму можна доўга разважаць, — лічыць адвакат Мікалай Шульжэнка.

Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Увечары ў пятніцу адвакат Майк Фейгін, вядомы сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыяй і ўдзелам у гучных палітычных працэсах (у прыватнасьці, у працэсе па справе Pussy Riot), паведаміў у сваім Twitter, што Надзея Саўчанка — яго падабаронная. Паведамляецца, што Фейгіна ў ліку некалькіх іншых адвакатаў прапанаваў сваякам Саўчанкі МЗС Украіны. Да сустрэчы з арыштаванай Фейгін адмовіўся камэнтаваць канкрэтныя аспэкты абвінавачваньня на яе адрас, аднак паабяцаў «усім украінцам» зрабіць усё магчымае, «каб Надзею выратаваць». Пра сваю тактыку абароны Марк Фейгін распавёў Радыё Свабода:

— Калі Вы спадзеяцеся ўбачыць сваю падабаронную?

— Ёсьць некаторая сума дзеяньняў, неабходных у такіх выпадках: трэба зарэгістраваць дамову, выпісаць ордэр, на падпісанае пагадненьне прастаўляецца пячатка ў калегіі. Ёсьць фармальныя дзеяньні, якія неабходныя для таго, каб аформіць хадайніцтва сьледзтва аб уступленьні ў справу. Дзесьці да сярэдзіны тыдня я пляную з гэтым управіцца.

— І потым адразу адправіцеся ў Варонеж?

— Так, вядома.

— Ці разумееце Вы хоць прыкладна, якой будзе Ваша лінія абароны?

— Для таго, каб паўнавартасна адказаць на гэтае пытаньне, неабходна, вядома, азнаёміцца з дакумэнтамі. Суд, які абіраў меру стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай для Саўчанкі, разьмешчаны ў Варонежы. Там паводле ордэру мне трэба атрымаць доступ да гэтых матэрыялаў. Звычайна ў судзе першай інстанцыі хадайніцтва сьледзтва падмацоўваецца нейкімі матэрыяламі справы, у мяне будзе тыдзень на азнаямленьне з гэтымі паперамі, тады можна будзе канчаткова сфармуляваць тактыку абароны.

— Вы цяпер разумееце, як Саўчанка апынулася ў Расеі, ці для Вас гэта няяснае пытаньне, гэтак жа, як і для многіх іншых?

— Для таго каб зразумець, трэба дэталёва пагутарыць зь ёй у СІЗА. Але зыходзячы з таго дапушчэньня, якое для ўсякага разумнага чалавека відавочнае, я лічу, што яе перадалі з рук на рукі з Луганска, узяўшы яе ў палон, прадстаўнікі Луганскай народнай рэспублікі — расейскім праваахоўным органам. Я зь цяжкасьцю сабе ўяўляю, каб яна добраахвотна перасекла мяжу з Расеяй ці яе затрымалі ў якасьці ўцякачкі дзесьці на памежным пункце, — гэта нешта зусім фантастычнае.

— Калі Ваша вэрсія дакладная, гэта парушэньне міжнароднага або расейскага ўнутранага права?

— Фактычна гэта крымінальнае злачынства — выкраданьне чалавека, артыкул 126 Крымінальнага кодэксу, і, наогул кажучы, трэба проста зразумець, хто зьдзейсьніў гэты ўчынак. Безумоўна, гэта парушэньне ўсіх міжнародных пагадненьняў і абавязацельстваў Расеі. Недапушчальна ў прынцыпе прыцягваць да крымінальнай адказнасьці чалавека, у дачыненьні да якога зьдзяйсьняецца такога кшталту злачынства. Зразумела, усе працэсуальныя дзеяньні, якія зьдзейсьненыя пасьля ўсталяваньня гэтага факту, абсалютна нікчэмныя — допыты, рашэньні судоў і гэтак далей, калі гэта мела месца. Цалкам відавочна, што трэба гэтыя акты правяраць.

— Сродкі масавай інфармацыі цытуюць ваша абяцаньне ўкраінцам зрабіць усё для таго, каб абараніць Надзею Саўчанку. Што Вы ўкладваеце ў гэтыя словы?

— На гэта ўскладаюць вялікія надзеі людзі, якія захапляюцца паводзінамі Надзеі. Наогул кажучы, калі я глядзеў відэазапіс — яна фактычна выйшла на вуліцу да людзей, якія хацелі яе расстраляць, паводзіць сябе мужна, верная прысязе — я падумаў пра тое, што такія паводзіны многіх украінцаў натхняюць на барацьбу ва ўмовах вайны, якая ідзе на паўднёвым усходзе. Мне таксама хацелася б неяк напоўніць іх упэўненасьцю, што ня ўсё страчана, што лёс яе цяпер ва ўсякім выпадку можа скласьціся лепш. Яна магла загінуць у Луганску, а цяпер шмат што залежыць і ад абароны таксама. Можа быць, не вырашальным чынам, але хоць бы ў нейкай ступені. Таму я паспрабаваў маральна падтрымаць Надзею ў гэтым сэнсе.

— Ёсьць прызначаны Надзеі Саўчанцы адвакат па прозьвішчы Шульжэнка, Вы будзеце разам зь ім працаваць?

— Ён прызначаны па артыкуле 51 — гэта так званы адвакат па прызначэньні, у нашым асяродзьдзі гэта называецца дзяржадвакат. У крымінальнай справе абавязаная прысутнічаць абарона, без паслуг адваката ня могуць ажыцьцяўляцца працэсуальныя дзеяньні. Па-першае, я яго ня ведаю, ня ведаю, што зроблена ім у якасьці прадстаўніка абароны. Зразумела, трэба зь ім размаўляць. Ці будзе ён заставацца ў справе, ці не, ці захоча гэтага сама Саўчанка — я ня ведаю, трэба размаўляць.

— Тэарэтычна гэта магчыма: каб працавалі Вы (ці яшчэ нейкія адвакаты) па запрашэньні блізкіх Надзеі — і дзяржаўны адвакат?

— Так, тут супярэчнасьцяў няма. Я ня бачу ў гэтым праблемы. Трэба проста зразумець, што і як. Ёсьць шэраг пытаньняў, на якія Шульжэнка, верагодна, можа дапамагчы адказаць. Напрыклад, Саўчанка ўжо два тыдні знаходзіцца ў СІЗА, а мы даведаліся пра гэта з СМІ толькі пару дзён таму. Трэба зразумець, як яна апынулася за кратамі, што зь ёй адбывалася два тыдні, можа быць, адвакат што-небудзь патлумачыць.

— У Вас ёсьць нейкае асабістае меркаваньне пра падзеі ва Ўкраіне, што Вы думаеце з гэтай нагоды?

— Цалкам відавочна, што тое, што адбылося ва Ўкраіне — гэта сьледзтва, з аднаго боку, імпэрскай палітыкі Расеі, а з другога, вядома, агульнага ўкраінскага хаосу. Тое, што тычыцца паўднёвага ўсходу — цяпер я ня маю на ўвазе Крым, — гэта, вядома, падобна на дзяржаўны пераварот, на сэпаратысцкі мяцеж, які цэнтральная кіеўская ўлада хоча здушыць, і мае на гэта ўсе правы. Зьяўляюцца падрабязнасьці дзейнасьці гэтых самазваных пірацкіх рэспублік, іх кіраўніцтва, ваеннага перш за ўсё. Выбачайце, апошнія факты расстрэлу за штаны і дзьве футболкі для мяне больш пераканаўчае сьведчаньне, чым усе лёзунгі і заклікі па тэлевізары. Калі мы маем справу з такім разуменьнем будучага сьвету гэтых двух абласьцей, яно мне ня блізкае.

Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

— Вас часам называюць палітычным адвакатам, у Вас ёсьць ярка выяўленая грамадзянская пазыцыя. Вашы нядобразычліўцы яшчэ ў той час, калі Вы працавалі з Pussy Riot, казалі, што адна з мэтаў Вашай працы — піярыцца на гучных палітычных працэсах. Пасьля таго, як Вы ў «Твітэры» пакінулі паведамленьне аб тым, што абараняеце Надзею Саўчанку, першы камэнтар быў прыкладна такім: «дзясятачку дадуць». Ці не баіцеся, што Ваша рэпутацыя можа перашкодзіць Саўчанцы атрымаць меншы тэрмін ці выйсьці з турмы наогул?

— Гэта не залежыць ад рэпутацыі адваката, там зусім іншыя фактары гуляюць. Безумоўна, з маім удзелам справа будзе палітызаваная, у гэтым няма ніякіх сумневаў, уласна, да гэтага і трэба імкнуцца. Мае перакананьні, мая мэтадалёгія у тым і складаюцца, што палітычныя справы і трэба называць палітычнымі, а не спрабаваць увільваць і адлюстроўваць дзеяньні закона. Навошта? Трэба казаць праўду. Гэта шмат каму непрыемна, таму што, па-першае, улада гэтаму максымальна процідзейнічае. Тыя, хто абвінавачваюць мяне ў самалюбаваньні, альбо цесна зьвязаныя з уладай, альбо падтрымліваюць яе пазыцыю ідэалягічна, альбо проста ненавідзяць такіх, як я. Можа быць, яны антысэміты, я ж ня ведаю. Тут праблема палягае ў тым, што мы жывем у аўтарытарным грамадзтве, і казаць пра свабоднае выказваньне меркаваньня не даводзіцца. Нават у інтэрнэце, які ў паразнаньні з падцэнзурнымі СМІ — абсалютна свабоднае асяродзьдзе, настроі фармуе ўлада, а ўлада такіх, як я, ненавідзіць. Іншае пытаньне, што ва ўмовах, калі няма суду як незалежнай канстытуцыйнай галіны ўлады, разьлічваць на тое, што такога кшталту дэфармаванае, трансфармаванае грамадзкае меркаваньне можа ўплываць на зыход справы — давайце абвінавацім адваката ў самапіяры, і такім чынам дадуць «дзясятачку» — гэта таксама сьмешна. Гэта ўсё ня больш чым прапагандысцкая пена, яна гэтак жа і ў дачыненьні да мяне дзейнічае, як і ў дачыненьні да Ўкраіны. Хіба можна спадзявацца на гэта ходкае меркаваньне? «Дзясятку» ёй дадуць не за Фейгіна, зусім па іншых прычынах, — перакананы адвакат Марк Фейгін.

Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

У суботу таксама стала вядома, што разам з Фейгіным Надзею Саўчанку будуць абараняць адвакаты Мікалай Полазаў і Ільля Новікаў.

Варонежскія праваабаронцы, якія раней паабяцалі сачыць за лёсам Надзеі Саўчанкі, пабывалі ў яе ў СІЗА. Па словах кіраўніка рэгіянальнай Грамадзка-назіральнай камісіі праваабарончай арганізацыі «Расея без катаваньняў» Анатоля Малахава, Надзея ў добрай фізычнай форме, скаргаў на ўтрыманьне і на стаўленьне супрацоўнікаў у яе няма. Яна папрасіла ў праваабаронцаў каву і цыгарэты, а таксама абутак і вопратку свайго памеру:

— Яна ўтрымліваецца адна ў чатырохмясцовай камэры з гарачай і халоднай вадой, у яе ёсьць жаночыя прыналежнасьці, мыла і ручнік. Камэра чыстая. Ізалятар адпавядае патрабаваньням эўрапейскай канвэнцыі. Закрыты санвузел, рукамыйніца. Літаратура ёсьць. Харчаваньне нармальнае.

— Як зь ёй абходзяцца?

— Калі б з чалавекам абыходзіліся дрэнна, яна была б зашуганая, забітая. Свабодна сябе паводзіць, размаўляе па-руску. На пытаньне, ці ўжываліся нейкія меры фізычнага ўзьдзеяньня або ціску, адказвае «не». Ніякіх скаргаў не было.

— Просьбы былі ў яе нейкія?

— Перадаць ёй каву і цыгарэты, вопратку і абутак па памеры.

— Які яе псыхалягічны стан?

— Быццам нармальны. Адзінае, што мяне насьцярожыла, калі я сказаў, што зьяўляюся сьвятаром лютэранскай царквы, яна — раз! — вочы зьдзіўленыя: «А хіба вас тут не забіваюць праваслаўныя?» Я кажу: «Ды не. Мы сумесна з праваслаўнымі хрысьціянамі канцэрты праводзім. Ёсьць міжканфэсійная рада турэмных служыцеляў». Яна таксама зьдзівілася, што мы, сябры назіральнай камісіі, свабодна заходзім у СІЗА.

У бліжэйшы час з Надзеяй павінен сустрэцца консул Украіны ў Маскве Генадзь Браскаленка, які знаходзіцца ў Варонежы.

Міністэрства юстыцыі Ўкраіны пачало падрыхтоўку звароту ў Раду Эўропы з патрабаваньнем прызнаць Надзею Саўчанку закладніцай, што дазволіць запатрабаваць яе выдачу з РФ. Саўчанка даволі добра вядомая ў сябе ў краіне: яшчэ да палітычнага крызісу ва Ўкраіне яна была героем некалькіх шоў і дакумэнтальных перадач пра узброеныя сілы.

Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Малодшая сястра лётчыцы, кіеўскі архітэктар Вера Саўчанка распавяла Радыё Свабода, што Надзея — вельмі моцны, трывалы і таленавіты чалавек:

— Надзеі 33 гады, я на два гады маладзейшая за яе. Мы нарадзіліся і вырасьлі ў Кіеве, хадзілі ў школу і дзіцячы садок, дзе гаварылі на мове (ўкраінскай мове). Калі Надзя была маленькая, яна была вельмі самастойная. Я заўсёды бегала за ёй хвосьцікам, і яна заўсёды мяне бараніла. Яна захацела стаць лётчыкам гадоў у 16, але для гэтага трэба было шмат адслужыць у арміі. Яе ваенная кар’ера пачалася з чыгуначных войскаў, потым яна перавялася ў дэсант, адтуль паехала зь міратворчай місіяй у Ірак. А па вяртаньні міністар даў ёй дазвол паступіць у Харкаўскі лётны інстытут.

— У якой сям’і вы вырасьлі?

— Тата скончыў аграрную акадэмію і працаваў інжынэрам па аграрнай сельскагаспадарчай тэхніцы. Мама паводле адукацыі мадэльер-канструктар. Цяпер я ўсё больш перажываю за Надзею. Я ведаю, што яна вельмі моцная. Яна вытрымае многае. Але маральная падтрымка з боку сваякоў, вядома, заўсёды дапамагае, і я б хацела зь ёй убачыцца.

Праваабаронца, сябра Маскоўскай Хельсынскай групы Валерый Баршчоў мяркуе, што вываз Надзеі Саўчанкі ў Расею вельмі падобны на выкраданьне:

— Зразумела, што ўся гэтая гісторыя выключна прапагандысцкага характару. Але гэтая прапаганда ператвараецца ў рэальнасьць, і гэтая рэальнасьць для Саўчанка мае пагрозу. Вядома ж, ніякіх падставаў захопліваць і перавозіць замежнага ваеннага ў іншую дзяржаву няма. Гэта, па сутнасьці, выкраданьне чалавека, і можа быць так расцэнена.

— Як будзе далей складвацца лёс Надзеі Саўчанкі?

— Я думаю, што яе бяруць у якасьці закладніка для нейкіх гульняў або дамоваў, як нейкі козыр для абмену. Я не магу ўявіць, як гэта могуць аформіць з прававога пункту гледжаньня. Думаю, што, хутчэй за ўсё, яе трымаюць як разьменную карту для будучых сытуацый.

Расейскія і замежныя журналісты таксама разважаюць пра далейшы лёс Надзеі Саўчанкі. Выданьне Los Angeles Times адзначае, што Расея, магчыма, хоча выкарыстоўваць Саўчанку для ціску на ўрад Парашэнка, паколькі нядаўнія посьпехі ўкраінскай арміі ў аднаўленьні кантролю над некаторымі апорнымі пунктамі сэпаратыстаў надалі Кіеву сьмеласьці адкінуць расейскія заклікі да новага перамір’я. У той жа час тэлеканал «Дождж» упэўнены, што Надзея Саўчанка, незалежна ад зыходу гісторыі, стане адным з галоўных сымбаляў вайны за Данбас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG