Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты заклікаюць урад спыніць спойваньне беларусаў


Актывісты грамадзкай кампаніі супраць алькагалізацыі насельніцтва Беларусі сустрэліся зь першым віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам і прапанавалі ўраду зрабіць тэрміновыя захады, каб спыніць наступ алькаголю ў грамадзтве.

Забарона рэклямы вядомых алькагольных брэндаў, вынас гандлю алькагольнай прадукцыяй з агульных заляў крамаў у асобныя памяшканьні, дзяржаўная падтрымка грамадзкім арганізацыям, якія дапамагаюць пазбавіцца ад алькагольнай залежнасьці. Гэтыя захады абароняць насельніцтва Беларусі ад далейшай алькагалізацыі, мяркуюць актывісты, якія сустрэліся зь першым віцэ-прэм’ерам беларускага ўраду Ўладзімерам Сямашкам.

Паводле актывісткі кампаніі «Абаронім нашых дзяцей ад алькаголю» Вольгі Кавальковай, першы віцэ-прэм’ер збольшага пагадзіўся з прапановамі актывістаў:

«Ён, праўда, скептычна паставіўся да дадзеных, што Беларусь займае першае месца ў сьвеце па спажываньні алькаголю — сказаў, што, мабыць, гэта ня так. Але пагадзіўся, што гэта праблема і яе трэба вырашаць. У прыватнасьці, спадар Сямашка пагадзіўся зь неабходнасьцю забароны рэклямы алькагольных брэндаў. Таксама пагадзіўся, што трэба на ільготных умовах выдзяляць памяшканьні для працы грамадзкіх арганізацыяў, якія займаюцца дапамогай людзям, што пакутуюць на алькагольную залежнасьць. Тым больш, што Савет міністраў год таму якраз гэта адмяніў. У выніку Ўладзімер Сямашка даў даручэньні разгледзець нашы прапановы міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу, міністру аховы здароўя Васілю Жарко і міністру гандлю Валянціну Чаканаву».

Паводле статыстыкі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, у Беларусі за год спажываюць у сярэднім па 17,5 літра алькаголю на чалавека — гэта ўсясьветны рэкорд. Адмыслоўцы і грамадзкія актывісты называюць сытуацыю катастрафічнай. Міністэрства аховы здароўя Беларусі лічыць, што спажываньне крыху меншае, і пагаджаецца на лічбе ў 15,5 літра. Актывіст грамадзкай ініцыятывы «Цьвярозае жыцьцё» Анатоль Астапенка мяркуе, што гэтая спрэчка неістотная:

Анатоль Астапенка
Анатоль Астапенка

«Так, усясьветныя адмыслоўцы карыстаюцца іншай мэтодыкай у параўнаньні зь беларускімі. Але якая розьніца? Або нешта мяняецца ад таго, 17,5 літра ці крыху меней за 16? Калі прызнана ва ўсім сьвеце, што 8 літраў — гэта ўзровень, пасьля якога наступае дэградацыя нацыі. І мы ўжо ўдвая перавысілі гэтую мяжу».

Анатоль Астапенка нагадаў, што ўжо некалькі гадоў на высокім дзяржаўным узроўні гучаць прамовы пра заклапочанасьць алькагалізацыяй насельніцтва, але зьменаў да лепшага ён ня бачыць. На думку актывіста, пад размовы чыноўнікаў павялічваецца выпуск моцных напояў, больш агрэсіўнай робіцца рэкляма алькагольнай прадукцыі, беларускае заканадаўства ў галіне абмежаваньня распаўсюду алькаголю адстае ад эўрапейскіх узораў.

На сустрэчы з Уладзімерам Сямашкам актывісты грамадзкай кампаніі «Абаронім нашых дзяцей ад алькаголю» апавялі чыноўніку пра 7 тысяч подпісаў, сабраных за прапановы аб спыненьні алькагалізацыі. Раней актывісты падалі заяўкі на правядзеньне ў гарадах Беларусі 100 пікетаў, каб пашырыць збор подпісаў. Але мясцовыя ўлады дазволілі толькі адзін — у Клічаве Магілёўскай вобласьці, дзе пражывае ня больш за 7 тысяч жыхароў. Чаму ў астатніх месцах лічаць, што грамадзян Беларусі гэтая праблема не зацікавіць? Сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі, які таксама ўдзельнічае ў кампаніі супроць алькагалізацыі, кажа пра агульны загад:

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

«Ня важна, за што вы спрабуеце пікетаваць: за свабодныя выбары ці за спыненьне алькагалізацыі. Стандарты адны і тыя ж — уціск грамадзкай актыўнасьці. Нібыта ўлады дэманструюць, што гатовыя пайсьці насустрач патрабаваньням аб дэалькагалізацыі, але не адважыліся нават на такі просты крок, як забарона рэклямы піва, што ёсьць нават у Расеі. Выходзіць, мы застаёмся ў хвасьце ўсёй плянэты».

Паводле актывісткі Вольгі Кавалько, інфармацыі пра тое, як МУС, Мінаховы здароўя і Мінгандаль выканалі даручэньне першага віцэ-прэм’ера разгледзець прапановы актывістаў і даць свае рэкамэндацыі, варта чакаць цягам 15 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG