Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія войскі, верагодна, затрымалі барысаўчанку, якая перадавала прывітаньне «Рыгоравічу» з акопаў пад Славянскам


Сайт uainfo.org апублікаваў здымкі захопленых снайпэраў, сярод якіх можна пазнаць барысаўчанку Натальлю Красоўскую.

Трое жанчын-баевікоў былі затрыманыя ўкраінскімі вайскоўцамі каля гары Карачун падчас антытэрарыстычнай апэрацыі. Спачатку ўкраінцы абвінавацілі жанчын у тым, што яны былі снайпэркамі. Яны гэтыя абвінавачваньні адкідаюць і сьцьвярджаюць, што займаліся "абслугоўваньнем" баевікоў.

Як заўважыла Наша Ніва, у цэнтры можа стаяць Натальля Красоўская, ураджэнка Барысава, якая фігуравала на адным з прапагандысцкіх відэа, зьнятых расейскімі журналістамі.

Інтэрвію з Натальляй пачынаецца пасьля 11 хвіліны відэа.

На пачатку чэрвеня барысаўчанка Натальля Красоўская распавяла, што ваюе ў ваколіцах Славянска, у вёсцы Сямёнаўцы на баку ўзброеных сэпаратыстаў.

Дзяўчына носіць камуфляжную форму з нашыўкай у выглядзе афіцыйнага дзяржаўнага сьцяга Беларусі і георгіеўскай стужкай. На рукаве яе формы напісана «РБ».

Наталя распавяла карэспандэнтам расейскай «Комсомольской правды», што на баку апалчэнцаў ёсьць яшчэ хлопцы і дзяўчаты зь Беларусі, паказала свой беларускі пашпарт, а таксама перадала прывітаньне сваім родным і прэзыдэнту Беларусі, якога дзяўчына называе «Рыгоравіч».

«Я прыехала, таму што часам бязьдзеяньне больш моташнае, чым дзеяньне. Мне надакучыла падтрымліваць апалчэньне праз інтэрнэт — «Укантакце» і «Фэйсбуку». Я прыехала сюды 5 траўня. А 7 траўня я была ўжо ў Славянску. Я нарадзілася ў Беларусі. Вырасла ў Беларусі. І да прыезду ў Славянск я жыла ў Беларусі, у Менскай вобласьці, горадзе Барысаў, на вуліцы Трусава. Я не баюся паказваць свой твар і пашпарт, таму што ў бок беларускай мяжы я паеду толькі тады, калі ўсе памежныя заставы будуць занятыя апалчэнцамі. У Сямёнаўцы я ўжо каля тыдня. Раней я была ў іншым атрадзе, але сюды зьбіралі добраахвотнікаў і я прыехала.

Хачу перадаць прывітаньне майму бацьку. Калі я вярнуся, мы вып’ем зь ім гарэлкі, як два мужыкі. Я хачу перадаць прывітаньне маёй маме і папрасіць яе мяне зразумець. Я хачу перадаць прывітаньне барысаўчанам і сказаць: «Вось я». Я хачу перадаць прывітаньне «бацьку» Рыгоравічу і сказаць: «Бацька, твае грамадзяне на гэтым баку. На ўсякі выпадак, каб ты ведаў, Рыгоравіч. Дзяўчыны, хлопцы — нас ніхто не адпраўляў, мы прыехалі сюды самі. Зь Беларусі тут не я адна. Я проста хачу, каб ты, Рыгоравіч, гэта ведаў», — сказала Натальля на камэру журналістам «Комсомольской правды».

Украінская пракуратура прызнала «Данецкую народную рэспубліку», за якую ваюе Натальля тэрарыстычнай арганізацыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG