Доктар мэдыцынскіх навук, прафэсар Гарадзенскага мэдунівэрсытэту Алесь Астроўскі пасьля 34 гадоў працы быў звольнены, нягледзячы на тое, што да пэнсіі яму застаецца два з паловай гады. Паводле афіцыйнага тлумачэньня, ён не прайшоў конкурс на замяшчэньне пасады прафэсара. Астроўскі быў адзіным выкладчыкам у Гарадзенскім мэдунівэрсытэце, які дагэтуль чытаў лекцыі па-беларуску.
— 34 гады працы ва ўнівэрсытэце, 20 зь іх — на пасадзе прафэсара, і раптам «не прайшоў конкурс на замяшчэньне пасады прафэсара». Гэта такі цяжкі конкурс, ці існуюць нейкія іншыя прычыны?
— Конкурс на маю пасаду — прафэсар мэдыцынскай біялёгіі і генэтыкі — абвяшчаецца 1 раз на 5 гадоў. Звычайна гэта фармальная працэдура, калі да чалавека няма прэтэнзіяў. А да мяне па працы не было ніякіх прэтэнзіяў. Акрамя таго, перад паседжаньнем вучонага савету ўнівэрсытэту адбылося галасаваньне на катэдры — усе за мяне прагаласавалі. Да ўсяго, ніхто іншы, акрамя мяне, на гэтую пасаду не прэтэндаваў. І таму я падазраю, што прычына крыецца ў маёй грамадзкай дзейнасьці.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Летась у кастрычніку я даў інтэрвію «Беларускаму партызану», у якім у пэўнай ступені пакрытыкаваў улады. Пасьля гэтага інтэрвію мяне выклікаў рэктар, спадар Сьняжыцкі, і запатрабаваў напісаць заяву аб звальненьні па ўласным жаданьні. Я адмовіўся і пакінуў ягоны кабінэт.
— А цяпер, звальняючы — усё ж 34 гады аддадзена ўнівэрсытэту, — нехта хоць падзякаваў за працу, паціснулі руку?
— Мяне таксама гэта ўсё зьдзівіла, бо ўсё ж 34 гады я выкладаў ва ўнівэрсытэце, а да гэтага яшчэ 6 гадоў тут адвучыўся. Ну і што? Тэлефануе мне сакратарка з аддзелу кадраў, прычым нейкая новая, і праз тэлефон кажа некалькі фразаў: вы не прайшлі па конкурсе і звольнены, і прыйдзіце і забярыце працоўную кніжку. На гэтым усё. Як кажуць, гэта стыль нашага кіраўніцтва, і ён сьведчыць і пра агульны ўзровень культуры, і пра сытуацыю, у якой мы ўсе знаходзімся з такім вось кіраўніцтвам.
— А як да гэтага паставіліся вашы калегі?
— Былі спробы маіх калегаў зьбіраць подпісы пад зваротам, але я параіў ім гэтага не рабіць, каб не падстаўляцца.
— Як ужо падлічылі журналісты, вы восьмы выкладчык ВНУ, якога звальняюць у Горадні. Гэта нейкая тэндэнцыя ці нешта іншае?
Тое, што зрабілі са мной, — гэта частка нейкае сыстэмы, нейкага сьпісу выключэньня патрыятычна настроеных выкладчыкаў
— Мала таго, звольненых выкладчыкаў я ведаю як самых прыстойных, годных, як самых цікавых і глыбокіх, як самых сумленных і шчырых. І тое, што зрабілі і са мной, — гэта частка нейкае сыстэмы, нейкага сьпісу выключэньня выкладчыкаў патрыятычна настроеных, якія не адпавядаюць інтарэсам гэтае сыстэмы, у якой зусім іншыя задачы. Цікава, ці ня робяць гэта спэцслужбы Расейскай імпэрыі, каб падрыхтаваць глебу для будучай анэксіі? Бо гэта цалкам нагадвае тэхналёгію падрыхтоўкі краіны да будучай анэксіі.
— «Сыстэма не шкадуе ня толькі тых, хто хоча гаварыць і рабіць так, як думае. Ад гэтага церпяць і малыя дзеткі — у вас іх трое...»
— Наймалодшы пойдзе толькі ў першую клясу — Васілёк. Ну, ня думаюць яны пра гэта, але я нават і не хачу ўжо ўзгадваць, ня людзкая гэта сыстэма, што зробіш. Усе гэтыя размовы, што за 3 гады да пэнсіі не звальняюць... Мяне звольнілі за два з паловай гады. Што выкладчыкі, якія адпрацавалі 30 гадоў, маюць права пайсьці на датэрміновую пэнсію — чуткі. Дапамога сацыяльная на біржы працы складае 300 рублёў. Па сёньняшнім курсе гэта меней за даляр у дзень на маю сям’ю, я яе, відаць, браць ня буду. А ў мяне сям’я шматдзетная, і ўсе трое дзетак малыя.
— Алесь, вы адзіны выкладчык у мэдунівэрсытэце, хто чытаў лекцыі па-беларуску. Як лічыце — гэта пакінула нейкі сьлед у душах вашых студэнтаў?
Мова ніколі не перашкаджала... Да нас у групу прасіліся займацца студэнты з арабскіх краінаў, азіяцкіх
— Акрамя лекцыяў, у мяне і сэмінары на беларускай мове праводзіліся, мэтадычкі, дысэртацыю я абараніў па-беларуску. Мова ніколі не перашкаджала. Калі я пачынаў чытаць лекцыі, то тлумачыў, якая мова павінна быць на беларускай зямлі, тлумачыў, што гэта не бытавая праблема, а праблема лёсу народа. І студэнты гэта ўсё разумеюць, ніводнага разу не было ніякіх праблемаў. Акрамя таго, да нас у групу прасіліся займацца студэнты з арабскіх краінаў, азіяцкіх. Яны стараліся з усіх сіл, і зь іх боку не было ніякіх прэтэнзіяў, бо яны ведалі, што так і павінна быць.
— Пра што б мы ні гаварылі, але 34 гады жыцьця выкладчыка раптам перапыненыя, трэба жыць нечым іншым. А як?
— Я калі паступаў на працу ў мэдыцынскі ўнівэрсытэт, найвялікшай каштоўнасьцю для мяне была магчымасьць займацца навукай. Навука — гэта мая любоў і мая мара і надалей. А з гадамі, калі назапасіўся вопыт, то сваю працу я пачаў успрымаць як місію. Праўда, у мяне заўсёды былі і мары, і, магчыма, цяпер для іх адкрыўся шанец. І я спрабую падтрымліваць у сабе гэты агеньчык, што раптам гэта мой шанец на новае жыцьцё.
— Я бачу, вы забралі з унівэрсытэту нейкіх рыбак — гэта проста ваша хобі ці ўсё ж любоў, якую вы называеце навукай?
— Ну вось тое, што я атрымаў на катэдры шмат рыбак, — гэта адзін з праектаў распрацоўкі мадэлі, якая б дазваляла ацэньваць аб’ектыўную якасьць вады. Якасьць вады — гэта вялікая праблема ў наш час. А я, да прыкладу, правёўшы дасьледаваньні, буду ведаць, зь якога крана лепей браць ваду ці зь якой крыніцы. Ну, гэта толькі адзін з праектаў...
— І ўсё ж, чым зьбіраецеся заняцца ўжо бліжэйшым часам?
— Натуральна, шукаць працы, бо першае пытаньне — патрэбныя грошы, каб жыць. А калі зьявяцца нейкія варыянты прапаноў, то пачну выбіраць.