Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Румбуціс: Я ў захапленьні ад беларускай мовы!


Людас Румбуціс
Людас Румбуціс



На чэмпіянаце сьвету ў Бразыліі — першы дзённы перапынак за два тыдні мундыялю.

Па выніках групавога турніру вызначыліся 16 лепшых камандаў, якія згуляюць у 1\8 фіналу, яшчэ столькі ж выправіліся дадому. У ліку няўдачнікаў — прызнаныя гранды футболу: зрынутая з чэмпіёнскага пасаду Гішпанія, колішнія чэмпіёны сьвету Італія і Англія, аўтарытэтныя Партугалія і Харватыя. Сваімі ўражаньнямі ад убачанага дзеліцца вядомы футбольны спэцыяліст, чэмпіён СССР у складзе менскага «Дынама», трэнэр клюбных і зборных камандаў Людас Румбуціс.

— Людас, пытаньне банальнае: што пад экватар чэмпіянату ўразіла і што расчаравала?

— Што надзвычай уразіла, дык гэта багацьце галоў. Калі на папярэднім першынстве ў 2010-м у Паўднёвай Афрыцы за гульню забівалі ў сярэднім дзесьці 2,3 гола, то зараз — ажно 3. Вось як добра форвардам забіваецца і як гледачам клясна гэта глядзець. Далей — што расчаравала. Найперш тое, што масава вылятаюць эўрапейцы. Гэта, вядома, сумна. Хто тут урэшце застаецца? Галяндцы, французы, немцы, бэльгійцы, грэкі. Хоць Грэцыя — гэта асобная песьня, само па сабе непаразуменьне, што яны далей прайшлі. Дзеля справядлівасьці, можна было чакаць, што на тым кантынэнце менавіта так усё і будзе адбывацца — усё ж зусім іншыя кліматычныя ўмовы; зноў жа, розныя часавыя паясы. У той жа Мэксыцы калі гулялі ў 1986 годзе, у тых жа Штатах калі чэмпіянат праходзіў у 1994-м, эўрапейцам таксама было гуляць вельмі складана.

— Іншымі словамі, шанцы ў амэрыканскіх камандаў на гэты чэмпіянат аб’ектыўна вышэйшыя?

— Вядома. Гледзячы на тое, як цяпер усё расклалася, скажу, што вельмі нядрэнна разганяецца Бразылія. Калі дзьве гульні ў іх ішлі з такой натугай, то на трэцяй ужо пачалі накочваць. Я падчас адной з тэлетрансьляцыяў казаў: такое адчуваньне, што кожны футбаліст зборнай Бразыліі хоча стаць чэмпіёнам сьвету паасобку; ён мусіць паказаць, як умее адабраць, абгуляць, забіць і, што называецца, пакланіцца публіцы. А вось ужо ў трэцяй гульні каманда гуляла пэўна лепш — у тым пляне, што калектыўна. То бок неяк у іх нарэшце вымалёўваюцца абавязаньні: хто абараняецца, хто атакуе, хто страхуе — калектыў зьяўляецца. А да гэтага проста быў набор з 11 гульцоў. Тое ж самае, на жаль, і з Аргентынай адбываецца. Паводле статыстыкі, найбольш атакаў правяла менавіта Аргентына — па 16–18 было атакаў, да апошняга па гэтым паказьніку ішлі наперадзе, толькі ў канцы іх абышлі французы. Але, як можам пераканацца, эфэктыўнасьць такога дасягненьня досыць сьціплая. Таму ўсё тут непрадказальна. Прыкладам, хто разьлічваў, што Калюмбія ці Коста-Рыка так стрэляць? Думаю, нямногія. Хоць я і ня веру, што яны далёка пройдуць — гэтаксама, як каманды Мэксыкі або Чылі.

— Сярод эўрапейскіх камандаў, якія дачасна разьвіталіся з мундыялем, і адзіны экс-савецкі прадстаўнік — зборная Расеі. Як вы ацэньваеце працу самага высокааплатнага трэнэра сярод усіх трэнэраў зборных, італьянца Фабіё Капэлы?

— Ды нічога каманда не паказала, якія тут могуць быць адзнакі? Зборная Расеі — гэта фактычна тое ж самае, што і зборная Грэцыі. Непаразуменьне. То бок нічога загадзя не зразумела. Калі «праплывае»

Зборная Расеі — гэта фактычна тое ж самае, што і зборная Грэцыі. Непаразуменьне

кудысьці далей, то ўсе доўга зьдзіўляюцца: за кошт чаго? Па-першае, у іх няма джокера ў сярэдняй лініі, якім быў Шырокаў. Яго цяпер няма, і там усё досыць прадказальна. Па-другое, калі зь фізычнай падрыхтоўкай яшчэ больш-менш, то з тэхнікай праблемы, кульгае гульня па флянгах. Колькі той жа Самедаў па краях праходзіць, а перадачу ня можа аддаць, няма апошняга паса. Какорын нібыта стараецца, варушыцца, моманты ўзьнікаюць, але падчас гульні з Бэльгіяй не забіць галавой з 10 мэтраў — гэта проста невытлумачальна. Хочаш нешта выйграць — мусіш забіваць. Апрыёры яны павінны былі абгуляць Альжыр, але калі гуляць гэтаксама, як і са зборнай Паўднёвай Карэі, то як можна Альжыр адолець? Таму нічога звышнатуральнага я ня ўбачыў. Вельмі сярэдняя каманда, якая ня здолела выйсьці нават з такой адпачатку прахадной групы.

— У беларускім грамадзтве шырока абмяркоўваецца ўжываньне слова «нашы» адносна расейскай зборнай. Распаліў жарсьці, сярод іншага, футбольны трэнэр Анатоль Байдачны, які выказаў шчырае зьдзіўленьне — маўляў, ёсьць беларусы, якія чамусьці супраць Расеі.

— Кожны заўзее за таго, за каго лічыць патрэбным. Дапусьцім, калі быў у Менску хакейны чэмпіянат сьвету, я сам ведаю, многія беларусы перажывалі за швэдаў, за фінаў, за латышоў. І пры гэтым за Расею не заўзелі зусім. Ну, гэта як у выпадку, калі на смак і колер сяброў не выбіраюць. Хоць, падыходзячы зь іншага боку, — браты-славяне: няма больш у Бразыліі нікога — ні беларусаў, ні ўкраінцаў, нікога іншага з прасторы былога СССР. У гэтым сэнсе Расея для мяне таксама ўяўляе пэўную цікавасьць. Байдачны ня толькі пра гэта гаварыў, гаварыў і іншае. Але гэта ягоная думка. Са сваёй званіцы ён разважае правільна — ён жа з Расеі сам, магчыма, такое стаўленьне яго неяк і абурае. Тым ня меней яшчэ раз кажу: тут гвалтам нікому мілы ня будзеш, кожны сам і без парадаў разьбярэцца, каго яму падтрымліваць. У мяне, дапусьцім, адзін знаёмы, былы спартовец, фанат «Лівэрпуля». І ён сочыць за чэмпіянатам сьвету таму, што там выступаюць гульцы зь «Лівэрпуля». Вось і ўсё, іншай каманды ў яго папросту няма, ён сочыць за асобнымі гульцамі. Яшчэ прыклад: у мяне быў знаёмы немец, вельмі любіў футбол. Але толькі пакуль гуляла «Дынама» (Дрэздэн). Як яны сталі вылятаць у трэці дывізіён, ён увогуле перастаў на футбол хадзіць. Так што хтосьці за галяндцаў, хтосьці за гішпанцаў заўзеў. На Расеі сьвет клінам не сышоўся.

— Людас, многія былыя і цяперашнія футбалісты наракаюць на якасьць тэлевізійных рэпартажаў і папросту выключаюць гук тэлевізара, каб не адцягваць увагу на непатрэбныя разважаньні камэнтатараў. Як у вашым выпадку? І як успрымаеце запрашэньні ад таго ж Уладзімера Навіцкага сумесна паназіраць са студыі за падзеямі на полі?

— Ну, гледзячы хто камэнтуе. Але сапраўды часта здараецца, што я гляджу трансьляцыі бяз гуку. Супольна з Уладзімерам Навіцкім камэнтаваць мне самому цікава ў тым пляне, што ён вельмі сур’ёзна

вельмі падабаецца, як Павал Баранаў камэнтуе — найперш у тым разрэзе, што на беларускай мове, па-беларуску

рыхтуецца да матчаў, у яго заўсёды інфармацыі вышэй за дах. Думаю, з прафэсійнага пункту гледжаньня, калі побач з камэнтатарам сядзіць чалавек-прафэсіянал, інфармацыя да гледача выходзіць паўнейшая. Вядома, пры ўмове, каб правільна ўсё падаваць і прафэсійна ацэньваць спэцыфічныя рэчы. Таксама вельмі падабаецца, як Павал Баранаў камэнтуе — найперш у тым разрэзе, што на беларускай мове, па-беларуску. Надзвычай падабаецца. Хачу сказаць, што мяне ўвогуле беларуская мова захапляе. Нават калі хтосьці па-беларуску гаворыць, я сам спрабую прынамсі хоць некалькі словаў на беларускай мове сказаць.

— Падчас адной з трансьляцыяў спадар Навіцкі, мабыць, ведаючы ваша стаўленьне да беларускай мовы, некалькі фразаў па-беларуску кінуў. Не дзяліўся ў кулюарах, чаму перастаў камэнтаваць на роднай мове?

— Ён патлумачыў так: для таго, маўляў, каб я зноў пачаў камэнтаваць па-беларуску, мне трэба, тыпу, размаўляць і адмыслова рыхтавацца да гэтага. У іншым выпадку будуць памылкі, будуць непрыгожыя моманты. Маўляў, хто разумее, хто добра ведае беларускую мову, пачнуць папракаць: ну, зноў касяк тут, касяк там. Хоць ня думаю, што там ужо так усё запушчана. Я ж ведаю, што раней ён цудоўна вёў рэпартажы на беларускай мове, і не магу зразумець, чаму не вядзе цяпер. А мне сур’ёзна вельмі падабаецца беларуская мова. Гэта цудоўна, што ваша радыё гаворыць па-беларуску.

— Вазьмуся ўявіць, што не чужыя вам літоўскія камэнтатары вядуць рэпартажы па-літоўску, а на БТ — адзін Павал Баранаў. Пара казаць пра моўную дэградацыю... Ці, можа, дыскрымінацыю?

— Так, у Літве ўсе рэпартажы — толькі на літоўскай. Я сам зь сябе сьмяяўся, хоць, можа, тут зусім не да сьмеху. Калі пры канцы 1975 году мяне запрашалі ў менскае «Дынама», я ўпёрся — не паеду. Мне кажуць: ты што, зусім хворы? «Жальгірыс» гуляе ў другой лізе, «Дынама» выйшла ў вышэйшую. Я шчыра зьдзіўляюся: як я зь імі ў Беларусі буду размаўляць, там жа беларуская мова? Мяне супакоілі — не баісь, хлопец, там усе гавораць па-расейску. Я прыехаў і быў у стане шоку: у Менску практычна ніхто не размаўляў на беларускай мове! Хоць я перакананы, што сваю мову трэба ведаць на 100%. І калі нават яна забываецца, трэба нейкім спосабам яе падтрымліваць, каб ты родную мову ведаў. Чаму беларусы абыякавыя да мовы — ня ведаю. Асабіста мне яна вельмі падабаецца, беларуская мова якраз з катэгорыі вельмі прыгожых моваў.

— У вас няма штодзённай практыкі кантактаваньня на літоўскай, родная мова не забываецца?

— У мяне быў момант, які ў літаральным сэнсе прывёў мяне ў жах. Я тады працаваў другім трэнэрам у нацыянальнай зборнай Літвы, і мы паехалі на Кіпр на міжнародны турнір. Да мяне гульцы па нейкай патрэбе зьвяртаюцца, а я пачынаю думаць, як сказаць, пачынаю з расейскай перакладаць на літоўскую! Я быў у жаху, бо для мяне самога гэта стала адкрыцьцём. Але пасьля гэтага так атрымалася, што ад 2008 году я пачаў працаваць зь менскай камандай МТЗ-РІПО літоўскага бізнэсоўца Раманава, у якой таксама былі літоўцы. І я зь імі кантактаваў выключна па-літоўску. Цяпер я вельмі шмат чытаю на літоўскай мове і аўтаматычна яе падтрымліваю на належным узроўні. Бо калі чытаеш і разумееш — гэта добра. Хоць таксама быў момант: чытаю і не магу зразумець, што я па-літоўску прачытаў. Можаш уявіць мой стан? Я другі, трэці раз чытаў, пакуль ня мог зразумець. Цяпер праблемаў няма, зусім. Мова вярнулася цалкам, за тыя пару гадоў, што я пастаянна кантактаваў зь літоўцамі. А была праблема, так.

— Людас, як былы спартовец і трэнэр: чаго не хапае камандзе Беларусі, каб у якасьці ўдзельніка трапіць на сьвята футболу?

— Не хапае на кожнай лініі па адным добрым выканаўцы. І асабліва не хапае людзей наперадзе: калі абарона ёсьць, варатары ёсьць, паўабарона — сяк-так, але ёсьць, то на лініі атакі — проста бяда. Адзін толькі Радзівонаў ды з нацяжкай Карніленка, які цяпер у Расеі не на вядучых ролях. А без нападнікаў гуляць немагчыма. У прынцыпе, каманда пры Георгію Кандрацьеву пасьля Штанге ўжо цалкам абнавілася. Тады склалася сытуацыя, што дагульвалі Кульчы, іншыя футбалісты ў добрым веку. А цяпер каманда ўжо згуляная, і бліжэйшы цыкль да чэмпіянату Эўропы павінен быць якраз яе цыклем. Я ўсё ж спадзяюся, што і Радзівонаў, і Карніленка будуць у парадку да пачатку адборачных гульняў, а таксама дзесьці будзе спадарожнічаць удача. Нам такая ж удача патрэбная, як Коста-Рыцы, Уругваю, калі там на сутаргавых нагах Суарэс забіваў італьянцам. У прынцыпе, у новы фармат пад 24 каманды мы можам трапіць. Але дзеля гэтага, з аднаго боку, трэба шмат зрабіць, само зьверху нічога ня зваліцца. Зь іншага — трэба вельмі моцна жадаць. Магчыма, прыклад некаторых камандаў на мундыялі стане ў добрым сэнсе «заразным».

_________________________________________

Людас Румбуціс нарадзіўся ў 1955 годзе ў літоўскім горадзе Цяльшай. Выхаванец мясцовай дзіцяча-юнацкай спартовай школы. У 19 гадоў дэбютаваў за віленскі «Жальгірыс», які выступаў у другой лізе чэмпіянату СССР. У 1975-м прыехаў на прагляд у менскае «Дынама», якое дало магчымасьць замест службы ў войску гуляць у футбол. Спачатку гуляў у дублі, але ўжо праз год быў пераведзены ў асноўны склад каманды. Гульнявое амплюа — паўабаронца. Майстар спорту.

З «Дынама» зьвязаныя ўсе сур’ёзныя дасягненьні — чэмпіён СССР 1982 году, бронзавы прызэр усесаюзнага першынства-1983. Кар’еру футбаліста завяршыў у 1986 годзе. Працаваў галоўным трэнэрам у менскіх клюбах «Смена», «Дынама-93», МТЗ-РІПО, «Партызан», берасьцейскім «Дынама», бабруйскай «Белшыне», ждановіцкай «Дарыдзе», «Маладэчне», гендырэктарам у сталічным «Дынама». Апроч таго, быў другім трэнэрам нацыянальнай зборнай Літвы, а таксама асыстэнтам галоўнага трэнэра пры падрыхтоўцы да матчаў нацыянальнай каманды Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG