Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Кашапараў: Гусьляроў непадкупных сёньня амаль няма


Анатоль Кашапараў
Анатоль Кашапараў

Заслужаны артыст Беларусі, залаты голас легендарных «Песьняроў» Анатоль Кашапараў вярнуўся на радзіму з ЗША, дзе пражыў апошнія дванаццаць гадоў. Пра тое, чым ён займаўся за акіянам і якой бачыць сваю будучыню, сьпявак пагадзіўся расказаць у «Вольнай студыі».

— Анатоль, чым і дзе вы цяпер займаецеся?

— Цяпер я жыву ў Менску, але часьцей бываю ў Маскве, дзе ў нас канцэрты, запісы на тэлебачаньні. Трэба сказаць, што расейцы памятаюць і па-ранейшаму любяць «Песьняроў». А чалавек я адсюль. Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. А можа, і ня вельмі прыгадзіўся, ня ведаю. Мы цяпер выступаем часьцей зь Леанідам Барткевічам. Працуем, пішам шмат чаго новага. Паглядзім, што будзе далей. Але пакуль усё добра — канцэрты ідуць, залі запоўненыя. Дзе плацяць туды і едзем. Ня вельмі мне гэта падабаецца, але ж не адмаўляемся. Працуем і на карпаратывах, і ў вялікіх залях. Напрыклад, нядаўна ў Краснадарскім краі выступалі — вельмі задаволеныя ўсе, ад моладзі да старэйшага пакаленьня.

— А ў Менску дзе жывяце?

— У сяброў. Я ў Менску, сваім родным горадзе, ня маю нават кватэры. Я ніколі не прасіў, калі быў на піку папулярнасьці. Шмат гадоў мы працавалі на Беларусь. Тры канцэрты ў дзень для нас было як адпачынак, а было і па пяць-шэсьць. А сёньня ў высокія кабінэты ня вельмі і пускаюць. Усе чыноўнікі сядзяць новыя, маладзейшыя. Як быццам яны табе і рады дапамагчы, але такое ўражаньне, што найперш трымаюцца за свае крэслы, баяцца, каб іх ня скінулі. Не пра ўсіх такое скажу. Да некаторых заходзіш — міла сустракаюць, дапамагаюць. Але большасьць сядзяць — як заскарузлыя грыбы.

— Старых «Песьняроў» нібыта любіць слухаць Аляксандар Лукашэнка. Вы б да яго зьвярнуліся.

— Ён нават плакаў, калі хавалі Мулявіна. Для мяне гэта — вялікая адзнака. Можа, і давядзецца зьвярнуцца. Мы неяк усё адкладваем на будучыню, а будучыня — яна ўжо тут, і заўтра яе можа ня быць. Мяне бярэ крыўда вось за што. Сёньня, калі я ў Менску пішу новую песню, то мушу плаціць за гэта вялікія грошы, за адну песьню да дзьвюх тысячаў даляраў. А Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песьняры» сядзіць на ўсім гатовым. Мы на гэты брэнд працавалі трыццаць гадоў, я сам больш за дваццаць гадоў аддаў. А яны ўсё атрымалі бясплатна — і памяшканьне, і студыю, тварыце, сачыняйце. Гэта вельмі крыўдна. Я не магу зразумець, чаму так адбываецца?

Думаю, што трэба адчыняць беларускія школы,
у Менску —
беларускамоўны ўнівэрсытэт

— А якая сытуацыя ў другога «песьняра», вашага калегі? Леанід Барткевіч у Менску таксама на птушыных правах?

— Таксама. Але мы зь ім многа працуем, залі поўныя, людзі ўстаюць у канцы. Прычым, я заўважыў, перад пачаткам канцэрту людзі часам пытаюцца адзін у аднаго: а які склад «Песьняроў» будзе? Іх жа пяць ці шэсьць. А калі выходзім мы зь Леанідам, кідаюцца нас абдымаць, цалаваць — усё ў парадку.

— Днямі я глядзеў перадачу з вамі на канале «Настальгія». Дык вядоўца прызнаўся, што калісьці ўвесь Савецкі Саюз па песьнях «Песьняроў» вучыў беларускую мову. А сёньня вам беларускай мовы ў Беларусі хапае?

— Месцамі бракуе. Хай будзе больш — я толькі за гэта. «Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая, чаму так горка, не магу я зразумець...» — паглядзіце, як лёгка, мякка гучыць, усе словы да сэрца даходзяць. Беларуская мова — пяшчотная, даступная, усе яе разумеюць. Думаю, што трэба адчыняць беларускія школы, у Менску — беларускамоўны ўнівэрсытэт. Я — «за», рукамі і нагамі. Так павінна быць. Многім падабаецца беларуская мова. Чаму не? І хай у тых школах, у тым унівэрсытэце вучацца ўсе, хто хоча. Але ня трэба туды нікога цягнуць на ашыйніку. Я сам з задавальненьнем пайшоў бы ў той унівэрсытэт. У ЗША людзі і ў 75 гадоў вучацца, і іх пасьля бяруць на працу.

— «Песьняры» распаліся пры жывым Мулявіне. Хто ў гэтым быў зацікаўлены?

Сёньня для замежжа БДА «Песьняры» — проста сьмешны калектыў. Усе хочуць пачуць старых «Песьняроў»

— Я вельмі добра ведаю тую сытуацыю. Быў такі міністар культуры Сасноўскі, быў такі яго намесьнік Рылатка. Яны хацелі даказаць, што яны мацнейшыя за Мулявіна, які ўсё сваё жыцьцё аддаў на тое, каб ва ўсім сьвеце ведалі пра Беларусь, пра «Песьняроў». Той жа Рылатка ў раньні пэрыяд Мулявіну быў лепшым сябрам, у застольлях у дружбе кляўся. Што потым зь ім зрабілася, я ня ведаю. Сёньня для замежжа БДА «Песьняры» — проста сьмешны калектыў. Усе хочуць пачуць старых «Песьняроў», з залатога складу. А сёньня нават тыя, хто перацягваў нам апаратуру, парабіліся песьнярамі! І вось што яшчэ адбываецца. БДА ўсюды, дзе мы зь Леанідам працуем, высылае паперы, дзе тлумачыць, што мы ня маем ніякага дачыненьня да «Песьняроў». Гэта мы — Кашапараў і Барткевіч! Відаць, БДА няма больш чым займацца. Сядзяць у кабінэтах і пішуць... Іх жа трыццаць чатыры чалавекі! Каб мне далі пакой і студыю, мне для працы хапіла б чалавек пяць.

— У Вікіпэдыі ў артыкуле пра вас асобным радком пазначана: вядомы як выканаўца «Волагды». Прыліпла яна да вас, як лазьневы ліст.

— Так, цяпер, яшчэ канцэрт не пачаўся, крычаць: «„Волагду“ давай!»

— Вам гэта не надакучыла?

— Не, не надакучыла. Сьпяваем, і ўсё. «Волагда» — не найгоршая песьня з тых, што мне давялося сьпяваць.

— А якую песьню вы лічыце найлепшай у сваім рэпэртуары?

— Гэта найперш мулявінская песьня «Не глядзі на мяне», тая ж «Спадчына». Мне іх і сёньня прыемна выконваць. Мне заўсёды падабаліся такія песьні, як «Перапёлачка», кампазыцыя «Песьня пра долю» — на вершы Янкі Купалы. Там столькі мулявінскіх мэлёдый, столькі песень можна было зрабіць! «Песьня пра долю» — самая каштоўная мая праца. Я там добра сябе праявіў.

— Мулявін, працуючы над беларускімі народнымі песьнямі, прыслухоўваўся да вас? Вы ж з Барткевічам — беларусы, а ён з Уралу прыехаў. Адкуль у ім было гэткае фэнамэнальнае вычуваньне беларускай песьні?

— Апошняе слова заўсёды было за Мулявіным. Як гэта кажуць — без каманды войска гіне? Так і ў нас было, Уладзімера Георгіевіча слухаліся. Ён жа нават не закончыў вучэльні па клясе гітары, але ж граў — канец сьвету. Гэта ўсё да яго, я лічу, з космасу прыходзіла. Акадэмічная навука яго магла сапсаваць. А так мы да гэтай пары граем у мулявінскай аранжыроўцы і «Ой рана на Йвана», і «Александрыну». Мулявін з захапленьнем слухаў беларускія харавыя сьпевы — і Цітовіча, і Шырму. Мы езьдзілі на Палесьсе, з бабулямі сьпявалі. Пляшачку на стол, і бабулі павялі. Мы гэта ўсё запісвалі. Мулявін са сьлязамі на вачах тых бабулек слухаў. Яму душу прабіла ўсё наша, беларускае, і ён стаў шчырым беларусам. Хто да яго ўзяў беларускую песьню і вынес на ўвесь сьвет? І сёньня, калі я сустракаюся ў Амэрыцы зь людзьмі з былых савецкіх рэспублік, з Казахстану, напрыклад, яны ўсе нашы беларускія песьні ведаюць — з «песьняроўскага» рэпэртуару. Памятаюць наш калектыў 70-80-х гадоў.

— У «Гусьляры» вы выконвалі арыю Князя: «Запяеш да душы, дасі ўцехі гасьцям — поўны гусьлі насыплю дукатаў». А Гусьляр адказвае: «Гусьлям, княжа, не пішуць законаў». У адносінах «мастак — улада» вам блізкі купалаўскі Гусьляр?

— На зьдзіўленьне — так. Праўда, гусьляроў непадкупных цяпер вельмі мала засталося. Іх амаль няма. Гэта вельмі сур’ёзная тэма, і я раней ставіўся да яе легкадумна. Бывала, пакладуць перад табой тэкст — прасьпяваў і забыўся. А там чалавек нарадзіўся на крыжы і памёр на крыжы — была ў нас такая дэкарацыя. І дзіўна, што словы Купалы, напісаныя сто гадоў таму, актуальныя і сёньня, і будуць актуальнымі яшчэ праз сто гадоў. У песьню можна ўкласьці столькі сэнсу!

— Ці глядзелі вы нядаўні конкурс Эўрабачаньня? Як вам пераможца Канчыта Вурст?

— У мяне адчуваньне, што чалавечая гісторыя заканчваецца, і мы знаходзімся на мяжы нечага дзікага. Мне страшна глядзець на гэтую барадатую істоту. Напалову жанчына, напалову мужык. Мяне і цяпер ажно трасе, як толькі пагляджу на яе (яго?). Я лічу, што ў кожнай песьні павінна быць свая драматургія. Як выбіраў творы Мулявін — ён глядзеў паэзію, музыку, гармонію, і ў мяне гэта засталося ад яго. Мулявін стварыў унікальны калектыў, мы сабраліся ў адным месцы ў адзін час і рабілі сваю справу. І будзем далей рабіць — тыя асколкі, што разьляцеліся ад яго, а ня тыя калектывы, якія перасьпеўваюць тое, што зроблена сорак гадоў таму.

— Неяк маім госьцем быў Зьміцер Яўтуховіч, дык ён расказваў, што ў ЗША яму даводзіцца выступаць па расейскіх асяродках з «Кацюшай». А ці выступалі ў Амэрыцы вы? З такім голасам не сьпяваць — грэх.

— Зь Дзімам мы даўно сябруем. Ён — шустры хлапчук. Там ён працуе ў такіх расейскамоўных «садках» для пэнсіянэраў. Яны там глядзяць фільмы, сьпяваюць песьні, Дзіма ім падыгрывае, носіць іх на руках. І я зрабіў зь дзясятак такіх канцэртаў. Няблага заплацілі. Але гэта не маё.

— Вы зьбіраецеся вяртацца ў ЗША, ці хацелі б застацца ў Беларусі? Дарэчы, якое ў вас грамадзянства?

Калі ў 1991 годзе я прыехаў у ЗША, нічога ў мяне не было, усе зьдзіўляліся — мець залатыя дыскі ў Канах і ня мець сотні мільёнаў даляраў?!

— Беларускае. Я хацеў бы застацца, хачу, каб жонка сюды прыехала, але няма куды. Я раней жыў адным днём паводле прынцыпу: сёньня — абы як, заўтра — бліны. Калі ў 1991 годзе я прыехаў у ЗША, нічога ў мяне не было, усе зьдзіўляліся — мець залатыя дыскі ў Канах і ня мець сотні мільёнаў даляраў?! Я ў Амэрыцы ўсё пачынаў з нуля, часам сам піцу развозіў. Неяк абжыўся, нават меў тры дамы. Адзін страціў, страціў і ўсе ўкладзеныя ў яго грошы. Рынак нерухомасьці абваліўся, і дом, які каштаваў пад мільён даляраў, абясцэніўся да трохсот тысячаў. Столькі ж я павінен быў аддаць банку.

— Булат Акуджава сьпяваў: «Совесть, благородство и достоинство — вот оно, святое наше воинство». А ў вас якое галоўнае жыцьцёвае правіла?

— Маё правіла — трымацца ва ўсім залатой сярэдзіны, у тым ліку і ў міжлюдзкіх адносінах. І начальнікам ня трэба трымацца за сваё месца, дрыжаць так, што аж вушы трасуцца. Яны ж нічога ня робяць для людзей. Прыкрываюцца законам. Які закон? Чалавечнасьць — вось закон! І — залатая сярэдзіна. Так павінна быць, і тады ўсё будзе добра. Беларусы — пераважна — такія. Дык давайце і прымем такую мадэль і будзем згодна зь ёй будаваць сваё жыцьцё. На жаль, многае зьмяніць, я ўжо не змагу, у мяне ўжо мала часу засталося. Аднак, сваім жыцьцём я збольшага задаволены, хоць сёньня я не «пры карыце». Я радуюся кожнаму пражытаму дню. Мяне радуюць людзі, якія падыходзяць, жадаюць здароўя, абдымаюць. Ня трэба высока лезьці — потым балюча падаць. Але ня трэба дазваляць утоптваць сябе ў зямлю.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG