Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму вызвалілі Алеся Бяляцкага


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Адзін са знакавых палітвязьняў Алесь Бяляцкі выпушчаны з-за кратаў датэрмінова. Тут важны ня толькі сам факт, але і спосаб вызваленьня. Дагэтуль Аляксандар Лукашэнка ўвесь час паўтараў, што ўсе палітзьняволеныя могуць выйсьці на волю толькі пасьля напісаньня імі прашэньня аб памілаваньні. Бяляцкі ж нічога не пісаў. Згодна з законам, амністыя на яго не распаўсюджвалася, бо ён лічыўся «злосным парушальнікам рэжыму». Яшчэ раніцай у дзень вызваленьня ён зьбіраўся на працу. Але нечакана ўсё зьмянілася, яму абвясьцілі пра амністыю, сьпешна вызвалілі і адвезьлі на электрычку да Менску на машыне хуткай дапамогі.

Важна зьвярнуць увагу і на постаць палітвязьня. Алесь Бяляцкі — вядомы дзеяч сусьветнага праваабарончага руху. І беларускія ўлады, несумненна, улічвалі міжнародны рэзананс ад яго вызваленьня. То бок гэта відавочны палітычны жэст у бок Захаду. У чым яго сэнс?

Апошнім часам мы назіраем прыкметны рост дыпляматычнай актыўнасьці афіцыйнага Менску на заходнім кірунку. Узровень кантактаў быццам бы невысокі, яны носяць больш руцінны дыпляматычны характар. Але зьвяртае на сябе ўвагу, па-першае, іх інтэнсіўнасьць.

А па-другое, і гэта самае галоўнае, яны праходзяць на новым міжнародным фоне, які ўзьнік у выніку падзеяў ва Ўкраіне, якія, паводле ацэнак беларускага кіраўніцтва, ствараюць іншы, больш спрыяльны кантэкст для размарожваньня стасункаў з ЭЗ і ЗША.

Ранейшы досьвед паказвае, што падчас вострага геапалітычнага супрацьстаяньня, міжнароднага крызісу, абвастрэньня адносін паміж Захадам і Расеяй на першы плян у міжнароднай палітыцы выходзяць пытаньні геапалітыкі, а пытаньні каштоўнасьцяў (правоў чалавека, дэмакратыі, палітзьняволеных) адсоўваюцца крыху ўбок. Таму Менск лічыць, што з геапалітычных меркаваньняў ЗША і ЭЗ цяпер у большай ступені гатовыя да размарожваньня адносін зь беларускім рэжымам.

Грамадзянская вайна ва Ўкраіне стала галаўным болем для Захаду. Узьнікае пагроза транзыту газу ў краіны ЭЗ праз украінскую тэрыторыю. І на гэтым фоне беларуская стабільнасьць падвышаецца ў цане ня толькі для саміх беларусаў, але і для эўрапейскіх суседзяў.

Беларуская стабільнасьць падвышаецца ў цане ня толькі для саміх беларусаў, але і для эўрапейскіх суседзяў

Яшчэ адзін момант. На тле агрэсіўных дзеяньняў Расеі, штодзённых ахвяраў грамадзянскай вайны ва Ўкраіне беларускі палітычны рэжым стаў выглядаць у вачах эўрапейцаў не такім адыёзным, як раней. Апошнія 15 гадоў тут палітычных апанэнтаў не забівалі. Пуцін пачаў лічыцца «горшым хлопцам», чым Лукашэнка. Усё пазнаецца ў параўнаньні.

Акрамя таго, пазыцыя афіцыйнага Менску па ўкраінскім крызысе істотна адрозьніваецца ад палітычнага курсу Расеі. У 2008 годзе, пасьля расейска-грузінскай вайны, адмовы Беларусі прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі пачаўся дыялёг паміж Менскам і ЭЗ. І беларускае кіраўніцтва небеспадстаўна спадзяецца, што Захад аддзячыць Аляксандру Лукашэнку за асобую пазыцыю па ўкраінскім пытаньні.

Навошта гэтае размарожваньне адносін з Захадам патрэбнае цяпер афіцыйнаму Менску? Па-першае, агрэсія Расеі супраць Украіны напужала Лукашэнку, ён ня хоча быць заціснуты паміж двума моцнымі геапалітычнымі цэнтрамі, імкнецца мець трошкі большую свабоду манэўру. Па-другое, трэба крышачку пашантажаваць Маскву, каб тая хутчэй дала абяцаны крэдыт. Па-трэцяе, Менск хацеў бы атрымаць на Захадзе пазыкі і інвэстыцыі, бо расейскіх грошай ужо не хапае. Па-чацьвёртае, Лукашэнку псыхалягічна важна мець магчымасьць езьдзіць у Эўропу, сустракацца з эўрапейскімі палітыкамі. Усе зьвярнулі ўвагу, зь якой асалодай ён браў удзел у інаўгурацыі прэзыдэнта Украіны Пятра Парашэнкі ў Кіеве, седзячы ў адным шэрагу з кіраўнікамі іншых дзяржаў. А калі яго атачыў натоўп журналістаў, ён адчуў сябе ў сваёй стыхіі (дарэчы, даўно забытай). Як пастар Шлаг, ён захмялеў ад паветра свабоды. І візыт у Сербію Аляксандар Лукашэнка ўспрыняў падобным чынам, быццам прасек акно ў Эўропу.

Можа, запрасіць Лукашэнку пакатацца на лыжах ці пагуляць у хакей?

Аднак пакуль што разьлікі афіцыйнага Менску не апраўдаліся. Захад па-ранейшаму ўвязвае размарожваньне адносін з пытаньнем вызваленьня палітвязьняў. І тады Лукашэнка вырашыў згуляць казырнай картай — вызваліў Алеся Бяляцкага.

Цяпер беларускае кіраўніцтва чакае крокаў у адказ з боку Захаду. І ў залежнасьці ад іх будзе вырашаць пытаньне аб вызваленьні астатніх палітвязьняў.

Што можа цяпер зрабіць Захад, каб працэс размарожваньня адносін працягваўся, не спыняўся? Адных заяваў афіцыйных асобаў, якія віталі вызваленьне Бяляцкага, мала. Патрэбныя нейкія дзеяньні. Калі Брусэль здыме візавыя санкцыі з шэрагу беларускіх чыноўнікаў, гэта наўрад ці дапаможа. Бо яны не закрануць самога Лукашэнку.

Узгадваецца, як Лукашэнка наведаў Літву ў верасьні 2009 году. Той візыт ня быў ні афіцыйным, ні нават працоўным. Фактычна гэта была паездка на адкрыцьцё беларуска-літоўскага эканамічнага форуму і выставы, а з гэтай нагоды адбылася і сустрэча двух кіраўнікоў дзяржаў.

Можа, нешта падобнае арганізаваць і цяпер у якой-небудзь краіне ЭЗ? Ці проста запрасіць пакатацца на лыжах, хоць і не сэзон. Ці пагуляць у хакей. І на час такога мерапрыемства ўвесьці мараторый на візавыя санкцыі адносна беларускага лідэра. Такі жэст, верагодна, быў бы ацэнены Лукашэнкам. Глядзіш, і астатніх палітвязьняў павыпускае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG