Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпацыр па замарожаным Менску


Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк
9-га траўня адбылася адметная падзея ў беларускім Сеціве.

Журналіст Валеры Каліноўскі хадзіў па Менску, размаўляў зь людзьмі на розныя тэмы, а апэратар здымаў на відэа і перадаваў у эфір усе ягоныя размовы і перамяшчэньні ў рэальным часе, паказваючы пэрспэктывы і панарамы горада.

Эфэкт прысутнасьці для гледача сапраўды адбыўся. Ніякія відэарэпартажы, інтэрвію, здымкі схаванай камэрай, відэасюжэты, апытанкі і т. п. і блізка не даюць такога адчуваньня тымчасовасьці прасторы, месца і атмасфэры, як гэтае фіксаванае камэрай хаджэньне і гаварэньне ў рэальным часе. Кажу гэта як чалавек, які добра ведае Менск і менчукоў, бо «схадзіў» яго сотні разоў, днём і ноччу, уздоўж і ўпоперак, гаворачы зь людзьмі, тады, пры саветах, калі я змагаўся за стары горад і яго існаваньне. (Дадам, што ў Траецкім прадмесьці і ў Верхнім горадзе я пабываў у той час у кожнай кватэры і ў кожнай сям’і, ведаў, дзе хто жыве, і там ведалі мяне).

Дык вось, у гэтым хаджэньні Валерыя Каліноўскага я той даўні Менск пазнаў і ўвачавідкі адчуў яго знаёмае дыханьне. Ён не зьмяніўся ні на ёту (толькі замест асфальту на ходніках паклалі бэтонную костку). Дзівосная машына часу. Я зноў у 70-дзясятых, якія тады так залезьлі ўсім нам пад скуру, што хоць крычы.


Фантастычна. Тыя ж людзі. Тыя ж піянэры (хлопчыкі і дзяўчаткі) у ваенізаванай форме стаяць каля савецкага «вечнага агню», ходзяць качыным крокам, зьмяняюць пацешны «каравул». Тыя ж пэнсіянэркі-бабуленцыі, якія па-руску пераказваюць прапагандысцкім тонам усё, што пачулі і ўбачылі ў тэлевізары, тыя ж добрыя шчырыя беларусы, што азіраюцца на жонак, падбіраюць словы, каб не сказаць лішняга, якія, жывучы пад чужой прапагандай, нічога ніколі толкам ня ведаюць, што робіцца ў сьвеце, тыя ж мілыя дзяўчаткі, якія ведаюць яшчэ менш.

ВІДЭА РЭПАРТАЖУ:


У панарамах відаць, што зьявіліся новыя будынкі. Але лепш бы яны не зьяўляліся. Нейкая азіятчына, бяз густу і архітэктурнай культуры. Вось палац правіцеля, які нагадвае вялікі правінцыйны аўтавакзал у кітайскім стылі. Пра традыцыі беларускай архітэктуры ўвогуле маўчым. Адчуваецца, што ўсё зроблена якраз насуперак традыцыі. Узвышаецца нейкі кічавы гмах у дварах Верхняга горада, дахі храмаў і іншых старажытных помнікаў архітэктуры, дзе павінна быць традыцыйная чырвоная дахоўка, пакрытыя бляхай і пафарбаваныя ў... мыльна-зялёны колер (гэта ўжо забівае проста напавал).

У 1978-79 гг., калі мы з Валянцінам Собалем пачалі ўпершыню археалягічныя раскопкі Верхняга гораду, тады адкрылі падмуркі разбураных расейцамі помнікаў архітэктуры: кляштара і касьцёла Бэнэдыктынак, рэшткі Менскай ратушы, гандлёвых крамаў, Сьвятадухаўскай царквы, пазьней — Дамініканскага касьцёла і інш. Памятаю, у час раскопак Менскай ратушы я казаў школьнікам, што працавалі на раскопках: «Пройдзе час, і ўсё гэта (і Ратуша, і Сьвятадухаўка, і крамы) адновяць, і вы будзеце жыць у адбудаваным гістарычным Менску».

Парадаксальна, але ў цяперашнім асяродзьдзі псаваньня і разбурэньня, што назіраецца ў Менску, названыя помнікі архітэктуры якраз і аднавілі. Праўда, ня лепшым чынам, але ўсё ж такі.

Разам з Валерыем Каліноўскім і камэрай мы віртуальна праходзім па былой Дамініканскай паўз гэтыя адновы гісторыі, выходзім на плошчу Верхняга горада і тут нас чакае наймацнейшы ўдар. На месцы дома нумар 19/23 на плошчы Свабоды (XVIII-XIX ст.), за які мы ў 70-80-х змагаліся гадамі і перамаглі (узялі пад дзяржаўную ахову і закансэрвавалі будынак), цяпер тут — пустка. Будынак не існуе. Яго зьнесьлі. І плошча зьнікла. Развалілася. Дом закрываў пустую пэрспэктыву і «трымаў» плошчу Свабоды ў гэтай частцы забудовы. Цяпер тут дзіра, адкрытая прастора, адчыненая на пустое месца зьнішчанага ўжо Менскага замчышча, на Татарскія агароды і пойму Сьвіслачы. Тады, у 70-х, нават самы тупы архітэктар разумеў, што зьнесьці гэты будынак — значыць архітэктурна разваліць плошчу. Цяпер, пры прадажным антынацыянальным рэжыме, знайшліся, відаць, стымулы, мацнейшыя, чым тупасьць.

Рэстаўравалі некаторыя каштоўныя будынкі ў цэнтры, але згарманізаванага выгляду плошчы Свабоды ўжо няма. Разбурыўшы дом № 19/23, замкнутую прастору плошчы разламалі, прытым абсалютна без патрэбы. Зрабілі правал. Як гэта ўсё знаёма.


У відэакадрах адчуваецца атмасфэра Менску 70-х гадоў. Бо горад, ягоны дух — гэта перш за ўсё людзі, іхныя паводзіны, інфраструктура грамадзтва. Віртуальна ідучы ўсьлед за журналістам, бачачы ягоных субяседнікаў і панарамы мясьцін, мне цікава было назіраць таксама за фонам відэакадру, за людзьмі ў пэрспэктыве, на другім і трэцім плянах.

«Дзіўна, міліцыі не відаць», — кажа журналіст Каліноўскі (у гэты дзень якраз пачынаўся ў горадзе чэмпіянат сьвету па хакеі). Але на іншых плянах відэашэрагу я бачу шмат тыповых фігур у цывільным, якія здаецца ўсім сваім выглядам хочуць засьведчыць, што яны тут не абы хто, а «мянты» і «гэбэ». Вось некалькі разоў прамільгнуў у кадры характэрны тыпаж сямідзясятых — сэксот, так званая «наружка». Назіраю з цікавасьцю, бо па вопыце ведаю, што калі будзе толькі круціцца, — значыць свабодна ідзеш. Калі падыдзе правакаваць — заграбуць.

Тыпаж улучыў момант і падышоў да Каліноўскага з правакацыйнымі прэтэнзіямі (ну проста клясычны тып рускага стукача — глядзеце і запамінайце). Журналіст вельмі акуратна ад тыпа пазбавіўся, магчыма яшчэ не разумеючы, што ягоная песенька сьпета — забяруць.


Але забралі Каліноўскага толькі праз гадзіну-паўтары (тактыка!). Журналіст (як ён сам зразумеў) дапусьціў памылку, зьвярнуўся да «мянта» у цывільным з заўвагай, што каля мэтро, дзе продаж сьпіртнога забаронены, прадаюць алькаголь. Мент жа разумее, што прадаваць алькаголь «не паложана», але калі не «абрашчаются», значыцца і не прадаюць. А тут во, «абрацілся». «А прайдзёмце-ка в машыну», — кажуць журналісту. Пад’яжджае міліцэйскі цывілізавны «хапунок». «Ну, во, — кажа разгублена Каліноўскі, залазячы ў „ментоўку“, — сам і напрасіўся». На гэтым — «канец фільму».

У заключэньне скажу, што трохгадзіннае падарожжа па гістарычна замарожаным Менску атрымалася ў спадара журналіста надзвычай цікавым, і я б параіў яму захаваць гэты відэазапіс надоўга. Яго можна будзе выкарыстоўваць у будучыні як наглядны вучэбны дапаможнік для старэйшых клясаў сярэдняй школы і студэнтаў унівэрсытэту па спэцыяльнасьці «культура і сацыяльная псыхалёгія Менску ў час антыбеларускага рэжыму і расейскай унутранай акупацыі».

Паводле http://pazniak.info
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG