Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьцян: На Беларускі славянскі камітэт пачалося паляваньне


Сяргей Касьцян
Сяргей Касьцян

Старшыня Беларускага славянскага камітэту Сяргей Касьцян накіраваў Аляксандру Лукашэнку, а таксама ў адміністрацыю прэзыдэнта, у шэраг СМІ (у тым ліку і апазыцыйных) зварот пра тое, што на ягоную структуру ўлады аказваюць моцны ціск.

У сярэдзіне сакавіка грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі славянскі камітэт» правяло пазачарговы зьезд і пераўтварылася ў партыю. Падалі дакумэнты на рэгістрацыю партыі ў Міністэрства юстыцыі, і пасьля гэтага пачаліся самыя сапраўдныя рэпрэсіі, распавёў Свабодзе лідэр БСК Сяргей Касьцян:

«За адзін тыдзень „вырубілі“ 1 тысячу чалавек — шляхам загадаў, пагрозаў кшталту „альбо падасі заяву аб выхадзе зь Беларускага славянскага камітэта, альбо будзеш звольнены з працы, выключаны з ВНУ“. Тысяча людзей мне патэлефанавалі — я параіў напісаць заявы, каб людзі скончылі ВНУ і засталіся на працы».

Паводле словаў спадара Касьцяна, сьпісы сябраў БСК, якія дапамаглі захаваць былыя супрацоўнікі КДБ, апэратыўна вывезьлі зь Беларусі. А Міністэрства юстыцыі, на думку Касьцяна, перадало сьпісы сяброў БСК у адміністрацыю прэзыдэнта, а адтуль гэтыя сьпісы разаслалі ў райвыканкамы, ВНУ, працоўныя калектывы, і на людзей пачалі ціснуць. Лідэр БСК назваў гэта «паляваньнем на ведзьмакоў» і бясчынствам:

«Беларускі славянскі камітэт заўсёды падтрымліваў прэзыдэнта, мы заўсёды супрацоўнічалі з уладамі. І мы казалі, што мы не зьяўляемся ўрадавай партыяй, але мы не зьяўляемся і апазыцыяй. Мы — партыя канструктыўнага супрацоўніцтва. Гэта наша крэда.

Калі прэзыдэнт не адрэагуе на наш зварот — значыць, гэта ўзгоднена з прэзыдэнтам. Калі прэзыдэнт адрэагуе — гэта значыць, што нехта за ягонай сьпінай падклаў яму „падлянку“. Пакуль будзем чакаць. На мітынгі, на плошчу народ клікаць мы ня будзем, але будзем працаваць ужо па-іншаму», —заявіў спадар Касьцян.

На думку палітоляга Віктара Марціновіча, заўсёды праўладны Сяргей Касьцян патрапіў у такую ж самую сытуацыю, у якую да яго ўжо траплялі іншыя палітыкі, — да прыкладу, Сяргей Гайдукевіч, Вольга Абрамава, Уладзімер Навасяд. Спачатку да іх быў інтарэс з боку ўладаў, і яны дазвалялі сабе рабіць усё. Але на пэўнай ступені яны становяцца непатрэбнымі. Вось зараз і Сяргей Касьцян стаў непатрэбным. А вось чаму непатрэбным, можна толькі здагадвацца, кажа Віктар Марціновіч:
Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч
«Можа быць, ён пачаў успрымацца як занадта камічны пэрсанаж; можа быць, справа ў тым, што ён дасягнуў пэўнага ўзросту. Трэцяя і найбольш верагодная вэрсія — што ягоныя палітычныя погляды пачалі быць некамфортнымі для палітычнай сыстэмы Беларусі.

Другі ўзровень сытуацыі палягае ў тым, што зараз славянафілы для беларускай палітычнай сыстэмы, для Лукашэнкі асабіста пачынаюць уяўляць вельмі суворую пагрозу. Усе ж бачаць, што адбылося ва Ўкраіне, усе разумеюць, што ў выпадку чаго менавіта славянафілы, менавіта тыя людзі, якія ўспрымаюць Беларусь не як незалежную дзяржаву, а як частку братэрскага рускага народу, стануць тым рухавіком, які будзе зьвяртацца да Пуціна і казаць пра прыніжэньні рускіх у Беларусі».

«Беларускі славянскі камітэт» пасьля расейскай анэксіі Крыма выступіў з афіцыйнай заявай, у якой горача падтрымаў дзеяньні Расеі. Дакумэнт, у якім асуджаліся і новыя ўлады Ўкраіны, і «ЗША і іх шаўкі з НАТО», пачынаўся са словаў «Слава Вялікай Расеі!» Сяргей Касьцян выступіў і з афіцыйнай заявай у падтрымку расейскіх дэпутатаў, палітыкаў і бізнэсоўцаў, якія апынуліся ў «чорным сьпісе» ЗША і Эўразьвязу ў сувязі з украінскімі падзеямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG