Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры міты пра Бандэру


Сьцяпан Бандэра, 1946 год
Сьцяпан Бандэра, 1946 год

У Расеі тых, хто прыйшоў да ўлады ў Кіеве, называюць «бандэраўцамі». Такім чынам спрабуюць дыскрэдытаваць прыхільнікаў эўрапейскага выбару. Але ва ўяўленьнях пра самога Бандэру шмат паўпраўды і мітаў.

1. Бандэра — марыянэтка Гітлера


Немцы вызвалілі Бандэру з польскай турмы, дзе ён адбываў пажыцьцёвы тэрмін за арганізацыю забойства міністра ўнутраных спраў Польшчы Браніслава Пярацкага.

Аднак Бандэра ўвесь час публічна сьцьвярджаў, што ўкраінцы павінны разьлічваць толькі на сябе, бо ніхто ў незалежнай Украіне не зацікаўлены. А любое супрацоўніцтва з Бэрлінам можа быць толькі тактычным і часовым.

На гэтай глебе ён разышоўся з настроеным на супрацоўніцтва зь Нямеччынай афіцыйным лідэрам Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) Андрэем Мельнікам.

У лютым 1940 году арганізацыя раскалолася на дзьве плыні, якія адпаведна і называліся: АУН (М) і АУН (Б).

Вясной 1941 году АУН (Б) стварыла на тэрыторыі Польшчы Ўкраінскі легіён — батальёны «Нахцігаль» і «Роланд» агульнай колькасьцю 800 чалавек. Працэсам кіравалі Яраслаў Сьцяцко, Мікола Лебедзь і Раман Шухевіч. Бандэра прамога ўдзелу не прымаў, хаця цяжка ўявіць, што бліжэйшыя хаўрусьнікі дзейнічалі безь ягонай згоды.

Зь нямецкага боку фармаваньне батальёнаў курыраваў абвэр. Адмірал Канарыс лічыў бандэраўцаў складанымі партнэрамі, але людзьмі справы. Па некаторых дадзеных, ён лічыў мэтазгодным стварэньне АУНаўскай дзяржавы і цалкам мог даць Бандэру і яго асяродку нейкія абяцаньні.

У ноч на 30 чэрвеня 1941 году батальён «Нахцігаль» прыйшоў у Львоў з часткамі вэрмахту. У той жа дзень паплечнікі Бандэры на чале са Сьцяцко на сходзе ў львоўскім опэрным тэатры абвясьцілі «Акт адраджэньня Ўкраінскай дзяржавы».

Як сьцьвярджае актыўны ўдзельнік і гісторык АУНаўскага руху Леў Шанкоўскі, арганізацыя «была гатовая да супрацоўніцтва з Германіяй для сумеснай барацьбы супраць Масквы», але толькі пры ўмове прызнаньня ўкраінскай незалежнасьці.

Аднак Гітлер загадаў «растаптаць тых, хто дапусьціў гэтае славянскае сьвінства». 5 ліпеня Бандэру арыштавалі ў Кракаве і кінулі ў канцлягер Заксэнхаўзэн. Там ён правёў больш за тры гады ў адзіночнай камэры у спэцадзьдзяленьні для «палітычных пэрсон».

У сваіх прапагандысцкіх ўлётках немцы называлі Бандэру агентам Сталіна. АУН (Б) і створаная ў кастрычніку 1942 году Ўкраінская паўстанцкая армія (УПА) знаходзіліся на нелегальным становішчы, але фактычна падтрымлівалі зь немцамі нефармальнае перамір’е.

25 верасьня 1944 году, калі рэйх, які цярпеў паразу, чапляўся за любую саломінку, германскія ўлады вызвалілі Бандэру, прывезьлі ў Бэрлін і прапанавалі супрацоўніцтва. Аднак ён высунуў абавязковай умовай прызнаньне «Акту аб адраджэньні». Аднак пагадненьне не заключылі, і да канца вайны Бандэра знаходзіўся на тэрыторыі Германіі ў няпэўным статусе.

2. Батальён «Нахцігаль» зладзіў у Львове польска-габрэйскі пагром


У 1997 годзе па распараджэньні прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы была створана ўрадавая камісія па вывучэньні дзейнасьці АУН і УПА. Паводле яе высноваў, забойства габрэяў, польскай інтэлігенцыі і прыхільнікаў савецкай улады ў першыя дні акупацыі Львова («разьня львоўскіх прафэсараў») было справай рук СД і нацыяналістычна настроенага неарганізаванага натоўпу.

Афіцыйных украінскіх гісторыкаў можна падазраваць у неаб’ектыўнасьці, аднак вядома, што адразу пасьля абвяшчэньня «Акту аб адраджэньні» асабісты склад «Нахцігаля» быў адпраўлены ў тыднёвае звальненьне, а яго нямецкі куратар Тэадор Обэрлэндэр пераведзены з паніжэньнем у Прагу.

Шэраг дасьледчыкаў не выключаюць, што сярод пагромшчыкаў маглі быць вайскоўцы «Нахцігаля» ў цывільным.

Вэрсія пра адказнасьць «Нахцігаля» была вылучана ў СССР у 1960 годзе і накіравана пераважна супраць Обэрлэндэра, які ў той час займаў пасаду міністра па справах перамешчаных асобаў ва ўрадзе Конрада Адэнаўэра.

Перад тым як пакінуць Львоў, НКУС расстраляў 2466 вязьняў мясцовай турмы. Масавыя ліквідацыі прайшлі і ў іншых гарадах заходняй Украіны. У Драгобычы «выбылі па першай катэгорыі» 1101 чалавек, у Станіславе (цяпер Івана-Франкоўск) 1000, у Цярнопалі 674, у Роўне 230 чалавек. Сярод забітых апынуўся родны брат Рамана Шухевіча.

«Паколькі гэта адбывалася ў момант адступленьня пад агнём праціўніка, то ня ўсюды работнікі турмаў змаглі старанна закапаць трупы і замаскіраваць», — дакладваў 12 ліпеня ў Маскву начальнік турэмнага ўпраўленьня НКУС Украіны Філіпаў.

Смурод ад трупаў стаяў такі, што немцы працавалі ў памяшканьнях львоўскай турмы ў процівагазах. Доступ туды быў неадкладна адкрыты для насельніцтва, а гэта шмат у чым і справакавала пагром.

Паводле шэрагу гісторыкаў, улады СССР вырашылі зваліць у адну кучу нацысцкія і свае ўласныя зьверствы і заадно ўскласьці віну на «Нахцігаль».
Партрэт Бандэры паляць на мітынгу ў падрымку анэксіі Крыма Расеяй, Санкт-Пецярбург
Партрэт Бандэры паляць на мітынгу ў падрымку анэксіі Крыма Расеяй, Санкт-Пецярбург

3. Бандэраўцы і дывізія СС «Галічына» — адно і тое ж


Дывізія «Галіччына», сфармаваная ў красавіку 1943 года германскімі акупацыйнымі ўладамі з мясцовых добраахвотнікаў, ніякага дачыненьня да АУН -УПА не мела. Спробы падвесьці Бандэру і яго прыхільнікаў пад Нюрнбэргскі трыбунал адносна СС разьлічаны на неабазнаных людзей.

«Галіччына» належала да так званым Waffen-SS і прызначалася для выкарыстаньня на фронце. У ліпені 1944 году дывізія была разьбіта Чырвонай арміяй ля Бродаў. Яе рэшткі немцы адвялі ў тыл і задзейнічалі супраць славацкіх і югаслаўскіх партызанаў.

У лютым 1944 году адзін з палкоў дывізіі ўдзельнічаў у зьнішчэньні польскіх вёсак Падкамень і Гута Пяняцка, дзе загінулі агулам каля 800 чалавек. Напрыканцы вайны дывізія ўваходзіла ў склад 4-га танкавага корпусу СС, які дзейнічаў у Аўстрыі.

24 красавіка 1945 году існы ў Бэрліне марыянэткавы «Ўкраінскі нацыянальны камітэт» на чале з Паўлам Шандруком заявіў аб пераходзе дывізіі пад яго падпарадкаваньне, але практычных наступстваў гэта ня мела. На нямецкіх мапах яна фігуравала як германская частка да заканчэньня баявых дзеяньняў.

8-11 траўня «галічане» здаліся ў палон саюзьнікам і ў пасьляваеннай барацьбе ў заходняй Украіне ня ўдзельнічалі. Немцы зьвялі «Нахцігаль» і «Роланд» ў 201-шы ахоўны батальён, які быў падпарадкаваны вайсковаму камандаваньню і каля дзевяці месяцаў ваяваў з партызанамі ў Беларусі.

Восеньню 1942 году з-за нежаданьня германскага ўраду прызнаць сувэрэнітэт Украіны асабісты склад 201-га батальёну адмовіўся аднаўляць кантракт і быў адпраўлены па хатах. Камандзір Раман Шухевіч пасьля допыту ў гестапа таксама быў адпушчаны. У 1944 годзе многія зь іх, уключаючы Шухевіча, далучыліся да антысавецкага падпольля.
Помнік Сьцяпану Бандэру ў Львове
Помнік Сьцяпану Бандэру ў Львове

4. Бандэру забілі заходнегерманскія спэцслужбы


15 кастрычніка 1959 году агент КДБ Багдан Сташынскі сустрэў Бандэру ў пад’езьдзе яго дома ў Мюнхэне і стрэліў у яго з адмысловага пісталета ампулай з цыяністым каліем.

Да гэтага служба бясьпекі АУН і заходнегерманская паліцыя прадухілілі чатыры замахі на лідэра нацыяналістаў. Сакрэтным указам Сташынскі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сьцяга.

У СССР адказнасьць за забойства Бандэры ўсклалі на спэцслужбы ФРГ. Маўляў, ён нібыта меў нейкі кампрамат на Обэрлэндэра і спрабаваў шантажаваць яго.

Праз два гады Сташынскі здаўся ўладам ФРГ і з улікам добраахвотнага прызнаньня атрымаў восем гадоў пазбаўленьня волі.

Пасьля міжнароднага скандалу Хрушчоў разагнаў спэцаддзел КДБ, які займаўся палітычнымі забойствамі. Але да часу перабудовы Масква працягвала афіцыйна адмаўляць сваё дачыненьне да сьмерці Бандэры.
Паводле «Даведкі аб колькасьці загінулых савецкіх грамадзян ад рук бандытаў АУН за пэрыяд 1944-1953 гг .» ад 17 красавіка 1973 году, падпісанай старшынёй КДБ Украіны Віталём Федарчуком, колькасьць забітых бандэраўцамі склала 30 676 чалавек, у тым ліку 8250 вайскоўцаў і сілавікоў.

Як вынікае з закрытай пастановы Прэзыдыюму ЦК КПСС «Пытаньні заходніх абласьцей Украінскай ССР» ад 26 траўня 1953 году, улады за гэты ж час забілі 153 тысячы чалавек, адправілі ў ГУЛАГ 134 тысячы, дэпартавалі 203 тысячы. Пацярпела кожная трэцяя-чацьвёртая сям’я.

Абодва бакі праяўлялі крайнюю жорсткасьць.
Паводле BBC
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG