Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шакалядны «кароль» ідзе ў прэзыдэнты Ўкраіны

абноўлена

Мільярдэр, вытворца шакаляду і былы міністар замежных справаў Пётар Парашэнка зьяўляецца фаварытам на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбудуцца ва Ўкраіне 25 траўня.

Пётар Парашэнка — адзін з самых багатых людзей ва Ўкраіне, ён прысутнічае ў нацыянальнай палітыцы з 1998 году. Тым ня менш, для многіх ён застаецца невядомай, шэрай постацьцю.
Клічко: У інтарэсах Украіны, каб захаваць нашае адзінства, я прапаную нашу падтрымку адзінаму кандыдату аб’яднаных дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах — Пятру Парашэнку.
Паводле апытаньняў грамадзкай думкі, ён апярэджвае сваіх супернікаў па прэзыдэнцкай гонцы. Каля чвэрці апытаных гатовыя галасаваць за яго на выбарах 25 траўня. 29 сакавіка ён атрымаў велізарны электаральны «падарунак», калі харызматычны былы чэмпіён сьвету па боксе Віталь Клічко, які ў апытаньнях займаў другое месца з 9%, выйшаў з выбарчай гонкі і падтрымаў Парашэнку.

Клічко абвясьціў, што будзе балятавацца на пасаду мэра Кіева, даўшы Парашэнку магчымасьць змагацца за прэзыдэнцкую пасаду з экс-прэм’ерам Юліяй Цімашэнкай, кандыдатам ад Партыі рэгіёнаў Міхаілам Добкіным, лідэрам партыі «Свабода» Алегам Цягнібокам і іншымі. Рэгістрацыя кандыдатаў будзе працягвацца да 4 красавіка.

На супольнай прэсавай канфэрэнцыі з Клічком Парашэнка пачаў сваю кампанію таксама заклікам да адзінства.
Парашэнка: Наша краіна мае патрэбу ў адзінстве. І гэтае адзінства можа забясьпечыць нам вырашальную перамогу ўжо ў першым туры і на прэзыдэнцкіх выбарах і на выбарах кіеўскага мэра.
48- гадовы Парашэнка найбольш вядомы як ўладальнік цукерачнай вытворчасьці Roshen. Яго багацьце ацэньваецца ў 1,3 мільярды даляраў. Ён — палітычны хамэлеон. У 2000 годзе ён быў адным з заснавальнікаў Партыі рэгіёнаў, палітычнай машыны, якая прывяла да ўлады Віктара Януковіча. Але ўжо ў 2001 годзе Парашэнка разышоўся з прэзыдэнтам Леанідам Кучмам і стаў вядучым прыхільнікам і фінансавым спонсарам партыі Віктара Юшчанкі «Наша Ўкраіна».

Ён падтрымаў «аранжавую» рэвалюцыю ў 2004-5 гадах і ўзначальваў Раду Бясьпекі пры прэзыдэнце Юшчанку, якому даводзіцца кумам. У апошнія гады кіраваньня Юшчанкі, у 2009-2010 гадах, Парашэнка быў міністрам замежных справаў. Але ён таксама быў міністрам гандлю і эканамічнага разьвіцьця ва ўрадзе Мікалая Азарава пры прэзыдэнце Януковічы ў 2012 годзе. Ён займаў гэтую пасаду на працягу васьмі месяцаў, перш чым вярнуцца ў парлямэнт у якасьці незалежнага дэпутата ад Віньніцы. Мяркуецца, што ён фінансава падтрымліваў Эўрамайдан у 2013-2014 гадах, але ня быў сярод лідэраў маніфэстацый.

Паводле Парашэнкі, знаходжаньне ў апазыцыі — гэта не для яго, «калі гэта працягваецца занадта доўга, апазыцыйнасьць можа трансфармавацца ў крытыканства, становячыся самамэтай».
Парашэнка пасьлядоўны прыхільнік інтэграцыі Ўкраіны з Эўрапейскім Зьвязам. Калі ён быў міністрам замежных справаў, выступаў за ўступленьне Ўкраіны ў НАТО. Летась меў сур’ёзныя праблемы зь бізнэсам, калі Расея ўвяла эмбарга на імпарт цукерак Roshen.

Высокі рэйтынг палітыка мы папрасілі пракамэнтаваць украінскага сацыёляга Ірыну Бекешкіну.

Бекешкіна: Парашэнка пачаў інтэнсіўна нарошчваць рэйтынг падчас Майдану. Ён там таксама быў, ён быў чацьвёртым на Майдане. І ён быў там у «гарачых кропках», дастаткова прагадаць падзеі 1 сьнежня, калі ён на Банкавай спрабаваў спыніць бульдозэр, які ішоў на ўнутраныя войскі.
Парашэнка паводзіў сябе досыць сьмела, але пры гэтым дэманстраваў большы розум, чым астатнія. Да таго ж Парашэнка фінансаваў Майдан і гэта не было таямніцай.

РС: Гаворыцца, што асноўны патас Майдана быў антыалігархічны. Чаму ж на першым месцы ў рэйтынгу апынуўся адзін з алігархаў?

Бекешкіна: Я б не пагадзілася. Я ня чула, каб на Майдане нешта гаварылася супраць багатых. Асноўны пратэст быў супраць Януковіча і яго, як называлі, «банды».

РС: У якой ступені папулярнасьць Парашэнкі ў краіне ў цэлым стасуецца зь яго папулярнасьцю на Майдане? Каму аддае перавагу Майдан, актывісты?

Бекешкіна: Мы рабілі такое дасьледаваньне. Сярод тых, хто стала стаяў на майданах у Кіеве і іншых гарадах, першае месца дзеляць Парашэнка і Яраш. Але гэта 4% насельніцтва. Сярод больш шырокага кола актывістаў — тых, хто ўдзельнічаў у акцыях пратэсту час ад часу — першае месца ў Парашэнкі.

РС: А як адрозьніваюцца электаральныя густы рэгіёнаў:

Бекешкіна: Парашэнка першы нумар на Захадзе, з істотным адрывам у Заходнім рэгіёне. Зь яшчэ большым адрывам ён узначальвае рэйтынг у цэнтры краіны. Асноўная яго «парафія» — гэта цэнтар. Што да ўсходу, то там ён дзеліць лідэрства з Цігіпкам і Клічком (у нас у апытаньні яшчэ фігураваў Клічко).

На думку экспэртаў, што пацьвярджаюць і лічбы апытаньняў, найбольш сур’ёзным апанэнтам Парашэнкі на выбарах стане экс-прэм’ер Юлія Цімашэнка. Экспэрты адзначаюць, што асабліва небясьпечнымі зьяўляюцца для Парашэнкі тэледэбаты з Цімашэнкай, у якіх яе перавага ў рытарычным майстэрстве будзе відавочнай. Аднак на карысьць Парашэнкі ня толькі тое, што яго рэйтынг зараз вышэй, чым у Цімашэнкі, але і яго адмоўны рэйтынг меншы, чым у Цімашэнкі, ён выклікае актыўнае непрыняцьце ў меншай колькасьці выбаршчыкаў, чым экс-прэм’ерка.

Цікавыя факты з жыцьця шакаляднага «караля» Ўкраіны:



1. Уладальнік самай буйной цукерачнай вытворчасьці Ўкраіны сам ня есьць салодкага, бо ў яго цукровы дыябэт. Пры гэтым фірма Roshen не выпускае прадукцыю для дыябэтыкаў.

2. У школе не атрымаў залатога мэдаля з-за тройкі па паводзінах.

3. Парашэнка — кандыдат у майстры спорту па дзюдо. Пасьля таго як ён пабіўся ў ваенкамаце з чатырма прапаршчыкамі, яго адправілі служыць у Казахстан. Пасьля нараджэньня дзіцяці перавялі ў Кіеўскую вобласьць.

4. Парашэнка мае чатырох дзяцей: сыноў Аляксея (1985 г.н.) і Міхаіла (2001 г.н.) і дачок-двайняшак — Яўгенію і Аляксандру (2000 г.н.). Жонка Марына — лекарка.

5. Прадмет асаблівага гонару Парашэнкі — тэлевізійны «5-ы канал», які падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2004 году і «аранжавай» рэвалюцыі для многіх украінцаў быў ледзь не адзінай крыніцай аб’ектыўнай інфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG