Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі «афганец»: Мы будзем абараняцца, як на Майдане


Абаронца Майдану, украінскі «афганец» Уладзімер
Абаронца Майдану, украінскі «афганец» Уладзімер

У ліку дзесяткаў тысяч абаронцаў Майдану быў і бацька траіх дзяцей, былы афганец-дэсантнік Уладзімер. З Уладзімерам гутарыў наш карэспандэнт.

Украінцы зьдзівілі сьвет сваёй нацыянальнай годнасьцю, еднасьцю ў барацьбе за эўрапейскі шлях разьвіцьця краіны, супраць карупцыі і аўтарытарызму. Сымбалем згуртаванасьці стаў Майдан — Плошча Незалежнасьці, якая разам з прылеглымі вуліцамі і барыкадамі дагэтуль пакрыта сажай ад гарэлых аўташын і сьвятлошумавых гранат.

У ліку дзесяткаў тысяч абаронцаў Майдану быў і бацька траіх дзяцей, былы афганец-дэсантнік Уладзімер. Цяпер ён — шараговец самаабароны Кіева, ахоўвае праектна-будаўнічую кампанію «Кіеўгарбуд», дзе месьцяцца таксама «Грамадзкае ТВ» і інтэрнэт-газэта «Ўкраінская праўда». З Уладзімерам гутарыў наш карэспандэнт.

«Афганец»-дэсантнік так тлумачыць цяперашні свой удзел у абароне ўкраінскай рэвалюцыі:

«У той дзяржаве з такою ўладай у нашага народа не было б будучыні. Мы былі б калёніяй Расеі — калёніяй Расеі з дужа закручанымі гайкамі. Таму людзі й вышлі — за сваю будучыню. У мяне трое дзяцей. Я хачу, каб у маёй дзяржаве яны годна жылі і ганарыліся тым, што яны ўкраінцы».

Уладзімер згадвае, чаму афганцы, якія спачатку былі як бы пасярэднікамі паміж войскамі Януковіча і пратэстоўцамі, сталі на бок народу:

«Мы зьяўляемся самаабаронай. Мы з 8-й „афганскай“ сотні, мы — „афганцы“. Спачатку мы ня бралі ўдзелу ў супраціве — стаялі паміж праваахоўнікамі й народам, які ўзбурыўся. А потым паступова сталі на бок народу, бо пабачылі, што ўлады рабілі й якімі мэтадамі. Тое было няправільным, тое было ўжо зьверствам, забойствам. Падчас штурму з 18 на 19 лютага я думаў, што нас пасякуць на дробны вінэгрэт. Так я падумаў. Разумееце, у Афганістане мы былі ўзброенай да зубоў арміяй, а тут мы былі ўзброеныя дубінамі, шчытамі, каскамі. А супраць нас выступала цэлая дзяржаўная машына — з газам, сьвятлошумавымі і газавымі гранатамі, з траўматыкай, гумовымі кулямі. А потым пачалі па нас біць і снайпэры».

Сілавы сцэнар супраць мірных пратэстоўцаў, як лічыць Уладзімер, каардынаваўся тагачасным СБУ супольна з расейскімі спэцслужбамі:

«Усё тыя дзеяньні былі ўчыненыя з кансультацыі расейскіх кадэбэшнікаў. Пад іх кіраўніцтвам працавалі снайпэры. Кіраўніцтва СБУ прывозіла з суседніх рэгіёнаў за грошы так званых „цітушак“ — людзей, якія рабілі бясчынствы, правакацыі. Усё гэта аплочвалася».

Абаронца Майдану кажа, што цяпер Расея анэксуе Крым на той падставе, што ён нібыта незаконна перададзены Ўкраіне колішнім кіраўніком савецкай дзяржавы Мікітам Хрушчовым:
Выбачайце, забіраеце Крым — аддайце нам Растоўскую вобласьць, аддайце ўсё тое, што колісь належала Ўкраіне

«Ведаеце, гістарычна на працягу некалькіх стагодзьдзяў Крым ня быў украінскім. Там жылі і грэкі, і татары — каго там толькі не было. Калі Хрушчоў далучаў Крым да Ўкраіны, то ён адрэзаў Краснадарскі край, Растоўскую вобласьць, Кубань — цэлыя раёны былі адрэзаныя і перададзеныя Расеі. Выбачайце, забіраеце Крым — аддайце нам Растоўскую вобласьць, аддайце ўсё тое, што колісь належала Ўкраіне.

Расея дзейнічае з пазыцыі сілы. Яе цікавяць вайсковыя базы, мора і поўны кантроль. У плянах Расеі, як я разумею, адрэзаць Крым, Адэсу — і да самага Прыднястроўя, дзе стаяць расейскія войскі. І цяпер вельмі зразумела, што такое для іх Абхазія і чаму так было зроблена. І што такое Прыднястроўе, і кім там справакавана была вайна. Гэта Расея! Яна вядзе геапалітыку заваёўніка, імкнучыся дыктаваць усім, каб вярнуць межы былога Саюзу. Пуцін не выглядае чалавекам, які цьвяроза мысьліць, які прымае цьвярозыя рашэньні. Ён — маленькі імпэратар».

Афганец Уладзімер лічыць, што самае паганае ў стасунках паміж людзьмі і народамі — гэта вайна. Расея правакуе ўкраінцаў узяцца за зброю:

«Разумееце, я не хачу ваяваць. Вайна — гэта вельмі пагана. Але калі сюды прыйдуць расейскія войскі, мы будзем абараняцца. Мы будзем абараняцца так, як на Майдане — да апошняга. У нас іншага выйсьця няма. Расея палохае сваёй сілай, але яна не разумее, што будзе, калі людзям раздадуць зброю, колькі людзей будзе забіта й паранена. Мы гэтага ня хочам, нам гэтага ня трэба. Мы хочам жыць добра і ў сваёй дзяржаве. І каб іншая дзяржава, якая цьвердзіла, што яна сяброўская, каб яна нам не перашкаджала тут жыць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG