Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты ня сталі затрымліваць распаўсюдніцу расейскіх сьцяжкоў у Віцебску


Дзяўчыну, якая хадзіла проста па праезнай частцы і раздавала расейскія сьцяжкі кіроўцам машын, заўважыў праваабаронца Павел Левінаў. Паводле ягоных назіраньняў, дзяўчына была не адна: яе «страхаваў» хлопец, стоячы наводдаль.

«Усё гэта адбывалася побач з плошчай Перамогі, на вуліцы Жасткова. Дзяўчына раздавала расейскія сьцяжкі кіроўцам, у яе ў руках было дзясяткі два такіх сьцяжкоў. Я патэлефанаваў у міліцыю па нумары 102, сказаў, што невядомая асоба робіць нешта незразумелае — раздае сьцяжкі суседняй дзяржавы. Значыць, яна выражае пэўныя палітычныя погляды, і гэта, адпаведна, несанкцыянаваны пікет. Мяне выслухалі, перапыталі, ці ня бел-чырвона-белыя там сьцяжкі. А потым заявілі, што „гэта бел-чырвона-белыя забароненыя, а гэтыя — не, бо ў нас адна дзяржава“. Несанкцыянаваны пікет у цэнтры Віцебску нікога не ўстурбаваў», — апавёў Свабодзе праваабаронца.

Павал Левінаў спрабаваў высьветліць, кім і калі забаронены беларускі нацыянальны сьцяг. Але адказу не атрымаў. Тады ён запытаўся пра сьцяг Украіны:

«Спытаўся, ці можна мне сёньня выйсьці ў цэнтар Віцебску з украінскім сьцягам. Міліцыянт сказаў, што можна. Але як толькі запытаў, як ягонае прозьвішча, каб спасылацца на ягоны дазвол, калі раптам што, слухаўку кінулі».

Праваабаронца спрабаваў зьвярнуць увагу міліцыі хаця б на тое, што парушаюцца правілы дарожнага руху і ствараецца аварыйная сытуацыя: чалавек жа раздае сьцяжкі проста пасярод дарогі. Левінаву адказалі, што зараз прыедзе ДАІ і і разьбярэцца. Аднак ніхто так і не прыехаў. Распаўсюдніца тым часам паклікала свайго «ахоўніка», і яны цішком сышлі"

На думку Левінава, рэакцыя супрацоўнікаў міліцыі вельмі красамоўная: яны гатовыя змагацца толькі супраць любых праяваў патрыятызму. Нездарма прагучала пытаньне, ці не раздаюць на вуліцы бел-чырвона-белыя сьцяжкі. А калі сьцяжкі расейскія, то іх можна беспакарана раздаваць ня толькі ў цэнтры Віцебску, але й проста пасярод дарогі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG