Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гуркоў: Беларусаў прыгнятае адчуваньне «неданацыі»


Віталь Гуркоў
Віталь Гуркоў

8 сакавіка ў амэрыканскім Лас-Вэгасе адбудзецца байцоўскі турнір «Kickboxing Empire II. Planet Hollywood», у якім возьмуць удзел тры прадстаўнікі Беларусі: Віталь Гуркоў, Павал Турук і Дзяніс Ганчаронак.

Шанцы ува ўсіх паядынках ацэньваюцца як пераважныя, што лішні раз пацьвярджае лідэрскія пазыцыі беларусаў ва ўсясьветным тайбоксе і кікбоксінгу. Чаму ў адзінаборствах справы непараўнальна лепшыя, чым у іншых спартовых дысцыплінах? Перад ад’ездам у ЗША сакрэт нашаму карэспандэнту Ігару Карнею расказаў Віталь Гуркоў.

У прэстыжным комплексе гульнявой сталіцы сьвету Лас-Вэгасу «Палац Цэзара», дзе ў розныя часы на рынг выходзілі самыя яскравыя зоркі боксу ды баявых мастацтваў, пройдуць 5 паядынкаў. За адзін з тытулаў па вэрсіі IKA пазмагаецца Павал Турук, які сыдзецца з амэрыканцам Шонам Ярбароў, а таксама адбудзецца рэванш Дзяніса Ганчаронка і галяндца Рэдуана Каіро — у 2011-м беларус накаўтаваў супэрніка ў першым жа раўндзе. Дарэчы, у ЗША Дзяніс павёз шыкоўную беларускамоўную відэавізытоўку.



Але асаблівая ўвага заўзятараў будзе прыцягнутая да бою Віталя Гуркова з аўганцам Махамэдам Ацікам Аскарзадэ. Сёлета ў студзені Гуркоў упершыню ў кар’еры заваяваў тытул чэмпіёну сьвету сярод прафэсіяналаў па прэстыжнай вэрсіі WBC, адолеўшы ў напружаным паядынку вядомага тайца Кема Сітсонгпенонга. Сам Віталь перад ад’ездам за акіян не рабіў асаблівых прагнозаў: найперш, студзеньскі бой у Міляне выцягнуў нямала сілаў, па-другое, матч па правілах кікбоксінгу мае сваю спыцыфіку:

«Ну, так, трэба было пасьпець крышачку залекавацца, узнавіцца і быць гатовым да чарговых паядынкаў. Але, ведаеце, без усялякіх прагнозаў, на ўсё, як кажуць, будзе божая воля. Не зусім атрымалася з паўнавартаснымі трэніроўкамі, бо насамрэч была вельмі напружаная падрыхтоўка да бою з Кенам, не ўсё атрымлівалася. Падчас падрыхтоўчага працэсу я вельмі сур’ёзна траўмаваўся, той бой увогуле мог сарвацца, бо яшчэ за два тыдні да сустрэчы былі цяжкія праблемы. Адпаведна, і хваляваньні, з гэтым зьвязаныя. Але ж, як кажуць, прарвёмся...».

Яшчэ ў Менску Віталь казаў Свабодзе, што паядынак у Міляне разглядаў як звышважны — маўляў, такая магчымасьць можа больш не паўтарыцца. Што мелася на ўвазе? Чаму турніру ў Лас-Вэгасе адпачатку адводзіцца другасная роля?

«Так, сапраўды была б адзіная магчымасьць, калі б я, напрыклад, Кену прайграў. Мінулым разам я меў на ўвазе, што калі сустракаешся на прафэсійным рынгу з нейкімі супэрзоркамі, якіх ты не перамагаеш, то наўрад ці атрымаецца сустрэцца зь імі іншым разам, калісьці пазьней. Таму што зазвычай ты становішся ў шэраг тых байцоў, праз якіх ён, скажам так, удала прайшоў і ніхто цябе нічым не запомніў. То бок, калі ты не ўчыніў сэнсацыйную перамогу, то так і застанешся нікім. Ну, а зараз нават ня ведаю, нешта, відаць, усё ж будзе. Я так разумею, што, мабыць, трэба будзе на наступны год гэты тытул прынамсі адстойваць. А ўвогуле вельмі прыемна, што ўсё адбывалася ў Італіі, дзе публіка вельмі і вельмі добра гэта ўспрымае, разумее. У мяне там, магу пахваліцца, ёсьць нават невялічкі фан-клюб: італійцы, якія прысутнічалі на тым турніры, пішуць віншаваньні ў Фэйсбук. Насамрэч вельмі прыемна, бо спартовец, з якім я змагаўся, у іх сапраўдная супэрзорка, ня гледзячы на тое, што ён таец. Гэта ўвогуле была першая ягоная параза за апошнія гады, цягам якіх ён баксіраваў у Італіі».

Беларускія тайбаксёры — адны з самых уганараваных у сваім відзе спорту. Але чаму байцоўскія дысцыпліны так выбіваюцца на тле іншых спартоўцаў, якія ідуць пераважна «на падхопе» ці выступаюць пастаўшчыкамі ачкоў для іншых камандаў? На перакананьне Віталя Гуркова, уся справа ў недаацэнцы ўласных магчымасьцяў: калі беларусы нарэшце павераць ва ўласныя сілы, сытуацыя кардынальна зьменіцца:

«Вельмі часта ў беларусаў выяўляецца такая рыса, якую я называю „
успрымаем сябе невядома кім
неданацыяй“. Чамусьці ня вераць людзі, што мы здольныя нешта зрабіць, дзесьці перамагчы, усё ўспрымаецца як дадзенасьць. Маўляў, і ў футболе ў нас дрэнна, і з хакеем не зрастаецца, і яшчэ дзесьці завал. І гэта тычыцца ня толькі спорту: размаўляем невядома на якой мове — ці на расейскай, ці на беларускай, успрымаем сябе невядома кім. Нейкая неданацыя, нічога пра сябе ня ведам. То бок, надзвычай заніжаная самаацэнка, уласная недаацэнка, як каму больш пасуе.

Калі Беларусь дзесьці прайграе, пачынаюць енчыць: колькі ўжо прайгравалі, які сорам. Адпаведна, пачынаюць яшчэ далей акунаць: як усё дрэнна, таму што дрэнна ў краіне, як жа будзе добра ў спорце. Выснова — ніхто і не перамагае, што адно за іншае чапляецца. А калі нехта дзесьці перамагае, то іншая скрайнасьць: падсудзілі-недасудзілі-перасудзілі, ці то пашанцавала, ці то халява, ці то не было ніякіх складанасьцяў, каб выйграць, бо чэмпіянат ня моцны... Ды моцны-не моцны, будзь у гонары за сваю краіну, што твае землякі дзесьці перамаглі. Такія ж людзі, як ты: з тваёй краіны, з твайго горада, якія ходзяць па гэтай жа зямлі. Проста гонар за тое, што такія ж, як ты, дзесьці прадэманстравалі сваю моц, свой посьпех. У нас у гэтым сэнсе нейкае малавер’е, так скажу. Паўтару, ня толькі ў спорце, гэта паўсюль. Проста больш закрануў спартовую сфэру як спартовец».

Варта сказаць, што прафэсійны пояс па вэрсіі WBC аналягічна з Віталём Гурковым маюць і мелі такія знакавыя асобы як Махамад Алі, Майк Тайсан, Віталь Клічко. З тым толькі адрозьненьнем, што ў боксе. Але ўсе яны цешылі сваімі перамогамі шматлікую публіку ў фэшэнэбэльным «Палацы Цэзара». Застаецца спадзявацца, што ў шэраг такіх жа вялікіх трапяць і беларусы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG