18:21
3.3.2014
Прэм’ер па мянушцы «Гоблін»
Кіраўнік ураду Крыму «быў звычайным брыгадзірам у крымінальнай групоўцы». Пра гэта распавёў Расейскай службе нашага радыё дэпутат украінскага парлямэнту.
18:58
3.3.2014
Жаўнеры ў неапазнанай форме патрулююць Сімферопаль
19:01
3.3.2014
Прарасейскія дэманстрацыі ў Данецку і Адэсе
У Данецку і Адэсе ўдзельнікі прарасейскіх мітынгаў пайшлі сёньня на штурм будынкаў абласной дзяржаўнай адміністрацыі.
19:18
3.3.2014
Частка А2320 ў аблозе расейскіх вайскоўцаў
36-я асобная брыгада берагавой абароны (ваенная частка А2320) у паселішчы. Перавальнае пад Сімфэропалем узятая ў аблогу расейскімі вайскоўцамі без апазнавальных знакаў.
Подступы да прахадной перакрываюць народныя апалчэнцы, журналістаў не прапускаюць, сьцьвярджаюць, што ім невядома, што за войскі абклалі ўкраінскіх вайскоўцаў.
Вітаюць «невядомых» ваенных лёзунгам «Расея!» Сытуацыю камэнтуюць камандзір часткі, сьвятар царквы пры частцы Іван і людзі, якія там прысутнічаюць.
19:23
3.3.2014
Чаму беларускія ўлады практычна ніяк не выказваюцца наконт ваеннай інтэрвэнцыі Расеі ва Ўкраіне? Як, вы лічыце, Беларусь павінна рэагаваць на гэтую агрэсію? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.
20:54
3.3.2014
Хто хлусіць наконт расейскага ўльтыматуму ўкраінскім войскам у Крыме?
Інфармацыю пра ўльтыматум украінскім вайскоўцам пацьвердзіў кіраўнік прэс-службы міністэрства абароны ў Крыме Ўладзіслаў Селязьнёў. Прадстаўнік штабу Чарнаморскага флёту Расеі абверг інфармацыю аб ультыматуме, які нібыта быў прад’яўлены украінскім вайскоўцам у Крыме.
21:09
3.3.2014
«Была прапанова аддаць зброю»
Падпалкоўнік Валер Бойка, намесьнік камандзіра 36-й асобнай брыгады берагавой абароны Сімфэропалю паведаміў: «Мы пераведзеныя ў вышэйшую ступень баявой гатоўнасьці. Здавацца нам ніхто не прапаноўваў, была прапанова аддаць зброю. Але над намі ёсьць вышэйшае ваеннае камандаваньне, якое нам з гэтай нагоды ніякіх камандаў не давала. Зброя знаходзіцца ў асабістага складу».
21:21
3.3.2014
Сход афіцэраў вайскова-марскіх сілаў Украіны адмовіўся падпарадкоўвацца контр-адміралу Беразоўскаму, застаўся верным Украіне, прызнаў прызначанага Кіевам контр-адмірала Гайдука і засьпяваў украінскі дзяржаўны гімн.
21:31
3.3.2014
«Наступны этап — далучэньне Крыму да Расеі»
Расейскія вайскоўцы захапілі большасьць стратэгічных вайсковых аб'ектаў Крыму. У адміністрацыйнай сталіцы Крыму, Сімфэропалі, знаходзіцца карэспандэнт нашага радыё, прадстаўнік татарскай меншасьці Дзілявер Асманаў.
21:38
3.3.2014
Эўрапейскія санкцыі супраць Расеі разгледзяць у чацьвер
Сёньня ў Брусэлі прайшла экстраная нарада міністраў замежных справаў краін ЭЗ, прысьвечаная сытуацыі ва Ўкраіне.
21:53
3.3.2014
Мапа акупацыі вайсковых баз у Крыме
Украінскія журналісты склалі мапу дысьлякацыі ваенных сілаў у Крыме.
23:18
3.3.2014
Абама: Расея ва Ўкраіне «не на тым баку гісторыі»
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што Расея «не на тым баку гісторыі» ва Ўкраіне і што дзеяньні Расеі ва Ўкраіне парушаюць міжнароднае права.
Выступаючы ў панядзелак у Белым доме, Абама сказаў, што рашэньне Расеі ўвесьці войскі ў Крым «дорага будуць каштаваць» Маскве і дадаў, што сытуацыя ў Крыме выклікае «глыбокую трывогу».
Ён заклікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, каб той дазволіў міжнародным назіральнікам выступіць пасярэднікамі ў перамовах, вынік якіх быў бы прымальным для ўкраінскага народу. Абама таксама заклікаў Кангрэс ЗША зацьвердзіць меры хуткай дапамогі для ўкраінскага народу.
23:23
3.3.2014
Вайна анэкдотаў
На фоне драмы ў Крыме, якая можа абярнуцца вялікай крывёй і геапалітычнай катастрофай, здавалася б, ня месца жартам. Але падзеі апошніх дзён спарадзілі хвалю анэкдотаў як ва ўкраінскім, гэтак і ў расейскім інтэрнэце. Больш таго, самі анэкдоты – гэта і адлюстраваньне настрояў у грамадзтве, і зброя ідэалягічнай вайны. Украінскія і расейскія людзі са зброяй стаяць твар у твар, анэкдоты ўжо «страляюць». Хаця можа, калі страляюць анэкдоты, людзі не адкрыюць агонь.
23:39
3.3.2014
Сьвірко: Проста так здавацца войска ня будзе
Які на сёньня падыход Кіева да факту акупацыі Крыму і якія мэханізмы ён спадзяецца выкарыстаць для абароны сваіх інтарэсаў у супрацьстаяньні з Расеяй? Пра гэта мы гутарым з кіеўскім журналістам Юрыем Сьвірко.
23:59
3.3.2014
У Севастопалі чакаюць штурму штаба ВМС Украіны
У штабе Вайскова-марскіх сіл Украіны ў Севастопалі чакаюць штурму ў бліжэйшыя гадзіны.
Як паведаміў Радыё Свабода галоўны рэдактар сайту blacksea.news Андрэй Кліменка, каля штаба ВМС Украіны сабраліся «так званыя казакі», якіх прыкрывае расейскі спэцназ. На думку Кліменкі, ад пачатку штурму казакоў утрымлівае прысутнасьць вялікай колькасьці журналістаў і сваякоў украінскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў штабе ВМС.
Камандаваньне Чарнаморскім флётам Расеі абвяргае інфармацыю аб тым, што абвясьціла ультыматум украінскім вайскоўцам здацца да 5 гадзін раніцы аўторка.