Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвірко: Проста так здавацца войска ня будзе


Юры Сьвірко
Юры Сьвірко

Які на сёньня падыход Кіева да факту акупацыі Крыму і якія мэханізмы ён спадзяецца выкарыстаць для абароны сваіх інтарэсаў у супрацьстаяньні з Расеяй? Пра гэта мы гутарым з кіеўскім журналістам Юрыем Сьвірко.

РС: Самае галоўнае на гэты момант – ультыматум камандуючага расейскім Чарнаморскім флётам, што калі ўкраінскія вайскоўцы не здадуцца, дык пачнецца штурм. Як гэтая навіна сустрэтая ў Кіеве?

Сьвірко: Толькі што у фэйсбуку Дзьмітры Цімчук, інфармацыйны каардынатар украінскіх вайскоўцаў у Крыме, паведаміў, што ў Севастопалі ўжо распачаўся штурм штабу ваенна-марскіх сілаў Украіны. Ён паведамляе, што штаб атакуюць «цітушкі», узброеныя бітамі, за імі стаяць узброеныя расейцы з аўтаматамі. Так што гэты ультыматум не спрацаваў. Працягваюцца сутычкі, заблякаваныя ўкраінскія памежнікі ў Керчы, заблякаваны батальён марской пяхоты ў Феадосіі, таксама ўкраінская вайсковая частка не здаецца каля Сімферопалю, у Перавальным. Украінцы кажуць, што пакуль што ўкраінскі Кіеў ніяк не дапамагае сваім вайскоўцам у Крыме, заблякаваным расейцамі. І што рабіць – вайскоўцы ўкраінскія ня ведаюць. Яны нават ня маюць дастатковай ежы і просяць Кіеў пра дапамогу. Але бальшыня зь іх не здаецца і здавацца не зьбіраецца.

РС: Як бы Вы падсумавалі сёньняшнія захады ўкраінскіх уладаў у абароне сувэрэнітэту? Хоць што-небудзь яны робяць у гэтай справе?

Сьвірко: У Кіеве ўлада робіць тое, што кантактуе з Захадам, спадзяецца на дыпляматычную падтрымку і спрабуе дамаўляцца з Масквой, хаця Масква не ідзе на кантакты. Скажам, прэм'ер Яцанюк ня можа скантактавацца з расейскім калегам Мядзьведзевым. Украіна канцэнтруецца, я магу сказаць, што войска прыведзенае ў поўную баегатовасьць. У Кіеве – чэргі ў ваенкаматы, людзі гатовыя абараняць сваю радзіму. Але ў Кіеве абмяркоўваюць тое, што Расея канцэнтруе войскі на мяжы. І ёсьць паведамленьні, што расейскія танкі могуць пайсьці праз Чарнігаў, гэта 200 кілямэтраў да Кіева, і фактычна гэта той маршрут, якім едзе цягнік «Кіеў-Менск». То бок і беларусы могуць пацярпець, калі гэта здарыцца. І гэта Кіеў вельмі непакоіць. Ёсьць інфармацыя, што некаторыя расейскія грамадзяне забіраюць дакумэнты сваіх дзяцей са школаў і едуць у Расею, кажучы, што будзе вайна.

РС: Юры, і ці можна казаць, што Ўкраіна мае цалкам баяздольнае войска, і што вы скажаце пра мабілізацыю? Гэта мабілізацыя прызыўнікоў якога ўзросту?

Сьвірко: Усеагульнай мабілізацыі пакуль не абвяшчалі, ёсьць толькі добраахвотнікі, і таксама людзей выклікаюць, якія ўжо адслужылі. Выклікаюць толькі тых, хто патрэбны. А наконт баяздольнасьці ўкраінскай арміі – я б яе не недаацэньваў. Ёсьць зброя, ёсьць імпэт і дух непераможны пасьля Майдану. Так што проста так здавацца войска ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG