Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даў Домрачавай Героя Беларусі


Рашэньнем Аляксандра Лукашэнкі біятляністцы Дар’і Домрачавай прысвоена званьне Героя Беларусі.

Пры гэтым пратакольны дакумэнт суправаджаецца лірычным адступленьнем ад імя кіраўніка краіны:

«Дарагая Даша! Гэта грандыёзны посьпех! Ты проста малайчына! Уся Беларусть у захапленьні ад тваёй новай перамогі. Заваяваўшы званьне трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі, ты зьдзейсьніла подзьвіг. Гісторыя сучаснасьці ня ведае падобных выпадкаў. У нашай Айчыне подзьвігі шануюць асабліва. Ад усёй душы віншуем цябе з прысваеньнем вышэйшай узнагароды Радзімы — званьнем Герой Беларусі», — гаворыцца ў віншавальнай тэлеграме.

Гэта першае ўганараваньне беларускага спартоўца вышэйшай узнагародай дзяржавы, дагэтуль збольшага абыходзілася ордэнамі Айчыны розных ступеняў. Вось толькі пытаньне — ці спартовыя заслугі сапраўды адпавядаюць такому тытулу?

За кожны мэдаль вышэйшай вартасьці яшчэ да Алімпіяды ў Сочы было абяцана па 150 тысяч даляраў. Дзякуючы выключным здольнасцям, Дар’я Домрачава ўжо зарабіла 450 тысяч даляраў. А наперадзе — яшчэ дзьве эстафэты.

Домрачава першынствавала ў гонцы перасьледу, на індывідуальнай дыстанцыі 15 кілямэтраў, а таксама ў мас-старце.
XS
SM
MD
LG