Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы — агітатарам: ніякіх подпісаў, ніякіх выбараў


Сяргей Верамеенка
Сяргей Верамеенка
Гарадзенскія актывісты стваранай Беларускай хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Сяргей Верамеенка з сынам Міколам прынесьлі ў камісію подпісы ў апошні дзень, за паўгадзіны да закрыцьця. Прастаялі ў чарзе і за некалькі хвілін да закрыцьця трапілі ў кабінэт. Але старшыня камісіі Ўладзімер Хлябіч катэгарычна адмовіўся іх прымаць. Давялося выклікаць міліцыю.

Сьведкамі таго, што Ўладзімер Хлябіч адмовіўся прымаць падпісныя лісты, сталі яшчэ двое чальцоў камісіі. У міліцэйскім пастарунку актывісты напісалі заяву са скаргай на такія дзеяньні старшыні камісіі.

«Яны ўжо стварылі самі для сябе заканадаўства і паводле яго могуць вырабляць што заўгодна. Ну бо яны маглі прыняць гэтыя паперы і пасьля адмовіць, спаслаўшыся на любую закаручку. Але не, яны нават не пажадалі прымаць ад нас гэтыя дакумэнты».

Яшчэ з большымі неспадзяванкамі сёлета сустрэліся сябры ініцыятыўных групаў падчас збору подпісаў. Ад многіх выбарцаў даводзілася чуць, што яны ня пойдуць на выбары і не жадаюць ставіць ніякіх подпісаў, незалежна ад таго, каго і што прадстаўляе кандыдат. У шмат якіх кватэрах не адчынялі нават, а папросту крычалі празь дзьверы. Спадарыня Галіна зьбірала подпісы ў Горадні распавяла пра настроі выбарцаў:

«Многія казалі, што ня пойдуць на выбары: не, не, не, і ніякіх подпісаў ставіць ня будзем, бо ня бачым ніякіх зьменаў. І каб хоць нехта сказаў, што вось зараз выбары, чакаем, канечне пойдзем — ніводзін чалавек не сказаў».

Іван Крук
Іван Крук
Актывіст АГП з Астраўца Іван Крук, які падчас збору подпісаў наведаў практычна кожнага выбарца ў сваёй акрузе, кажа, што такога пэсымізму ў людзей яшчэ не сустракаў.

«Галоўнае тое, што людзі цалкам страцілі веру ва ўладу. Мне вельмі многія казалі, што ня пойдуць на выбары: маўляў, мы кожны раз за цябе галасавалі, а ўлады рабілі па-свойму, і вынікаў няма».

Жыхар Ваўкавыску Аляксандар Сезень тлумачыць, што на выбары ідзе першы раз і ад адчаю, бо ў доме, дзе жыве ўжо 40 гадоў, ніхто ні разу не зрабіў ніякага рамонту, а ў мясцовым савеце засядаюць адны дырэктары прадпрыемстваў ды іншыя начальнікі, цяпер іх больш за 50%. Днямі ён атрымаў ліст ад сябра, Мікалая Аўтуховіча, які адгаворвае яго ад удзелу ў выбарах. Спадар Сезень цытуе ягоныя словы:

«Ты пагадзіўся гуляць зь імі ў іх нячэсную гульню. Ім гэта толькі і трэба. Вось, маўляў, быў і незалежны кандыдат, але народ яго не падтрымаў. Я ўжо даўно кажу, што ня трэба граць ролю, якая робіць спэктакль легітымным... Сьцежка накатаная настолькі, што шлях толькі адзін, і ён не для такіх, як ты і я. Успрымі гэта спакойна і не пярэч».
Ты пагадзіўся гуляць зь імі ў іх нячэсную гульню. Ім гэта толькі і трэба

Тым ня менш Сезень кажа, што ўжо ня можа зьмяніць свайго рашэньня. У адной з кватэр выйшаў да яго чалавек, які быў пасьля інсульту, хацеў паставіць подпіс, але ня даў рады, бо трэслася рука, і ледзь не заплакаў.

«Я ня ведаў, прапусьцяць такі подпіс у камісіі ці не прапусьцяць. І тут убачыў яго жонку, якая таксама ляжала пасьля інсульту на суседнім ложку. Гэтыя людзі забытыя дзяржавай і нікому не патрэбныя. І потым, хадзіўшы па кватэрах, бачыў, як усе хочуць перамен і лепшага жыцьця».

А вось у сельскія Саветы наагул не сьпяшаюцца нават вылучацца, там сапраўдны дэфіцыт кадраў. Вось што распавёў мне адзін жыхар Дзятлаўскага раёну, які сам, без ініцыятыўнае групы, сабраў подпісы за сваю кандыдатуру:

«Мала хто хоча ісьці на выбары. Упрошваюць, каб нехта кандыдатам стаў. Вось жанчыну папрасілі, і калі я прыйшоў і прынёс у сельсавет подпісы для рэгістрацыі, то мяне запыталі — чаму так позна, маўляў, ня трэба было б нікога прасіць. Бо яны спачатку яе зарэгістравалі, а я прыйшоў у апошні дзень. Ніхто ня бачыць сэнсу нават вылучацца, бо дэпутат ёсьць, але ён нічога ня робіць, бо ня мае ніякіх паўнамоцтваў. Ён проста ёсьць».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, на Гарадзеншчыне ад палітычных партыяў вылучаны толькі 39 кандыдатаў: «Справядлівы сьвет» — 7, КПБ — 2, лібэрал-дэмакраты — 18, АГП — 10, БНФ і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці — па адным, а Аграрная партыя наагул ня ўдзельнічала ў вылучэньні кандыдатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG