Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: выбары ў мёртвых вёсках


У Крычаўскім раёне ў склад выбарчых участкаў трапілі вёскі, дзе няма жыхароў.

Журналісты незалежнай газэты «Вольны горад» налічылі каля дзясятка такіх «мёртвых паселішчаў».

Паводле іхных назіраньняў, сытуацыя з уключэньнем нежылых вёсак у выбарчы працэс паўтараецца кожную выбарчую кампанію. У райвыканкаме ж заяўляюць, што ў вёсках калі і не жывуць людзі, то яны туды могуць вярнуцца, таму іх і ўключылі ў выбарчыя ўчасткі.

Журналістам «Вольнага гораду» паведаміў пра «мёртвыя вёскі» адзін з чытачоў газэты. Ён дзеля прафэсійных абавязкаў аб’яжджае паселішчы раёну. Калі надрукавалі сьпісы ўчасткаў, кажа рэдактар выданьня Сяргей Няроўны, то чытач зьвярнуў увагу на нежылыя вёскі ў складзе выбарчых участкаў.

«Сытуацыя для нас ня новая. Тут дзьве вэрсіі. Непрафэсіяналізм раённых камісіяў і аргаддзелаў, якія банальна перапісалі сьпісы вёсак з папярэдніх выбараў. А другая — мо пэўная гульня з боку ўладаў, якія заўсёды любяць нешта прыпісваць. Яўка каб большая была, працэнт большы. Праўда невядома, колькі яны могуць атрымаць мёртвых галасоў. Але яны лічаць, што чым болей, тым лепей», — мяркуе Сяргей Няроўны.



Журналіст «Вольнага гораду» Мікалай Федарэнка 31 студзеня наведаў некаторыя вёскі, якія ўключаныя ў выбарчыя сьпісы і ў якіх, паводле яго, жыхароў няма. Пра дзьве зь іх — Слабуты і Сарочына — журналіст кажа:

«У Слабутах адны разваліны да пустыя дамы. І адзін чалавек жыве нібыта як пустэльнік. У вёсцы ён не прапісаны. Трымае тут гаспадарку. Даглядае пчол. У Сарочыне няма дамоў — адны фундамэнты засталіся».

У аргаддзеле Крычаўскага райвыканкаму, тлумачачы, чаму нежылыя вёскі ўнесьлі ў склад выбарчых участкаў, спасылаюцца на патрабаваньні Выбарчага кодэксу. Супрацоўніца аддзелу тлумачыць:

«Паселішчы сьпісваюцца, калі там няма нічога — ніякіх будынкаў. Але ж у тых вёсках будынкі ёсьць. Жыльцы там калі і не прапісаныя, то могуць пражываць. Мы пабаяліся, што калі ня ўключым, то раптам хто туды прыедзе і пачне жыць. Туды ж шмат дачнікаў прыяжджае».

На афіцыйным сайце Крычаўскага райвыканкаму ёсьць зьвесткі пра вёскі, якія ўваходзяць у склад сельскіх саветаў. Калі яны былі апублікаваныя, невядома. Даты няма. У сьпісе нямала вёсак, дзе жыхароў менш за дзясятак. Паводле журналістаў «Вольнага гораду», некаторыя зь іх насамрэч ужо зусім апусьцелі: Бранск, Губеншчына, Касьцюкоўка, Гуркова Ніва, Ягораўка ды згаданае ўжо Сарочына.



Сустаршыня незарэгістраванага аб’яднаньня «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка зазначае, што крычаўская сытуацыя зь «мёртвымі вёскамі» для Беларусі не ўнікальная. Падобнае ёсьць і ў іншых беларускіх раёнах. Актывіст не выключае, што гэта можа быць як звычайнай неахайнасьцю — чыноўніцкім недаглядам, гэтак і наўмысным разьлікам:

«З вуснаў спадара Лукашэнкі прагучала, што на выбары прыйдзе 75 працэнтаў. А ўжо з ранейшай практыкі мы ведаем, што гэта заўсёды збываецца. Нельга выключаць, што такім чынам будуць дасягаць тых жа 75 працэнтаў, якія фактычна ўжо запатрабавалі».

Што да Крычаўскага раёну, то апазыцыйныя актывісты ня ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы. Не зьбіраюцца выстаўляць і сваіх назіральнікаў на ўчасткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG