Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі ля помніка Шаўчэнку: «Украіна, мы з табой!»


«Украіна, мы з табой!»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:56 0:00

Грамадзкія актывісты працягваюць акцыю салідарнасьці з удзельнікамі пратэстаў у Кіеве: да помніка Тарасу Шаўчэнку ў Менску нясуць кветкі, а таксама зьбіраюць грошы для сям’і беларуса, які загінуў у Кіеве.

Лідэр руху салідарнасьці «Разам» у Менску Ільля Дабратвор прыйшоў да помніка Тарасу Шаўчэнку, што побач з пасольствам Украіны, з партрэтам гамельчука Міхаіла Жызьнеўскага, запаліў сьвечку. Напярэдадні за гэткую ж акцыю Ільлю разам з групай паплечнікаў затрымалі супрацоўнікі міліцыі:

«Мы прыйшлі пакласьці кветкі, «Магутны Божа» пасьпяваць, што мы і зрабілі. Але пасьля, калі мы сышлі, нас затрымалі. Тры гадзіны нас трымалі ў Цэнтральным РУУС амаль на расьцяжцы. А сёньня я прыйшоў і наноў прынёс партрэт Міхася Жызьнеўскага, нашага грамадзяніна і суайчыньніка, якім можам ганарыцца, каб гэтая акцыя салідарнасьці з Украінай працягвалася. Бо ўчора супрацоўнікі ў цывільным пазьдзіралі ўсё, нават надпіс «Украіна, мы з табой».

Карэспандэнтка: «Што вы думаеце пра гэта?»

«Ганьба гэта. Для гэтых людзей няма законаў, яны жывуць „па паняцьцях“. Лукашэнка баіцца, бо ведае, што ў нас будзе яшчэ горш, а таму хоча здушыць гэта ўсё ў зародку».

Як паведаміў Ільля Дабратвор, сёньня ён абскардзіў у пракуратуру ўчорашняе затрыманьне, падчас якога ў актывістаў таксама адабралі бел-чырвона-белыя сьцягі. Пакуль Ільля запальваў на ветры сьвечку, да помніка падыходзілі і спыняліся людзі, пыталіся, зь якой прычыны адбываецца акцыя, выказвалі свае меркаваньні пра ўкраінскія падзеі:

Спадарыня: «Зь якой нагоды вы гэта робіце?»

Дабратвор: «Забілі беларуса на Майдане».

Спадарыня: «Што вы кажаце!»

Карэспандэнтка: «Як вы расцэньваеце тое, што там адбываецца?»

Спадарыня: «Гэта іх права, іх выбар — ісьці ў Эўразьвяз ці заставацца з Расеяй. Гэта вельмі сумна, страшна проста, каб людзі цярпелі ні за што. Але ў каго ўлада — у таго і сіла, самі цудоўна разумееце».

Спадарыня: «Я ня ведала, што тут, але бачу, што сьвечкі стаяць — падышла паглядзець. Асабіста я больш спачуваю міліцыі. Яны на працы, а ў іх кідаюць пляшкі з запальнай сумесьсю — я лічу, гэта няправільна, ня варта гэтак паводзіцца. Бо чалавек адстойвае сваё працоўнае месца».

Карэспандэнтка: «Але тут, каля гэтага помніка, ушаноўваюць памяць загінулага пратэстоўца».

Спадарыня: «Канечне, гэта бяда — чалавек загінуў. Ён змагаўся за праўду ў спадзяваньні на лепшае жыцьцё».

Карэспандэнтка: «Але гэта не паліцэйскі, гэта пратэстовец...»

Спадарыня: «Я зразумела, але чалавек змагаўся за лепшае жыцьцё. Так атрымалася, што ён загінуў. Хвалюе тое, што людзі б’юцца паміж сабой».

Тым часам для сям’і загінулага Міхаіла Жызьнеўскага грамадзкія актывісты распачалі збор сродкаў у Гомелі, Менску і Варшаве. Адна з ініцыятарак, Дар’я Каткоўская, паведаміла Свабодзе:

«Мне тэлефануюць і шмат пішуць у сацыяльных сетках. Я ня ў стане спаткацца сёньня з усімі і проста зьбіраюся прызначыць месца ў цэнтры гораду, куды могуць прыехаць ахвочыя. Альбо тыя, з кім не атрымаецца сустрэцца, могуць паехаць ва ўправу БНФ, дзе таксама вядзецца збор сродкаў для сям’і Жызьнеўскіх».

Як паведаміла Дар’я Каткоўская, збор ахвяраваньняў для сям’і Жызьнеўскіх не абмежаваны часам і будзе працягвацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG