Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія вернікі пра сэкс-скандал у эпархіі


Эпіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан
Эпіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан

Гомельскі эпіскап Стэфан пакуль ніяк публічна не адрэагаваў на абвінавачваньні ў сэксуальных дамаганьнях да сэмінарыстаў і маладых сьвятароў, якія апублікаваў у сваім блогу маскоўскі протадыякан Андрэй Кураеў.

Спадар Эдуард, які толькі што выйшаў з сабору Пятра і Паўла — галоўнага храму Гомельскай эпархіі — сумняецца ў праўдзівасьці таго, што напісаў дыякан Кураеў:

«Цяпер можна што заўгодна напісаць. Патрэбныя факты, доказы. Калі гэта факт, то я ня ведаю, такому чалавеку ня месца на такой пасадзе. Але калі гэта „падстава“, нейкая ўнутраная барацьба, то таго, хто гэта напісаў, варта жорстка пакараць, каб ён запомніў на ўсё астатняе жыцьцё».

Іншы гомельскі вернік Андрусь зазначае, што тут царква нічым не адрозьніваецца ад іншых інстытутаў грамадзтва:

«Царква — такі ж самы інстытут, як і ўсе астатнія, там людзі з тым жа самым наборам грахоў, як і ў іншых. Думаю, што гэта праблема ўсяго чалавечага грамадзтва — прынамсі, і беларускага, і былога савецкага. Мы неяк не прызнаём, што ў нас значна больш людзей нетрадыцыйнай арыентацыі, чым пра гэта гаворыцца ўслых. У традыцыі — гэта адносіны начальнікаў і падначаленых. Гэта ня толькі царкоўная праблема. Гэта праблема многіх сьвецкіх інстытутаў — проста людзі не прызнаюцца. Гэта спосаб зацьвярджэньня сваёй герархіі, начальніка над падначаленымі. „Блакітных лобі“ шмат у самых розных установах, а ня толькі ў царкве. Так можна, у прынцыпе, абвінаваціць любога начальніка і нават знайсьці сьведак».

Грамадзкі актывіст і вернік праваслаўнай царквы спадар Юры кажа, што эпіскап Стэфан, хоць на пасадзе і нядоўга, пасьпеў станоўча зарэкамэндаваць сябе:
Стэфан на ўсю праваслаўную грамадзкасьць, так скажам, і ня толькі на яе, зрабіў добрае ўражаньне

«Стэфан на ўсю праваслаўную грамадзкасьць, так скажам, і ня толькі на яе, зрабіў добрае ўражаньне — нават у параўнаньні з папярэднікам. Ён адкрыты чалавек і павёў сябе адкрыта, нават у дачыненьні да розных дэмакратычных грамадзкіх арганізацыяў. Я сам меў зь ім паўгадзінную размову. Прыходзіў на прыём. Мы абмяркоўвалі менавіта грамадзкія праблемы Гомельшчыны, у прыватнасьці, праблемы гістарычнай памяці. Мне надзвычай спадабалася ягоная адкрытасьць да ўсёй гэтай тэматыкі. Апрача таго, ён кіраўнік камісіі экзархату па кананізацыі. Гэта ягонымі высілкамі кананізаваныя навамучанікі Іаан Кармянскі й лельчыцкі сьвятар, закатаваны бальшавікамі».

Ня зьвязваючы гомасэксуальны скандал у РПЦ зь імем гомельскага ўладыкі, суразмоўца, аднак, не зьдзіўляецца, што такі скандал узьнік:

«Усе людзі грэшныя. І калі б мне сказалі, што, умоўна кажучы, на прасторах РПЦ нейкі эпіскап падобным займаецца, я, ня ведаючы ніякай інфармацыі, паверыў бы. Разумееце, тут прырода чалавечая — такія выпадкі былі й будуць. І нікуды тут не падзецца. Ёсьць унутрыцаркоўная этыка паводзінаў. Калі дома нейкі сьвятар, дапусьцім, п’е з матушкай, яго паўшчуваюць. Але калі ён напіўся і ўпаў пасярод вёскі ў лужыну і ў яго тыцкаюць пальцам, усе ходзяць і сьмяюцца, гэта ўжо іншае. У першым выпадку яго паўшчуваюць, у другім — яму адразу забароняць служэньне. Карацей, выганяць, бо ў дадзеным выпадку ён дыскрэдытуе царкву».

Аўтар скандальных выкрыцьцяў — протадыякан Андрэй Кураеў, які да нядаўняга часу займаў пасаду прафэсара Духоўнай акадэміі ў Маскве. Дыякан Кураеў у сваім блогу апублікаваў ліст чарнігаўскага сэмінарыста, нейкага Сяргея Ф., у якім сьцьвярджаецца, што эпіскап Стэфан разбэшчваў выхаванцаў сэмінарыяў і маладых сьвятароў.

У інфармацыйным аддзеле Гомельскай эпархіі зазначаюць, што ведаюць пра скандал, у якім фігуруе імя эпіскапа Стэфана, але нічога безь ягонага блаславеньня не камэнтуюць:

«Мы ў курсе, што дзеецца і што зроблена. Нам дадуць блаславеньне — значыць, будзе камэнтар. Не атрымаем блаславеньня — значыць, ня будзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG