Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Асноўныя сродкі на адукацыю пойдуць з кішэняў грамадзянаў»


Студэнты падчас збору бульбы
Студэнты падчас збору бульбы

За два тыдні да Новага году дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытаньні праект бюджэту на 2014 год. Істотна павялічаныя выдаткі на ўтрыманьне КДБ і МУС — адпаведна на 23 і 21%. Паменшаныя выдаткі на адукацыю і культуру. Чаму ідзе сталае павелічэньне выдаткаў на сілавыя структуры і скарачэньне — на адукацыю.

Міністар фінансаў Андрэй Харкавец, прадстаўляючы бюджэт, адзначыў, што фарміраваўся ён у складаных умовах. «Мы лічым, што ён аптымальны па ўзроўні выдаткаў, ня ўтрымлівае лішкаў, мае на ўвазе эканомнае выкарыстаньне кожнага рубля... » — сказаў кіраўнік Міністэрства фінансаў.

На адукацыю ў наступным годзе прадугледжваецца выдаткаваць 6 мільярдаў 599 мільёнаў рублёў — на 36 мільёнаў менш, чым сёлета. У складзе пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы — у асноўным былыя работнікі адукацыі, кіраўнікі аддзелаў адукацыі, настаўнікі. Ці спрабавалі яны адстаяць бюджэт хаця б на ўзроўні 2013 году? Зь дзевяці сябраў пастаяннай камісіі ў пятніцу датэлефанавацца ўдалося толькі да аднаго — да намесьніка старшыні камісіі Аляксандра Сягодніка. Ён аказаўся нешматслоўным:

«Па-першае, бюджэт не паменшылі, па-другое, я ня ведаю, з кім маю адносіны па тэлефоне. Усяго добрага!»

З кожным годам у дзяржаўных беларускіх ВНУ павялічваецца колькасьць платнікаў, і памяншаецца — бюджэтнікаў. Аплата за вучобу падвышаецца 3 — 4 разы на год. Цяпер новая тэндэнцыя: як мага больш набіраць на вучобу замежных студэнтаў. І хаця тыдзень таму на парлямэнцкіх слуханьнях па праблемах адукацыі міністар адукацыі Сяргей Маскевіч прызнаў, што «у Беларускім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце і БДУ суадносіны складаюць адзін да чатырох — пяці — гэта крытычныя суадносіны», колькасьць студэнтаў-замежнікаў будзе расьці і далей. Зь цяперашніх 16 тысяч да 20 — 25 тысяч, як паведаміў міністар Маскевіч.

Дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта, сябра Балёнскага камітэту Андрэй Лаўрухін, што да зьмяншэньня бюджэту на адукацыю, выказаў такое меркаваньне:

Андрэй Лаўрухін
Андрэй Лаўрухін
«Прыярытэты зразумелыя. Каб прыемна было жыць сілавікам. А што да адукацыі — ну ёсьць яна і ёсьць. Гэта такая кансэрвацыя, мне здаецца. Гэта такі знак, што ўсё будзе кансэрвавацца — каб цалкам заняпаду не было, але ніякіх рэформаў у адукацыі ня будзе. Таму што рэформы вымагаюць сродкаў. Другі знак з бюджэту, які мы атрымалі, гэта тое, што асноўныя сродкі на адукацыю пойдуць з кішэняў нашых грамадзянаў. Гэта — адзіная надзея: што падтрымліваць вышэйшую адукацыю ды й наагул адукацыю будуць самі грамадзяне Беларусі».

Былы рэктар Белдзяржунівэрсытэта прафэсар Аляксандар Казулін заўважае яшчэ адну тэндэнцыю: беларуская моладзь усё часьцей аддае перавагу адукацыі за мяжой:

Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін
«Кожны год усё менш і менш грошай на адукацыю ідзе, і гэта проста відавочна. Калі паглядзець на сытуацыю крыху зь іншага ракурсу, дык сёньня, я лічу, большасьць маладых людзей хоча атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой — і зьяжджае, каб вучыцца за мяжой. Гэта вельмі красамоўна характарызуе ўзровень нашай вышэйшай адукацыі. Ну і набіраюць туркмэнаў, кітайцаў, якія па-расейску не размаўляюць, затое плацяць грошы. Вось такая ў нас адукацыя».

Праз тыдзень дэпутаты павінныя прыняць бюджэт у другім чытаньні. Палата прадстаўнікоў яшчэ можа прапанаваць Міністэрству фінансаў «падправіць» бюджэт і пераразьмеркаваць сродкі на тую ж адукацыю і культуру, якія пацярпелі больш за ўсіх — амаль на 19%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG