Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Пікулік: «Пераможца ў калійнай вайне невядомы»


Аляксей Пікулік
Аляксей Пікулік

«Інвэстыцыйны імідж Беларусі ня моцна пацярпеў ад калійнага канфлікту. Ён і так быў кепскі», — лічыць акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных дасьледаваньняў Аляксей Пікулік.

Рашэньне пра экстрадыцыю ў Расею генэральнага дырэктара «Ўралкалію» Уладзіслава Баўмгертнэра было прынятае літаральна неўзабаве пасьля таго, як стала вядома: доля Сулеймана Керымава ў расейскай кампаніі адыдзе расейскаму алігарху Міхаілу Прохараву.

«Ці зьвязаныя гэтыя падзеі, цяпер сказаць вельмі складана, — кажа Аляксей Пікулік. —У нас няшмат інфармацыі. Мы можам казаць, што тут мы маем справу зь нейкімі непразрыстымі дамоўленасьцямі паміж Расеяй і Беларусьсю. У чым канкрэтна быў абмен, мы меркаваць ня можам. Магчыма, таму што Прохараў заявіў пра пакупку долі Керымава ва „Ўралкаліі“. Магчыма, таму што Беларусь спрабуе дамовіцца зь Сечыным пра пастаўкі нафты на наступны год. Камэнтаваць тут нешта вельмі цяжка».

Аляксандар Лукашэнка наўпрост заяўляў, што гатовы ўзнавіць супрацоўніцтва з «Уралкаліем», але пасьля таго, як зь яго сыдзе Керымаваў. Ці ўзновіцца беларуска-расейскі картэль?

«Беларускаму боку вельмі неабходна ўзнавіць супрацоўніцтва з „Уралкаліем“, — кажа Аляксей Пікулік. — У Беларускай калійнай кампаніі няма шмат кампэтэнцыі для таго, каб падпісваць кантракты самастойна, наладжваць сеткі збыту; адміністратыўна-чалавечы ўзровень не такі высокі, як і не такая добрая якасьць апэратыўнага мэнэджмэнту. Таму ім патрэбны сур’ёзны партнэр. І спроба вярнуцца да картэльнага ўрэгуляваньня цэнаў — таксама вельмі істотная справа для „Беларускалія“. Беларусь вымушаная імкнуцца ўзнавіць гэта супрацоўніцтва, і я думаю, што гэта ўдасца».

Паводле меркаваньня Пікуліка, інвэстыцыйнаму іміджу Беларусі калійная вайна не пашкодзіла. «Ён і без таго быў вельмі кепскі», — тлумачыць аналітык.

Аляксей Пікулік мяркуе, што вызначыць пераможцу ў калійнай вайне на дадзены момант таксама немагчыма:

«Не хацелася б займацца кансьпіралёгіяй. Пакуль мы ня ведаем, якія дамоўленасьці былі дасягнутыя паміж бакамі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG