Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цэны ў турэмных шапіках істотна вышэйшыя за сталічныя»


Так сьцьвярджаюць удзельнікі праграмы — былыя асуджаныя, сваякі зьняволеных, праваабаронцы.

Тым ня менш, нягледзячы на нерэальныя часам кошты тавараў ва ўнутраных крамках, якія ёсьць пры кожнай калёніі ды СІЗА, іх неадпаведна нізкую якасьць, а таксама надзвычай бедны асартымэнт, гэтыя гандлёвыя кропкі прыбытковыя. Шмат якія тавары разьмятаюць у ларках на самым пачатку так званай атаваркі (яна для кожнага зэка можа быць не часьцей як два разы на месяц). У крамцы, дзе гандлююць усялякай драбязой кшталту харчовых прадуктаў ды прадметаў гігіены, найбольшым попытам карыстаюцца тытунёвыя вырабы ды гарбата. Кажуць, што столькі гарбаты, колькі ў ларках, не прадаецца ў ніводнай вольнай краме. Вельмі хадавыя і розныя прысмакі, кшталту цукерак ды печыва, салодкая газіроўка, спэцыі, хлебабулачныя вырабы. Нярэдка можна пачуць, што турэмны шапік для зэка — прыкладна тое ж, што вакно на волю.


У турэмных крамах Латвіі і Расеі


Высокія кошты, нізкая якасьць, бедны асартымэнт — як правіла, галоўная прыкмета ці ня ўсіх гандлёвых кропак у турмах постсавецкіх краінаў. Выключэньне — хіба што краіны Балтыі. У той жа Латвіі, калі некалькі гадоў таму рашэньнем Управы месцаў зьняволеньня турэмныя кропкі ўвайшлі ў гандлёвую сетку супэрмаркетаў SIA Mego, якасьць тавараў стала лепшая, цэны — істотна ніжэйшыя і аднолькавыя для ўсіх турмаў краіны, а асартымэнт — непараўнальна шырэйшы. «Дый даходы ларкоў істотна павялічыліся ў параўнаньні з тым часам, калі яны належалі дробным прадпрымальнікам, — кажуць прадстаўнікі латвійскай пэнітэнцыярнай сыстэмы, — а гэта вельмі істотна пры цяперашняй эканамічнай сытуацыі».

Што да беларускіх турэмных крамак, дык тут усё прыкладна як у суседняй Расеі — вязень вымушаны набываць тое, што ёсьць, і пры гэтым казаць «дзякуй».

Вось як апісвае атаварку ва Ўладзімірскай калёніі строга рэжыму ў кніжцы «Закладнік. Гісторыя мэнэджэра Юкаса» былы расейскі палітвязень Уладзімер Пераверзін.

Уладзімер Пераверзін
Уладзімер Пераверзін
«Турэмны ларок — важнае месца ў жыцьці кожнага зэка. Атаварыцца тут можна ня больш як на дзьве тысячы рублёў (крыху болей за 60 даляраў) у месяц. У ларок ходзяць далёка ня ўсе асуджаныя, бо грошы ёсьць не ўва ўсіх.

…Пакуль я сядзеў у СІЗА, мне многія знаёмыя перавялі грошы на асабовы рахунак, і сабралася ладная сума — семдзесят тысяч рублёў. Для горада Ўладзіміра (тут знаходзілася калёнія), асабліва для вязьняў, гэта шалёныя грошы. Пра суму ведае начальнік атраду, ведае заўгас, ведаюць днявальныя. Вестка, што ў мяне на рахунку ляжаць такія грошы, становіцца навіной дня і прадметам бурных абмеркаваньняў. Да мяне даносяцца прыглушаныя размовы і камэнтары: «А яшчэ кажа, што ня краў!»

Гэтую гісторыю пра сябе я яшчэ пачую неаднойчы. Яна разрасьцецца, сказіцца і абрасьце выдумкамі.

«Кажуць, у цябе на рахунку ў калёніі мільён ляжыць», — цішком паведамляюць мне вязьні.

«А які ў цябе быў заробак?» — выпытваюць некаторыя. З усіх бакоў сыплюцца просьбы што-небудзь купіць. У многіх няма мыла, зубной пасты і іншых элемэнтарных рэчаў.

Кіруемся ў ларок. Заходзім у невялічкую крамку з прылаўкам і застаўленымі таварам паліцамі. Кансэрвы, гарбата, цыгарэты, цукеркі, зэфір, зубная паста — гэта далёка ня поўны пералік. У краме працуюць дзьве прадавачкі і загадчык, якога асуджаныя ласкава-лісьліва называюць Палыч. У мінулым турэмшчык, выйшаўшы на пэнсію, ён вырашыў працягнуць працу з асуджанымі і ўладкаваўся на працу ў шапік. Сын яго, падпалкоўнік, працуе тут жа — намесьнікам начальніка калёніі па бясьпецы і апэратыўнай працы.
Палыч можа многае. Ён можа адкласьці асабліва дэфіцытны тавар, можа дазволіць атаварыцца на вялікую суму

Нягледзячы на завышаныя цэны, якія адрозьніваюцца ад тых, што на волі, раза ў паўтара, увесь тавар карыстаецца попытам і разыходзіцца на ўра. Выбару няма. Хочаш — бяры, ня хочаш — сыходзь. Палыч можа многае. Ён можа адкласьці асабліва дэфіцытны тавар, можа дазволіць атаварыцца на вялікую суму. Дачакаўшыся сваёй чаргі, перш за ўсё ты трапляеш да Палыча. Ён глядзіць, колькі ў цябе грошай на асабовым рахунку, і пытаецца пра суму, на якую ты будзеш набіраць прадукты. Мне гэты Палыч не спадабаўся адразу. Я яму таксама. Убачыўшы ў мяне ў картцы семдзесят тысяч, сурова спытаў: «На колькі будзеш атаварвацца?»

Успомніўшы пра розныя просьбы, як ні ў чым не бывала кажу: «На дзесяць тысяч».

«А-а-а-а-а…Што?», — ён адкрыў рот, захрыпеў, намагаючыся нешта сказаць, і вылупіў вочы. Я думаў, у яго здарыўся інсульт або нэрвовы прыпадак.

«А на колькі можна атаварвацца?» — цікаўлюся я.

«На дзьве тысячы», — хрыпіць Палыч, сьпісваючы ў мяне з рахунку грошы і выдаючы квіток.

Я прасоўваюся ўздоўж прылаўка да прадавачак і купляю тэлефонныя карткі, а на рэшту грошай набіраю ўсяго ўсякага — цыгарэт, гарбаты, цукерак, печыва. Вяртаемся ў атрад. Набытыя два блёкі цыгарэт і некалькі пачкаў гарбаты аддаю Зуеву, свайму партнэру па дзяжурствах і мыцьцю падлогі. Мне вельмі хочацца салодкага. Печыва і цукеркі зьнішчаюцца адразу. Іншага шанцу ня будзе. Частую ўсіх сваіх прыяцеляў…»

Атаварка праз інтэрнэт-краму ў СІЗА «Кресты» ў Санкт-Пецярбургу



Атаварка для штрафнікоў


Для беларускіх вязьняў, залежна ад рэжыму ўтрыманьня, вызначаныя свае сумы атаваркі.

Згодна з артыкуламi 118–121 Крымінальна-выканаўчага кодэксу РБ, асуджаным папраўчых устаноў агульнага, узмоцненага ды строгага рэжыму дазволена штомесяц набываць тавараў на суму, роўную адпаведна шасьці, пяці і чатыром базавым велічыням. Тым зэкам, якія паказалі сябе з самага лепшага боку і якіх перавялі на палепшаныя ўмовы ўтрыманьня, дазваляецца дадаткова пры наяўнасьці сродкаў на асабовых рахунках набываць прадуктаў адпаведна на чатыры, тры і дзьве базавыя велічыні. Штрафнікам, незалежна ад рэжыму ўтрыманьня, месячная сума атаваркі зьніжаецца да дзьвюх базавых велічынь. Пры гэтым адна базавая велічыня (130 тысяч беларускіх рублёў) павінна ісьці на набыцьцё прадуктаў, а другая — на прадметы гігіены ды побыту. На дадатак штрафнікам зьмяншаецца колькасьць пасылак ды харчовых перадачаў.

Праз штрафныя санкцыі праходзяць многія беларускія палітвязьні. Пару гадоў таму палітвязень Глыбоцкай калёніі Зьміцер Дашкевіч, паводле сьведчаньняў ягонай жонкі Насты, мог набыць на адну базавую велічыню (тады яна складала 35 тысяч рублёў) пачак маргарыну і крыху цукерак. Цяперашнія штрафнікі на 130 тысяч рублёў пакуль набываюць крыху больш. Асуджаны Бабруйскай калёніі Алесь Бяляцкі, паводле сьведчаньня жонкі — Натальлі Пінчук, купляе сабе «сыр, печыва, нешта салодкае». Асуджаны Наваполацкай калёніі Ігар Аліневіч, паводле словаў ягонага бацькі Ўладзімера, купляе сабе «згушчонку, нейкія кансэрвы, печыва, часам здаралася, што капусту ды садавіну».

Толькі два мінімальныя заробкі дазволена патраціць у месяц і палітвязьню магілёўскай «крыткі» Міколу Статкевічу. Паводле жонкі Марыны Адамовіч, «звычайна ён купляе сабе нешта салодкае, печыва, таксама сланечнікавы алей. Працяглы час змагаецца за тое, каб ў краме заўсёды была ў продажы цыбуля, бо яна рэгулярна зьнікае з асартымэнту» Адрозна ад вязьняў калёніі, «крытнікаў» ня водзяць у крамку. Ім, гэтак жа як і падсьледным у СІЗА або вязьням-пажыцьцёвікам ды сьмяротнікам, два разы на месяц у камэру прыносяць сьпіс, зь якога яны б маглі выбраць ды заказаць у краме тыя ці іншыя тавары. Адзначым, аднак, што ў падсьледных, сьмяротнікаў ды пажыцьцёвікаў на суму абмежаваньняў няма, але ёсьць абмежаваньні на колькасьць і аб’ём набыцьця тавараў.


«Уплываць на завоблачныя турэмныя цэны — немагчыма»


Як адзначае праваабаронца «Плятформы» Алёна Красоўская-Касьпяровіч, у кожнай турме ды папраўчай калёніі свае прэйскуранты.

«Калі б гэта быў цэнтралізаваны гандаль, накшталт таго, што існуе ў пэнітэнцыярных установах Латвіі, тое, што адбываецца ў турэмных крамах, усё ж паддавалася б нейкаму кантролю. У беларускіх турмах дзейнічае, хутчэй за ўсё, наступная схема: заключаюцца дагаворы, хутчэй за ўсё, з прыватнікамі, якія прывозяць у калёніі прадукты харчаваньня і непасрэдна гандлююць імі. Улічваючы закрытасьць установаў, адсочваць гэтыя часам завоблачныя цэны, а тым больш уплываць на іх — немагчыма. Адзіная магчымасьць — гэта калі зьняволеныя самі пачынаюць скардзіцца на сытуацыю. Тады іх сваякі, праваабаронцы пачынаюць магутную атаку на Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Тыя, у сваю чаргу, арганізуюць праверкі. У выніку робяцца нейкія захады, хоць і вельмі кароткачасовыя. Акрамя скаргаў на цэны, вельмі шмат прэтэнзіяў зьвязаныя з адсутнасьцю касавых апаратаў».

На парушэньні ўмоваў гандлю ў турэмных крамах неаднойчы зьвяртала ўвагу на сустрэчах з кіраўніцтвам ДВП жонка асуджанага Магілёўскай калёніі № 15 Людміла Кучура (пра лёс яе мужа мы расказвалі ў адной з нашых мінулых праграмаў).

Людміла Кучура
Людміла Кучура
Кучура: «Касавы апарат павінен быць. Гэта ж крама, дзе павінна рабіцца фінансавая справаздача. Я яшчэ два гады таму ўзьняла гэтае пытаньне ў Дэпартамэнце, таксама гаварыла пра абсалютна неадэкватныя цэны. Пра нейкія зрухі даведалася зь ліста аднаго асуджанага — а я лістуюся з многімі зьняволенымі — толькі пры канцы гэтага лета. Вось што напісаў мне вязень:

«Прыяжджаў да нас з праверкай чалавек з ДВП. Я расказаў яму пра кошты ў ларку. Неўзабаве цэны зьнізілі, прычым істотна. Напрыклад. Гарбата ліставая каштавала (цэны на канец ліпеня) 23.000, стала каштаваць 17.000, кава „Жардын“ была 60.000 — стала 40.000, малы пачак зэфіру быў 8.000 — стаў 5.000, гарбата ў пакеціках была 21 000 — стала 16 000, алей быў 19.000 — стаў 15.000, журавіны, працёртыя з цукрам, былі 39.000 — сталі 36.000. Гэта асноўныя тавары, на астатнія цэны карэктуюцца»
Зь ліста аднаго асуджанага да Людмілы Кучуры
Зь ліста аднаго асуджанага да Людмілы Кучуры

А вось сытуацыя, пра якую расказалі былыя асуджаныя Івацэвіцкай ПК-5.

Гэты званок быў зроблены ў нашу праграму пару гадоў таму на просьбу Міколы Аўтуховіча. Да пераводу ў Гарадзенскую «крытку» ён утрымліваўся ў Івацэвічах. Калі ён мог, ён перадаваў на волю свае нататкі сам, калі яму адмаўлялі ў тэлефанаваньнях, прасіў начытаць іх праз тэлефон сваіх сяброў. Запісы Аўтуховіча пра тое, што адбываецца ў калёніі з турэмным гандлем агучыў былы асуджаны Ігар Міхнавец. Паводле сьведчаньняў цяперашніх вязьняў, сёньня ў ПК мала што зьмянілася, акрамя росту цэнаў у турэмным шапіку.

Наўпроставы лінк


«Асуджаныя ПК-5 неаднойчы ўздымалі пытаньне адносна продажу ў калёніі няякасных тавараў са скончаным тэрмінам карыстаньня.

Пры мне адзін зьняволены набыў у ларку дзьве запальнічкі. Але не прайшло і дзесяці хвілін, як вярнуўся назад і паскардзіўся, што ў іх няма і паловы газы. Папрасіў памяняць іх. Не памянялі.

Таксама пры мне адзін асуджаны хацеў вярнуць назад вялікі кавалак сала, які пах селядцом. Тавар не памянялі, грошы не вярнулі.

Летам у краме (2011) зьдзівіла якасьць памідораў ды яблык. Выгляд у іх быў яўна нетаварны. Складалася ўражаньне, што супрацоўнікі ПК носяць гэтую садавіну-гародніну з уласных гародаў.
Як спажыўцу давесьці, што ён набыў няякасную, пратэрмінаваную рэч? А ніяк!

Мяне зьдзівілі кошты. Адкуль яны ўзяліся? Як мне паведамілі, на той пэрыяд памідоры і яблыкі добрай якасьці прадаваліся ў Менску ўдвая таньней.

Ці яшчэ адзін прыклад. Бацькі аднаго з асуджаных прывезьлі сыну на спатканьне набытую ў вольнай івацэвіцкай краме зубную шчотку. Там яна на той час каштавала 2800. Крыху раней сам асуджаны набыў у ларку дакладна такую ж, але за 5800.

Як спажыўцу давесьці, што ён набыў няякасную, пратэрмінаваную рэч? А ніяк! Спробы асуджаных скардзіцца спыняюцца адміністрацыяй».


«Адміністрацыі выгадна, каб касавых апаратаў у ларках не было»


«Ці ёсьць у вашай крамцы ў калёніі касавы апарат?» — спыталася я ў Вячаслава, які некалькі тыдняў таму вызваліўся з Магілёўскай калёніі пасьля васьмігадовай адседкі.

У адказ мой суразмоўца толькі засьмяяўся:

«Быў момант, калі да нас прыяжджала чарговая праверка. Тады прадавачак абавязалі паставіць касавы апарат. Тады нават затрымалі атаварку, абяцалі, што ў выніку будуць чэкі на рукі даваць. Я тады нават падумаў: хоць можна будзе карціну скласьці, колькі рэальна мне трэба тут грошай. Бо калі ты купляеш у ларку, ты фактычна можаш адсачыць кошт цыгарэтаў ці кавы з гарбатай, але вось захацеў, напрыклад, узяць грамаў 200 каўбасы…Само па сабе пытаньне, колькі насамрэч табе ўзважылі. Дык яшчэ і чэкаў на гэта няма. Дык вось, пасьля той дэпартамэнцкай праверкі хтосьці з крамы пару разоў прыносіў чэкі. Асабіста я апаратаў нават не пабачыў. Зразумела, гэта выгадна адміністрацыі…Я больш чым упэўнены, што прадавачка, калі ў яе спытацца, проста скажа, што ня мае часу на ўсё гэта, бо ідзе такі наплыў — у адзін дзень атаварваюцца тры атрады, у тры зьмены. І вось прыйшлі, скажам, у адну зьмену чалавек 60…»

Як кажа Алёна Красоўская-Касьпяровіч, да праваабаронцаў таксама даходзяць зьвесткі пра шматлікія парушэньні, зьвязаныя з адсутнасьцю касавага апарату:

«Асуджаныя найчасьцей скардзяцца на тое, што з-за таго, што ў чарзе цэлы атрад і ўсе сьпяшаюцца, спазьняюцца, ніхто так і не пасьпявае пераправерыць тую суму, якую ім у якасьці здачы выдае прадавачка. У выніку атрымліваецца, што грошай недадалі. Часам, паводле нашых зьвестак, атрымліваецца, што ў завышэньні сумы пакупкі ёсьць непасрэдная зацікаўленасьць атрадніка. На тую розьніцу, якая атрымліваецца ў выніку недадачы, ён якраз бярэ для сябе тыя ж цыгарэты або прадукты».


«Турэмны гандаль — бізнэс сямейны?»


Зыходзячы з уласнага досьведу, былы асуджаны Вячаслаў не выключае, што турэмны гандаль — ужо даўно сямейны бізнэс:

«Неяк наш намесьнік начальніка рэжымнага аддзелу ў адказ на нашы скаргі пра тое, што робіцца ў крамцы, выказаўся зусім недвухсэнсоўна. У гэтым ларку, высьветлілася, працуе ягоная жонка. Гэта прыватная крамка, прыватны завоз, а таму і кошты завышаныя. Прычым ладна — у паўтара-два разы. Напрыклад, я вельмі люблю каву, а таму прасіў жонку набываць яе на волі ў Менску і дасылаць мне ў перадачах. Купляць на месцы ўдвая даражэйшую і нізкай якасьці рука не паварочвалася. Тое, што робіцца з цэнамі, тых, хто сядзіць, ніколькі не зьдзіўляе. Гэта зона».

«Каб гандляваць на тэрыторыі папраўчай установы, трэба з усімі дзяліцца», — кажа Алёна Красоўская-Касьпяровіч. Яна падзяляе думку, што турэмны гандаль можа ўваходзіць у нечае сямейнае прадпрыемства:
Усе добра разумеюць, што гэта сур’ёзны бізнэс, дзе тата можа быць начальнікам, мама — галоўным бухгальтэрам…

«Усе добра разумеюць, што гэта сур’ёзны бізнэс, дзе тата можа быць начальнікам, мама — галоўным бухгальтэрам, сын — начальнікам нейкага аддзелу, дачка, нявестка, цёця, дзядзя — яшчэ кімсьці. У тым ліку і ў ларках. Бо ўсё гэта прыбытак. Але, акрамя асуджаных, гэта больш нікога не цікавіць. І калі тыя не пачынаюць скардзіцца, то на гэта ніхто не рэагуе».

Праваабаронца адзначае і тое, што пэўны бізнэс робяць на набытых прадуктах ужо самі зьняволеныя. Напрыклад, цыгарэты, гарбата, кава, шакаляд служаць у зоне нібыта ўласнай валютай. Зь яе дапамогай некаторыя вязьні-пакупнікі прапануюць выканаць замест сябе ня надта прыемную працу тым, хто лічыцца незаможным або мае нізкі статус.

«Тыя, хто ня можа атаварыцца ў ларку і не атрымлівае перадачы з волі, яны выконваюць працы, за якія зь імі разьлічваюцца цыгарэтай, гарбатай ці нават ежай… А таму той жа тытунь па максымуме набываюць у крамцы і тыя, хто курыць, і хто ня курыць», — кажа Алёна Красоўская-Касьпяровіч.


З апытаньня грамадзкай думкі: «Дарагоўля — спосаб прыніжэньня ЗК»


Наўпроставы лінк


Як вынікае з апытаньня мінакоў на вуліцах Магілёва (у гэтым горадзе тры турэмныя ўстановы), большасьць апытаных рэзка адмоўна ставяцца да высокіх цэнаў у турэмных шапіках. Многія лічаць, што дарагоўля ў гандлёвых кропках за кратамі — гэта форма дадатковага пакараньня і прыніжэньня. Апытаныя трымаюцца думкі, што цэны на адны і тыя ж тавары павінны быць ва ўсіх турэмных крамах аднолькавыя і ў любым выпадку не даражэйшыя за сталічныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG