Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаліба: дзяржава ў першых шэрагах разганяе інфляцыю


Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
У 2014 годзе будуць павялічаныя стаўкі акцызаў на аўтамабільнае паліва — на 14%, тытунёвыя вырабы — ад 24% да 40%, моцную алькагольную прадукцыю — на 27,3%. Рост ставак па астатніх акцызах мяркуецца ў межах 20%. Пры гэтым захаваюцца цяперашнія стаўкі падаткаў на дададзеную вартасьць і на прыбытак.

Пра гэта паведаміў намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня бюджэтнай палітыкі Міністэрства фінансаў Алег Селіверстаў, выступаючы 12 лістапада ў Менску на сумесным пасяджэньні некалькіх камісіяў Палаты прадстаўнікоў.

Паводле эканаміста Барыса Жалібы, што тычыцца акцызаў, то іх падвышэньне пайшло больш інтэнсіўна.

«Ужо падлічылі, колькі разоў падвышалі акцызы на паліва. Ніколі раней не было, каб столькі разоў на год. Пра што гэта сьведчыць? Гэта паказвае, што наш бюджэт нясе сур’ёзныя страты. Найперш ад таго, што ў нас кепскія справы з экспартам. Пошліны ад экспарту паступаюць у бюджэт, і сёньня такіх паступленьняў няма. Таму трэба чымсьці кампэнсаваць. Ну, і такі падыход, што калі павышаць цэны, то, вядома, на паліва, бо аўтамабілісты — гэта людзі больш-менш забясьпечаныя, і яны перажывуць. Яны ж сказалі мэту, якая прыкрывае гэтае павышэньне: нібыта выраўняць цэны на бэнзіны, салярку з Расеяй. Ужо ж практычна яны выраўнялі. Незалежна ад таго, што нафта ў нас усё ж такі ідзе з Расеі танная. Ну, і гэта азначае, што і надалей мы будзем жыць пад інфляцыяй, якая будзе на нас ціснуць і ў наступным годзе. Яна зноў будзе роўная добрай такой двухзначнай лічбе. У нас дзяржаўная, адміністрацыйная інфляцыя. То бок дзяржаўныя органы самі прымаюць рашэньне павысіць цэны на паліва, на іншыя падакцызныя тавары, на жыльлёва-камунальныя паслугі і гэтак далей. Гэта менавіта сьпіс тавараў і паслугаў, якія кантралюе дзяржава. Яна і разганяе сёньня інфляцыю ў першых шэрагах».

Сёлета гадавая інфляцыя ў Беларусі складае каля 15%. Паводле Жалібы, рабіць прагнозы наконт інфляцыі ў наступным годзе складана, бо агульная эканамічная сытуацыя вельмі дрэнная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG