Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь. Індэкс несвабоды


Беларусь — апошняя ў Індэксе свабоды прэсы сярод краінаў «Усходняга партнэрства» Эўразьвязу.

У новым, другім па ліку, Індэксе свабоды прэсы ў краінах «Усходняга партнэрства» экспэрты вызначаюць тры найлепшыя і тры найгоршыя падзеі, якія паўплывалі на разьвіцьцё незалежных СМІ.

Першая сярод найгоршых для Беларусі падзеяў у гэтым шэрагу — пазбаўленьне ліцэнзіі выдавецтва «ЛогвінаЎ».

На другім месцы — папярэджаньне, якое атрымала газэта «Народная воля» ад Міністэрства інфармацыі.

На трэцім — выпадкі канфіскацыі на мяжы друкаванай прадукцыі, якую ўлады правяраюць «на экстрэмізм».

Гэты антырэйтынг складаўся экспэртамі яшчэ да таго, як беларускі бізнэсовец Андрэй Белякоў падаў у Вярхоўны суд Беларусі пазоў з патрабаваньнем забараніць выкарыстоўваць гандлёвы знак тэлеканалу «Белсат».

Пазытыўных падзеяў у Беларусі не набралася і трох. Экспэрты адзначылі толькі спыненьне крымінальнага перасьледу гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута, заўважаючы, што адбылося гэта ня з добрай волі ўладаў. Другой пазытыўнай падзеяй сталіся прапанаваныя правайдэрамі інтэрнэту новыя магчымасьці, якія павялічваюць доступ да інтэрнэт-прасторы.

«Мы па-ранейшаму для ўлады пятая калёна, — заявіў з нагоды выхаду Індэксу свабоды прэсы Аляксандар Старыкевіч, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты „Салідарнасць“. — Можна прагназаваць: чым бліжэй прэзыдэнцкая кампанія, тым мацнейшымі будуць рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў».
Барыс Гарэцкі, Міхась Янчук, Аляксандар Старыкевіч і Андрэй Бастунец на прэсавай канфэрэнцыі пра Індэкс свабоды прэсы
Барыс Гарэцкі, Міхась Янчук, Аляксандар Старыкевіч і Андрэй Бастунец на прэсавай канфэрэнцыі пра Індэкс свабоды прэсы

Іншы прадстаўнік БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец, адзначыў, што па ўсіх пазыцыях Беларусь ізноў апынулася на апошнім месцы сярод краін «Усходняга партнэрства». За пэрыяд маніторынгу ў Беларусі былі зафіксаваныя затрыманьні журналістаў пры выкананьні прафэсійных абавязкаў, незаконнае выманьне носьбітаў інфармацыі і яе зьнішчэньне. Экспэрты кажуць пра няроўныя ўмовы ў доступе да інфармацыі, недасканалае заканадаўства па абароне гонару і годнасьці ад дыфамацыі і адсутнасьць грамадзкага тэлебачаньня.

Нязначныя посьпехі тычацца інтэрнэту: павялічваецца колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў, а беларускія правайдэры асвойваюць усё новыя магчымасьці.

«Аднак і ўлада пільна сочыць за тым, што адбываецца ў байнэце, — адзначае Андрэй Бастунец. — За апошні час быў адзначаны перасьлед інтэрнэт-карыстальнікаў. Згадайце справу Руслана Мірзоева, штраф драматургу Андрэю Карэліну і іншыя выпадкі».

У выніку сярод шасьці краінаў «Усходняга партнэрства» Эўразьвязу ў галіне свабоды СМІ Беларусь засталася на апошнім месцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG