Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лянкевіч: Беларусь ня мае дыялёгу мастацтваў нават з суседзямі


Вядомы фатограф Андрэй Лянкевіч пры падтрымцы Інстытуту Гётэ ў Менску рэалізуе кніжна-выставачны праект «BY Now».

Аднайменная фатакніга, складзеная з працаў 16 маладых беларускіх фатографаў, выйшла ў нямецкім выдавецтве «Kehrer». Працы герояў выданьня да 20 лістапада будуць экспанавацца ў сталічнай крэатыўнай прасторы «ЦЭХ». Ці не напаткае «BY Now» лёс іншага фатаграфічнага праекту, «Belarus Press Photo», зьмест якога кампэтэнтныя органы палічылі экстрэмісцкім?

Як расказаў Андрэй Лянкевіч, праект ажыцьцёўлены ў рамках міжнароднай ініцыятывы «Мэнэджэры ў сфэры культуры». Два прызнаныя ўва ўсім сьвеце аўтарытэты ў галіне фатасправы — нямецкія майстры Матыяс Гардэр і Ганс Пілер — у выніку скрупулёзнага адбору з сотні кандыдатаў пакінулі 16. Абавязковая пры гэтым умова — каб аўтарам было да 35 гадоў. На жаль, кажа Андрэй Лянкевіч, фатограф, прафэсар унівэрсытэту Гільдэсгайму Ганс Пілер трагічна пайшоў з жыцьця ў кастрычніку мінулага году, яшчэ да выхаду кнігі з друку:

«Сапраўды, можна сказаць, што я ініцыятар праекту, які разьвіўся пры дапамозе Інстытуту Гётэ ў Менску. Пад праектам я разумею кніжку і выставу, якія зрабіла інтэрнацыянальная каманда. Найперш гэта дырэктар музэю Гэльмута Ньютана ў Бэрліне Матыяс Гардэр, які асабіста адбіраў працы ў праект кнігі, вызначаў, колькі трэба, якія і г.д. Таксама ён куратар выставы, якую да 20 лістапада можна паглядзець у менскай прасторы „ЦЭХ“. Яшчэ адна пэрсона — гэта польскі дызайнэр Ана Налецка, адна з найлепшых дызайнэраў фатакніг у Эўропе, якая атрымала вялікую колькасьць узнагародаў, а цяпер яе праца прадстаўленая сярод 10 лепшых кніг за апошні год у сьвеце ў катэгорыі фота».

Лянкевіч: Беларусь ня мае дыялёгу мастацтваў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:45 0:00
Наўпроставы лінк

Кніга «BY Now» уключае ў сябе фатаграфічныя праекты, якія выкарыстоўваюць самыя розныя формы і мэтады сучаснай фатаграфіі — ад лічбавай і аналягавай да калажу і паляроідаў. Андрэй Лянкевіч усьцешаны, што маладыя аўтары дэманструюць такі шырокі роскід інтарэсаў:

«Мне даўно хацелася пачаць размову пра тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі ў фатаграфіі. Таму была задума расказаць пра маладых фатографаў, якім яшчэ няма 35 гадоў. Якія, можна сказаць, нарадзіліся і жывуць у новым
была задума расказаць пра маладых фатографаў, якім яшчэ няма 35 гадоў
часе, якіх цікавяць цяперашнія тэмы, сучасныя праблемы. Зь іншага боку, яны мусілі прадставіць праект. Бо нецікава ўжо размаўляць проста пра прыгожыя фатаздымкі, пра партфоліё; цікава бачыць нейкія завершаныя выказваньні, нейкія тэмы, тое, што хвалюе аўдыторыю. Таму кніжка складаецца з праектаў, суб’ектыўна сабраных куратарам Матыясам Гардэрам. Што яшчэ вельмі важна, кніжку можна ўбачыць ня толькі ў Беларусі. Гардэр дапамог дамовіцца зь нямецкім выдавецтвам „Kehrer“, якое спэцыялізуецца выключна на фатакніжках і дзякуючы гэтаму нашу кнігу можна пабачыць на двух самых буйных кніжных кірмашах у Эўропе — у Франкфурце і ў Ляйпцыгу. Таксама кніжка адразу паехала па эўрапейскіх бібліятэках, бо „Kehrer“ у межах прамоцыі рассылае паўсотні асобнікаў па бібліятэках».

Адметны куратарскі тэкст Матыяса Гардэра, які падводзіць вынік супольнаму праекту. Вось як ён апісвае сваё знаёмства зь «сінявокай»:

Беларусь ніколі не была такой белай плямінай, якой яна стала сёньня — ні ў гістарычнай структуры СССР, ні нават пасьля 1991 году
«Беларусь, якая месьціцца між балтыйскімі краінамі, Польшчай, Расеяй і Ўкраінай, ніколі не была такой белай плямінай, якой яна стала сёньня — ні ў гістарычнай структуры СССР, ні нават пасьля 1991 году. Тут няма ані вартага згадкі турызму, ані даведніка, які можна было б набыць у кнігарні».

Між тым, на думку адмыслоўца, у новага пакаленьня беларусаў ёсьць усе шанцы, каб стаць эўрапейцамі:

«Многія людзі старэйшага веку здаюцца дэмаралізаванымі. Аднак маладзейшае пакаленьне, здаецца, ужо мае імунітэт да спробаў уладаў запалохаць іх. Прынамсі, юныя творчыя асобы, сярод якіх і абраныя намі фатографы, візуальна камэнтуюць стан сваёй краіны сьвежым і глыбокім поглядам, з гумарам, а часткова і нахабным выклікам».

Працягваючы думку старэйшага «камарадэ», Андрэй Лянкевіч кажа, што адна з мэтаў праекту — якраз вывесьці на эўрапейскую арбіту калі ня ўсю Беларусь, то хоць бы яе маладых, незашораных прадстаўнікоў:

«Гэта таксама тлумачыць мой падыход і бачаньне таго, як трэба рабіць праекты такога кшталту. Бо рабіць іх толькі для Беларусі — гэта мала, тут зусім невялікая колькасьць спажыўцоў. Зь іншага боку, няма годнай камунікацыі, няма дыялёгу сьвету мастацтваў нават з нашымі суседзямі. Таму мне падалося вельмі важным зрабіць яе менавіта так. Але самая галоўная мэта, ідэя праекту — вядома ж, пачаць размову пра цяперашні стан беларускай фатаграфіі, маладых аўтараў. Увогуле пра ўсё: што адбываецца, якія ўзьнікаюць новыя прасторы, новыя інстытуцыі. І гэта тычыцца ня толькі фатаграфіі, а ўласна людзей, інфраструктуры, ініцыятываў, якія ўзьніклі апошнім часам — пачынаючы ад Цэнтру фатаграфіі і сканчаючы „Прасторай ЦЭХ“, дзе цяпер адбываецца выстава».

Ці не асьцерагаецца Андрэй Лянкевіч, што кніга «BY Now» можа паўтарыць лёс ілюстраванай сэрыі «Belarus Press Photo»? Зьмест аднаго з выданьняў кампэтэнтныя органы палічылі экстрэмісцкім, а арыштаваны на мяжы наклад быў асуджаны да зьнішчэньня. Сам Лянкевіч у «BY Now» фігуруе ў формах чырвонаармейца і салдата вэрмахту; папулярны фатограф Сяргей Гудзілін «расчляніў» тэлевізійнага Лукашэнку — асобна вусы, вочы, рукі. Ужо вядомая многім Тацяна Гаўрыльчык падае галерэю жыхароў псыханэўралягічных дыспансэраў:

«Што тычыцца „Belarus Press Photo“, то становіцца зразумела: гэта ўсё ж ініцыятыва пэўных людзей на мяжы. А ўжо пасьля, калі такая кніга трапляе ў сыстэму КДБ і г.д., рухавік пачынае закручвацца — і высьвятляецца, што там да гэтага моманту няма выпрацаванага руху назад. Гэтая сыстэма папросту ня можа працаваць назад. Сапраўды, у гэтым годзе таксама была сытуацыя, калі „Belarus Press Photo“ зноў трапіла ў гэтую сыстэму, але аказалася, што там няма ніякага экстрэмізму, і, як мне здаецца, усё ж кантэкст быў іншы, здымкі былі іншыя. То бок там не было наўпроставых фатаграфіяў, якія, відаць, у зусім іншым пераламленьні разумеюць тыя людзі, якія былі не ў нашым журы, а ў журы кадэбэшным, у той камісіі, якая рабіла аналіз кніжкі. Так што „Belarus Press Photo“ жыве, разьвіваецца і будзе існаваць надалей. Таму паўтарэньня лёсу не баюся. Тут няма нават візуальна такіх здымкаў, на якіх маглі б спрацаваць гэтыя людзі. Прынамсі, мне так падаецца».

Удзельнікі праекту «BY Now»:

1. Аляксандар Веледзімовіч з праектам «Месца».
2. Аляксей Шынкарэнка («Беларуская фактаграфiя»).
3. Аляксей Наумчык («Мы ніколі ня станем старэйшымі»).
4. Аляксандар Кладаў («Ваенныя звычкі»).
5. Аляксандар Саенка («Тралейбуснае дэпо»).
6. Аляксандра Салдатава («Канікулы»).
7. Андрэй Лянкевіч («Бывай, Радзіма»).
8. Яўген Канаплёў-Лейдзік («Фатамаргана»).
9. Юля Лейдзік-Канаплёва («Узрост»).
10. Максім Шумілін («Сад», частка 1).
11. Міхаіл Лешчанка («Сад», частка 2).
12. Паліна Палынская («Раўнавага»).
13. Павал Кірпікаў («Архітэкстура»).
14. Вольга Сасноўская («Singleuse»).
15. Сяргей Гудзілін («Прыватны прэзыдэнт»).
16. Тацяна Гаўрыльчык («Жыхары псыханэўралягічных інтэрнатаў»).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG