Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гей-прайд у Менску: яшчэ адна спроба


Гей-прайд у Шабанах, 2011 год
Гей-прайд у Шабанах, 2011 год

Беларускія геі рыхтуюцца да чарговай спробы правядзеньня ў Менску гей-прайду, а таксама «Прайд-тыдня» на пачатку сьнежня.

Актывісты ЛГБТ-супольнасьці адзначаюць, што, пачынаючы з 1999 году, ніводная публічная акцыя «Менскага гей-прайду» не была санкцыянаваная ўладамі, таму сёлета зьбіраюць подпісы пад пэтыцыяй на адрас старшыні Менгарвыканкаму.

Партал gaybelarus.by просіць усіх неабыякавых падпісаць пэтыцыю ў падтрымку «Беларускага гей-прайду» ў 2013 годзе. На сайце парталу можна паставіць электронны подпіс «у падтрымку 9-га беларускага штогадовага праваабарончага форуму і публічнай акцыі ў падтрымку талерантнага стаўленьня да геяў, лесьбіянак, бісэксуалаў і трансгендэраў у Рэспубліцы Беларусь «Менскі гей-прайд 2013».

Пэтыцыю накіруюць на адрас старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі. Тэкст яе наступны: «Дазвольце правядзеньне публічнай акцыі ў падтрымку талерантнага стаўленьня да ЛГБТ-супольнасьці «Менскі гей-прайд 2013».

Іншых падрабязнасьцяў каардынатары праекту пакуль не агучваюць. Праваабаронца з арганізацыі «ГейБеларусь» Натальля Манькоўская тлумачыць:

«Мы хочам сабраць як мага больш подпісаў. Але цяпер у нас падрыхтоўчы пэрыяд, мы пакуль яшчэ нічога ня хочам разгалошваць. Пакуль было прынята рашэньне не распавядаць пра пляны і не камэнтаваць».

Дарэчы, пад пэтыцыяй ужо сабрана каля шасьцісот подпісаў.

Цягам шасьці гадоў Менскі гарвыканкам не дазваляў геям праводзіць мірныя акцыі. Толькі аднойчы, у 2011 годзе, дазволілі правесьці пікет супраць гамафобіі з удзелам 15 чалавек. Усе астатнія сходы ў падтрымку ЛГБТ-супольнасьці (а заявак падавалася больш за сотню) былі забароненыя. Чаму так адбываецца, тлумачыць экспэрт у гендэрных пытаньнях Юлія Міцкевіч:
Стаўленьне да гэтага тых, хто называе сябе апазыцыйнымі палітыкамі, актывістамі — яно таксама не лібэральнае

«Я думаю, што гэта таксама залежыць і ад таго чалавека, які заўсёды акцэнтуе на гэтым увагу і кажа пра сваё стаўленьне да гэтага. А наша ўлада ніколі ня будзе рабіць штосьці такое, што не падабаецца таму чалавеку, які называе сябе прэзыдэнтам. А ягонае стаўленьне да ЛГБТ-супольнасьці ўсе мы ведаем, ён неаднаразова пра гэта казаў. І тут узьнікае такое складанае пытаньне: з аднаго боку, не дазваляюць улады, але, з другога боку, яшчэ не падтрымліваюць тыя, хто, здавалася б, павінен падтрымліваць. Я кажу пра пэўных людзей у апазыцыі, якія паўтараюць усю тую рыторыку, якую прамаўляюць улады, толькі крыху іншымі словамі. Стаўленьне да гэтага тых, хто называе сябе апазыцыйнымі палітыкамі, актывістамі — яно таксама не лібэральнае, нягледзячы на тое, што большая частка іх гаворыць пра эўрапейскія каштоўнасьці — свабоду, дэмакратыю, роўнасьць. І, такім чынам, мы атрымліваем тую сытуацыю, калі ЛГБТ-супольнасьць у нашай краіне аказваецца не пытаньнем правоў чалавека».

Арганізатары пакуль не абвяшчаюць дакладнай даты правядзеньня гей-прайду, але абяцаюць, што мерапрыемства сёлета адбудзецца, і рыхтуюць «Прайд-тыдзень» у Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG