Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве зноў дыскутуюць: ці варта ўшаноўваць памяць пра цара Мікалая ІІ


Цар Мікалай ІІ
Цар Мікалай ІІ

У Магілёве аднавілася палеміка пра ўшанаваньне памяці апошняга расейскага самадзержца Мікалая ІІ.

Тапанімічная камісія пры гарвыканкаме прапануе ўсталяваць альбо мэмарыяльную дошку, альбо памятны камень. Абраны знак зьбіраюцца разьмясьціць на магілёўскім замчышчы альбо непадалёк ад яго. Ня выключана, што ў Магілёве можа зьявіцца і бюст Мікалая ІІ. Калі такое адбудзецца, то помнік расейскаму цару стане першым у Беларусі.

Пра намеры ўвекавечыць памяць Мікалая ІІ стала вядома з газэты гарвыканкаму «Веснік Магілёва». У публікацыі «Культурная сталіца ўвекавечыць Мікалая ІІ» вялося пра паседжаньне тапанімічнай камісіі, на якім, сярод іншага, разглядалася пытаньне і пра тое, каб усталяваць на Савецкай плошчы бюст расейскага самадзержца.

Як удалося высьветліць, сябры камісіі прагаласавалі супраць усталяваньня бюста цара, аднак выказаліся за тое, каб у Магілёве было адзначана, што тут была стаўка галоўнакамандуючага расейскімі войскамі ў 1915–1917 гадах з пазнакай, што галоўнакамандуючым быў Мікалай ІІ.

У канчатковым рашэньні камісіі згадкі пра бюст няма — толькі пра дзьве альтэрнатывы: мэмарыяльную дошку ці памятны камень.

Супраць усталяваньня мэмарыяльных знакаў у гонар Мікалая ІІ катэгарычна выступіла магілёўская пэнсіянэрка Вольга Ўліцёнак. Пра гэта напісаў той жа «Веснік Магілёва». Сваю пазыцыю яна выказала старшыні гарвыканкаму Ўладзімеру Цумараву, які даручыў разгледзець пытаньне пра ўвекавечваньне цара.
Шыльда на доме, дзе была стаўка Мікалая ІІ
Шыльда на доме, дзе была стаўка Мікалая ІІ

«Ягоныя штукі былі скіраваныя супраць народу. Ён народ сутыкнуў з народам. Чым ён за 23 гады свайго цараваньня адзначыўся? Яго народ назваў Крывавым. Ён забіваў людзей — як можна ягоную памяць увекавечыць?», — тлумачыць сваю пазыцыю Вольга Ўліцёнак.

З адказу Ўладзімера Цумарава пэнсіянэрцы вынікае, што канчатковага рашэньня гарвыканкам не прыняў і што пытаньне вынесуць на грамадзкае абмеркаваньне. Чыноўнік, аднак, падкрэсьліў: «Ня трэба забываць, што ў Магілёве месьцілася стаўка Мікалая ІІ, а праваслаўная царква кананізавала гэтага цара».

Палеміка пра ўвекавечваньне апошняга расейскага цара пачынаецца ў Магілёве не ўпершыню. У 2009 годзе ўжо зьбіраліся ў горадзе ўсталяваць ягоны бюст, падараваны кіраўніцтвам раёну Сакаліная Гара Ўсходняй адміністрацыйнай акругі Масквы. Пасьля пратэсту магілёўцаў бюст хоць і прывезьлі ў Магілёў, але схавалі ў музэі. Гарвыканкам тады мусіў прызнаць, што стаўленьне да асобы Мікалая ІІ у жыхароў гораду неадназначнае.

Адзін з тых, хто актыўна выступаў у 2009 годзе супраць усталяваньня ў Магілёве бюста расейскага цара, — старшыня прэзыдыюму Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў. Чарговую хвалю палемікі пра ўвекавечваньне памяці самадзержца партыец зьвязвае з тым, што ў гарвыканкаме ёсьць уплывовыя лабісты гэтага пытаньня і чыноўнікі вымушаныя ўлічваць гэтую акалічнасьць:

Ігар Барысаў
Ігар Барысаў
«Гэта ўсё адбываецца празь няведаньне беларускай гісторыі і няведаньне таго, як паўплываў Мікалай ІІ на саміх беларусаў. Калі паглядзець на Магілёў, то тут няма помнікаў нацыянальным героям. Калі б у Магілёве быў хоць які дзясятак помнікаў беларускім дзеячам, то гэты бюст Мікалая ІІ на іхным фоне ня быў бы прыкметны. І зразумела, што калі пачынаюць усталёўку помнікаў з помніка Мікалаю ІІ, то гэта і выклікае такую вострую рэакцыю».

Суразмоўца заяўляе, што знаходжаньне Мікалая ІІ у Магілёве варта разглядаць выключна ў кантэксьце Першай усясьветнай вайны.

Мінакі на магілёўскай вуліцы Ленінскай прызнаюць, што Мікалай ІІ — гістарычная асоба, аднак кажуць, што ён не пэрсанаж зь беларускай гісторыі. Некаторыя меркаваньні:

Малады спадар: «Тут была стаўка цара ў Першую ўсясьветную вайну. Гэта частка гісторыі. Але калі казаць пра нацыянальную ідэю беларусаў, то Расея — прыгнятальнік. Можна было б зрабіць музэй у памяць пра Першую ўсясьветную вайну. Пра тыя падзеі».

Спадарыня: «Я ня ведаю, як наконт увекавечваньня, але ж стаўка царская тут была. Але я ня думаю, што Мікалай ІІ — такі значны беларускі герой. Што, у Беларусі мала сваіх герояў з глыбокімі нацыянальнымі каранямі?»
Царква Сьвятых Навамучанікаў XX стагодзьдзя на замчышчы. Яе ўзводзілі, не зважаючы на пратэсты грамадзкасьці
Царква Сьвятых Навамучанікаў XX стагодзьдзя на замчышчы. Яе ўзводзілі, не зважаючы на пратэсты грамадзкасьці

Тое, што знаходжаньне Мікалая ІІ у Магілёве нічым не адзначана, не адпавядае рэчаіснасьці. Шыльда пра царскую стаўку разьмешчаная на сьцяне будынка каледжа мастацтваў — на вуліцы Ленінскай. На шыльдзе, праўда, не пазначана імя галоўнакамандуючага. Яе ўсталявалі гадоў дзесяць таму. Ёсьць у Магілёве і праваслаўны прыход Сьвятых навамучанікаў XX стагодзьдзя. Царква Сьвятых Царственных Мучанікаў і ўсіх Навамучанікаў і Вызнаўцаў ХХ стагодзьдзя ўзьведзена на магілёўскім замчышчы. Галоўнае месца ў ёй адведзена расстралянай сям’і Мікалая ІІ. Царкву ўзьвялі, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці. Грамадзкага абмеркаваньня не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG