Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабарончы форум: Дыктатарам павінен супрацьстаяць праваабарончы інтэрнацыянал


Удзельнікі форуму
Удзельнікі форуму
26 кастрычніка ў Вільні адкрыўся 3-ці Беларускі праваабарончы форум. У форуме бяруць удзел больш за 100 праваабаронцаў зь Беларусі і краінаў рэгіёну, актывісты грамадзкіх арганізацыяў, сваякі палітвязьняў.

Арганізатарамі і ўдзельнікамі форуму сталі такія вядомыя грамадзкія арганізацыі краіны, як праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсінскі камітэт, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі, Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) ды іншыя, ўсяго 25 арганізацыяў.



У задачах форуму — абмеркаваць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і рэгіёне, сумесна адшукаць адказы на выклікі, якія ставіць час перад праваабаронцамі, прапанаваць уладным структурам краіны і Эўропы рэкамэндацыі па паляпшэньні сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

«Плянуецца прыняцьце самае меншае трох рэзалюцый. Гэта рэзалюцыя па агульнай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і нашы рэкамэндацыі ўраду па яе паляпшэньні. Таксама будзе прынятая заява аб захадах па вяртаньні Беларусі да выкананьня міжнародных стандартаў у гэтай галіне. І таксама будзе прапанавана заява беларускіх праваабаронцаў да саміту Ўсходняга партнэрства, які ў хуткім часе адбудзецца ў Вільні. Вельмі важна, каб удзельнікі гэтага сходу дасканала ведалі, што адбываецца ў з правамі чалавека ў краіне, якая знаходзіцца адсюль усяго за некалькі дзясяткаў кілямэтраў», — паведаміла карэспандэнту «Свабоды» праваабаронца «Вясны» Тацяна Равяка напярэдадні адкрыцьця форуму.
У беларускіх праваабаронцаў досыць сілаў, прафэсіяналізму і волі, каб зьмяніць да лепшага сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
Тацяна Равяка

Падчас адкрыцьця форуму Тацяна Равяка, якая таксама ёсьць прэзыдэнтам Беларускага дому правоў чалавека імя Барыса Звоскава, зазначыла, што ў беларускіх праваабаронцаў досыць сілаў, прафэсіяналізму і волі, каб зьмяніць да лепшага сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Як зьмянілася становішча з правамі чалавека з 2010 году, пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў? Паводле намесьніка старшыні «Вясны» Валянціна Стэфановіча яно істотна пагоршылася, у тым ліку таму, што ўрад Беларусі не выконвае свае міжнародныя абавязальніцтвы, у тым ліку перад ААН і АБСЭ.



Старшыня праўленьня Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова выказала шэраг прэтэнзіяў і да міжнародных арганізацый, якія, на яе думку, аслабілі ўвагу да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У тым ліку крытыка гучала на адрас прадстаўніцтва ААН ў Беларусі. Таксама Алена Танкачова адзначыла, што каардынацыйныя структуры СНД за больш чым 20 гадоў гэтак і не зьвярнулі сапраўднай увагі на праблемы правоў чалавека на тэрыторыі былых краін СССР.
Трэба знайсьці мову, на якой праваабаронцы мусяць размаўляць з грамадзтвам, каб іх словы даходзілі.
Алег Гулак

Як сумясьціць барацьбу за каштоўнасныя прынцыпы з рэальнай працай ў грамадзтве, якое знаходзіцца пад уплывам дзяржаўнай прапаганды? Старшыня БХК Алег Гулак шчыра прызнаецца, што ў гэтай справе няма гатовых рэцэптаў. «Трэба знайсьці мову, на якой праваабаронцы мусяць размаўляць з грамадзтвам, каб іх словы даходзілі. У гэтым мы разьлічваем на дапамогу журналістаў», — заявіў у спрэчках па дакладах Алег Гулак.



Пра неабходнасьць стварэньня сваесаблівага інтэрнацыяналу тых, хто падзяляе прынцыпы правоў чалавека казаў у выступе Юры Джыбладзэ, прэзыдэнт маскоўскага Цэнтру разьвіцьця дэмакратыі і правоў чалавека. Паводле праваабаронцы з Расеі, у большасьці краін былога СССР утварыліся аўтарытарныя і нават дыктатарскія рэжымы з агульнымі рысамі. Гэтыя рэжымы актыўна падтрымліваюць адзін аднаго на міжнароднай арэне, фактычна стварыўшы аўтарытарны інтэрнацыянал і гэтаму трэба сумесна супрацьстаяць.

Удзельнікі форуму вырашылі пакінуць пустое крэсла, адмыслова зарэзэрваванае для Алеся Бяляцкага.

Удзельнікі форуму вырашылі пакінуць пустое крэсла, адмыслова зарэзэрваванае для Алеся Бяляцкага.
Удзельнікі форуму вырашылі пакінуць пустое крэсла, адмыслова зарэзэрваванае для Алеся Бяляцкага.


У другой палове дня пачнуцца абмеркаваньні праваабарончых праблемаў у сэкцыях. Сярод іх такія тэмы, як вызваленьне палітвязьняў, сьмяротнае пакараньне, увядзеньне пасады амбудсмэна ды іншыя. Мадэратарамі дыскусій будуць Уладзімер Яворскі з Украіны, Андрэй Палуда, Юля Хлашчанкова і Алена Танкачова з Беларусі ды іншыя праваабаронцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG