Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачобут: «Ня будзе праўды пра Катынь, пакуль такая ўлада»


Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбуры адмовіўся выносіць рашэньне па пазовах да Расеі ад сваякоў польскіх вайскоўцаў, якіх расстралялі ў Катыні ў 1940 годзе.

Суд сьцьвярджае, што такое рашэньне па-за межамі ягонай кампэтэнцыі, — паведамляе BBC. Сваякі вінавацілі расейскія праваахоўныя органы ў неэфэктыўным расьсьледаваньні забойстваў і патрабавалі кампэнсацыі.

Эўрапейскі суд спаслаўся на тое, што Расея ратыфікавала Эўрапейскую хартыю па правах чалавека ў 1998 годзе, а сьледзтва па Катынскай справе праводзілася з 1990 па 2004 год.

НКУС расстрэльваў палонных палякаў у красавіку і траўні 1940 году ў Катынскім лесе пад Смаленскам, каля вёскі Меднае ў Цьвярской вобласьці і каля вёскі Пяціхаткі на тэрыторыі савецкай Украіны, а таксама на тэрыторыі Беларусі.

Беларускія ўлады дагэтуль адмаўляюць існаваньне беларускага «катынскага сьпісу». Аднак пры канцы лютага Цэнтар Польска-расейскага дыялёгу і паразуменьня апублікаваў частковы пералік грамадзян Польшчы, забітых на тэрыторыі Беларусі.

Фрагмэнт рэканструкцыі гэтага сьпісу складаецца з 98 прозьвішчаў польскіх грамадзян, якіх савецкая ўлада закатавала ў 1940 годзе ў беларускіх турмах. Усяго ж, паводле гісторыкаў, беларускі катынскі сьпіс павінен утрымліваць 2 870 прозьвішчаў.

У 2011 годзе Аляксандар Лукашэнка паабяцаў адшукаць беларускі катынскі сьпіс у архівах Беларусі. Аднак неўзабаве заявіў, што такога сьпісу ня знойдзена.

Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут
Журналіст Андрэй Пачобут кажа, што на сёньняшні дзень пазыцыя беларускага ўраду ў пытаньні доступу да катынскага сьпісу больш жорсткая, чым у расейскага:

«Гэта досыць дзіўная сытуацыя. Беларусь не спадкаемца Савецкага Саюзу, і незразумела, чаму беларускія ўлады хаваюць гэтую гісторыю. Ніякіх стратаў апублікаваньне гэтых дакумэнтаў, зьвестак пра лёс гэтых людзей не прынесла б.

Але кіраўніцтва дзяржавы ўсё ж мае нейкія савецкія комплексы. Яны асабіста адчуваюць сябе спадкаемцамі Савецкага Саюзу. Для іх Савецкі Саюз — гэта добра. Для іх нават НКУС, магчыма, добра. Таму нейкія зрухі ў гэтай справе наўрад ці будуць, пакуль будзе цяперашняя ўлада».

Гісторык Ігар Мельнікаў кажа, што сёньняшняя Беларусь ніякай адказнасьці за катынскую трагедыю не нясе і варта было б скарыстаць сытуацыю, каб высьветліць лёс зьніклых людзей:

«Беларусі ня варта баяцца гэтай тэмы, бо ані ўлада сёньняшняя, ані сыстэма, анішто ўвогуле ня брала ўдзелу ў рэпрэсіях супраць гэтых палякаў. Сёньняшняя Беларусь не нясе аніякай віны за тыя злачынствы, якія адбываліся на тэрыторыі БССР у 30–40-я гады».

Мельнікаў апавядае, што галоўная праблема для дасьледчыкаў — закрытасьць архіваў спэцыяльных службаў, якія ўтрымліваюць дакумэнты пра 4 тысячы зьніклых бязь вестак вязьняў савецкіх турмаў.

Ігар Мельнікаў
Ігар Мельнікаў
«Мы ведаем, што быў знойдзены так званы ўкраінскі катынскі сьпіс. Лічыцца, што павінен быць яго беларускі адпаведнік. Афіцыйная пазыцыя беларускай дзяржавы — на нашай тэрыторыі не адбывалася рэпрэсіяў. Беларусь была толькі транзытным пунктам. Але ж сьляды гэтых людзей губляюцца менавіта на тэрыторыі Беларусі. Далей — у Катыні, ці ў Медным, ці ў той жа Быкоўні пад Кіевам — гэтыя прозьвішчы не ўсплываюць, гэтыя людзі там не загінулі. На сёньняшні момант мы можам сказаць, што гэтыя 4 тысячы чалавек зьніклі бязь вестак. А зьвесткі пра іх могуць быць менавіта ў дакумэнтах НКУС. На жаль, гэтыя архівы ў Беларусі закрытыя».

Мельнікаў выказвае асьцярогу, што ў Менску такіх дакумэнтаў можа ўжо і ня быць. Яны маглі зьнікнуць падчас бамбёжак Менску ў 1941 годзе.

Чаму архівы дагэтуль не адкрылі, можна патлумачыць па-рознаму. Самая простая прычына, на думку Мельнікава, — Расея баіцца, што сем’і ахвяраў пачнуць выстаўляць краіне матэрыяльныя прэтэнзіі.

Ігар Мельнікаў: «Ідэалягічная прычына таксама важная. Справа Катыні стала важнай палітычнай тэмай у адносінах паміж Польшчай і Расеяй ды Эўропай і Расеяй. Адразу была выпрацаваная так званая „антыКатынь“ — гэта справа савецкіх чырвонаармейцаў у польскіх лягерах, якія знаходзіліся там у 1919–1921 гадах. Цяпер яны спрабуюць давесьці, што Польшча вінаватая. Беларусь таксама ўвязаная ў гэтыя палітычна-ідэалягічныя гульні. Нашае савецкае мінулае дае пра сябе знаць. Але Расея будуе цяпер сваю дзяржаўную ідэалёгію, спрабуе прымусіць паважаць сябе суседзяў, таму ўсе гэтыя моманты паводле савецкай традыцыі проста замоўчваюцца».

Аднак, на думку Ігара Мельнікава, праблема Катыні найперш чалавечая: «Сям’я ня ведае, што адбылося зь дзедам, прадзедам, ці быў ён дэпартаваны, ці загінуў. Яшчэ горш, калі быў афіцэрам і яго вывезьлі і расстралялі ў Курапатах, проста ў турме, у якім іншым месцы. Гэта чалавечая трагедыя. Трэба зразумець гэтых людзей, якія да сёньняшняга дня змагаюцца з гэтай сыстэмай і спрабуюць даведацца праўду пра сваіх блізкіх.

Сьпіс зьвязаны зь Беларусьсю толькі намінальна. Лёс гэтых 4 тысяч людзей невядомы. Яго варта высьветліць усім грамадзтвам. Гэта ў інтарэсах сучаснай Беларусі — знайсьці праўду ў гэтым пытаньні, ушанаваць памяць гэтых людзей. Незалежна ад таго, хто яны па нацыянальнасьці. І калі гэтыя людзі загінулі на тэрыторыі Беларусі, то павінна быць магчымасьць іх ушанаваньня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG