Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маўсун Гаджыеў: Беларусі варта найперш захаваць сваё насельніцтва


Маскоўская паліцыя выцясьняе людзей зь месца малітвы падчас мусульманскага сьвята Курбан-Байрам
Маскоўская паліцыя выцясьняе людзей зь месца малітвы падчас мусульманскага сьвята Курбан-Байрам

Забурэньні на этнічнай глебе ў маскоўскім раёне Бірулёва даюць падставу, каб больш уважліва паглядзець на міжэтнічнае суседзтва, у тым ліку ў Беларусі.

Апытаньні паказваюць, што непрыязнасьць беларускага насельніцтва да прадстаўнікоў некаторых этнасаў даволі высокая. Паводле дадзеных Навукова-дасьледчага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў, які ў 2006-2011 гадах вывучаў індэкс сацыяльнай дыстанцыі беларусаў, найбольш блізкай этнічнай групай для жыхароў краіны стабільна зьяўляюцца рускія, самымі далёкімі — афрыканцы, арабы і выхадцы з Каўказу.

Маўсун Гаджыеў, журналіст азэрбайджанскага паходжаньня, які жыве і працуе ў Беларусі, у эфіры Свабоды расказаў, што ў Берасьці напачатку 90-х была сытуацыя, ў нечым падобная на бірулёўскую.

Гаджыеў: На пачатку 1990-х гадоў у Берасьці малады хлопец, каўказец, згвалціў мясцовую дзяўчыну. Відавочцы расказваюць, што пасьля гэтага там адбыўся народны сход, які прыняў рашэньне выгнаць зь Берасьця ўсіх азэрбайджанцаў. Пазьней высьветлілася, што гэты малады чалавек быў не азэрбайджанец, а грузін, але на нейкі час асноўнай частцы азэрбайджанскай супольнасьці давялося пакінуць Берасьце.

Сам я за апошнія пяць гадоў жыцьця і працы ў Беларусі не сутыкаўся з выпадамі супраць мяне асабіста. Але ад прадстаўнікоў азэрбайджанскай дыяспары я чуў, што доўгі час у Жодзіне быў негалосны загад выхадцаў з Каўказу ўвогуле не рэгістраваць. Некалькі гадоў таму я сутыкнуўся з сытуацыяй, калі з таго ж Берасьця дэпартавалі маладога чалавека, у якога быцў законны шлюб зь беларускай і двое маленькіх дзяцей. І ў прыватных размовах прадстаўнікі міліцыі яму адкрыта казалі — маўляў, нам тут азэрбайджанцы не патрэбныя.

Радкевіч: Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусі трэба ўдвая больш насельніцтва, чым жыве ў краіне, і запрасіў расейцаў зь любога рэгіёну прыяжджаць на сталае жыхарства ў Беларусь. Але пагромы ў маскоўскім раёне Бірулёва сталі змрочным фонам для такіх заяваў. Як вы мяркуеце — навошта Лукашэнка запрашае замежнікаў ехаць у Беларусь?

Гаджыеў: Я б пагадзіўся ў адным са спадаром Лукашэнкам — гэтай краіне сапраўды патрэбныя мігранты, найперш для росту эканомікі. Але з другога боку запрашэньне мігрантаў гэта складанае пытаньне. Па-першае, гэта мае быць дзяржаўная праграма, якая выпрацоўваецца гадамі і над якой працуюць спэцыялісты, экспэрты. А ня так, што прэзыдэнт сказаў — і гэтак і станецца. Ёсьць краіны, якія маюць такія праграмы — Канада, Новая Зэляндыя, Аўстралія. Яны запрашаюць мігрантаў патрэбных спэцыяльнасьцяў у патрэбныя сфэры. А ня так, што, маўляў, прыяжджайце ўсе, у нас тут жыць добра.

Па-другое, у апошнія гады Беларусь сама робіцца актыўным экспартэрам насельніцтва. Былі лічбы, што за апошнія гады адсюль зьехалі паўтара-два мільёны чалавек. Найперш беларускім уладам варта было б падумаць пра тое, каб захаваць сваё насельніцтва.

Па-трэцяе, запрашэньне мігрантаў не павінна быць такім татальным. Калі спраўдзяцца заявы пра тое, што трэба павялічыць насельніцтва ўдвая, дык беларуская дзяржава перастане быць беларускай.

Я часта размаўляў зь прадстаўнікамі розных нацыянальных супольнасьцяў у Маскве. І мяне зьдзіўляла, што беларускія мігранты губляюць нацыянальную самабытнасьць ужо ў першым пакаленьні. Таму я сумняваюся, што беларуская ідэнтычнасьць зможа пераварыць такую колькасьць мігрантаў.

Акрамя таго, я лічу, што мігранты маюць права захоўваць сваю нацыянальную самабытнасьць, калі гэта не пярэчыць мясцовым законам і знаходзіцца ў прававым полі. Таму для мяне незразумелая пазыцыя спадара Дашкевіча, які выступаў у адной з вашых перадачаў і казаў, што мігранты па прыезьдзе найперш павінныя прымаць мясцовую рэлігію, а потым мову. Калі б перада мной стаяла такое пытаньне, я б ня быў у Беларусі.

Радкевіч: У сваім інтэрвію інтэрнэт-выданьню Vesti. az некалькі гадоў таму вы цытуеце беларускага палітоляга Вольгу Абрамаву, якая сьцвярджае, што беларусы — гэта мэнтальна схаваныя, але жудасныя ксэнафобы. Іншыя прыпісваюць беларусам славутую «памяркоўнасьць». Зь якім сьцьвярджэньнем згодны вы па вашым вопыце жыцьця ў Беларусі?

Гаджыеў: Калі беларусы размаўляюць міжсобку, абмяркоўваюць сытуацыю ў краіне, дык крытычныя думкі ўспрымаюцца нармальна. Але калі гэта сыходзіць з маіх вуснаў ці з вуснаў іншага чалавека, які ня мае беларускіх каранёў, дык гэта выклікае агрэсію. Звычайна гэта выклікала пратэсты кшталту: «Паглядзі, што ў цябе дома робіцца і пра гэта кажы! Чаго ты разважаеш пра нашую сытуацыю?» Як ні дзіўна, з гэтым даволі часта даводзілася сутыкацца і з боку апазыцыйна настроенай часткі насельніцтва.

Радкевіч: На ваш погляд, ці можа ў Беларусі адбыцца нешта падобнае да «бірулёўскіх» забурэньняў?

Гаджыеў: Не. Я думаю, тое, што адбылося ў Бірулёве, у Беларусі немагчыма — прынамсі ў блізкай пэрспэктыве. Пачнём з таго, што цяпер колькасьць мігрантаў мізэрная. Па-другое, адна з рысаў беларускай мэнтальнасьці параўнальна з расейскай — гэта ярка выражаны індывідуалізм. Параўноўваючы расейскі калектывізм і расейскі індывідуалізм, я ня думаю, што тут хутка могуць успыхнуць такія канфлікты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG