Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднавіць атмасфэру «Дзевяноста першага»

абноўлена

На сядзібе БНФ у Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі «Дзевяноста першы», 42-га выданьня з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

18:08 16.9.2013
Заля перапоўненая, усе ахвотныя ня могуць трапіць у адносна невялікі пакой сядзібы БНФ, таму людзі стаяць у праходах і нават спрабуюць назіраць за прэзэнтацыяй з калідору.
18:06 16.9.2013
Прэзэнтацыю роўна а 18-й гадзіне пачынае карэспандэнт Свабоды Валер Каліноўскі. «Давайце уявім, што за вакном не 2013, а 1991 год, год пераменаў, яркіх падзей, год распаду СССР і атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці. А мы з вамі знаходзімcя ў Aвальнай залі Вярхоўнага Савету, ну, калі гэты пакой замалы, то тады ў 363-м пакоі будынку Дома ўраду, на трэцім паверсе, дзе была штаб-кватэра апазыцыі БНФ у Вярхоўным савеце.

Тым знамянальным падзеям і таму пераломнаму году і прысьвечаная новая, 42-я кніга зь Бібліятэкі Свабоды — кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы» — кажа Каліноўскі.

Гледачы ў залі
Гледачы ў залі
18:02 16.9.2013
Аўтар кнігі Сяргей Навумчык на відэасувязі
Аўтар кнігі Сяргей Навумчык на відэасувязі
17:31 16.9.2013

MCMXCI

Уступнае слова Аляксандра Лукашука

«У, сука, апяць пашол да мікрафона!» — шыпелі, шалелі і курчыліся намэнклятурныя дэпутаты Вярхоўнага Савету БССР, калі Сяргей Навумчык браў слова. Ён і яго паплечнікі бралі яго як штангіст бярэ вагу, вырываючы з ланцугоў зямнога прыцягненьня чыгунны цяжар, калі сэрца выбухам выкідвае кроў у жылы, дыханьне спыняецца на выдыху, мускулы ўзрываюцца і ўсё жыцьцё ператвараецца ў энэргію, каб адарваць, узьняць і трымаць.

Пасьля Курапатаў, Хатыні і Чарнобылю незалежнасьць Беларусі выглядала як цуд, які мае нябеснае паходжаньне. Але як зерне ўродзіць толькі на апрацаванай глебе, гэтак і цуды звальваюцца толькі туды, дзе іх чакаюць, рыхтуюць і гатовыя прыняць.

Дэпутаты апазыцыі ў 1991 годзе зрабілі больш, чым маглі. Зрэшты, гісторыя робіцца толькі так.

Вышыні прыцягваюць маланкі, дзікі вецер палітыкі не адрозьнівае колераў, і асабістыя лёсы дэпутатаў незалежнасьці падобныя да лёсаў іх папярэднікаў, хоць, на шчасьце, не паўтараюць іх.

Яны зрабілі ўсё, каб трэцяе ў ХХ стагодзьдзі, пасьля 1918 і 1919, нараджэньне Беларусі як нацыянальнай дзяржавы стала апошнім.

Таму год незалежнасьці — 1991 — варта пазначаць так, як пазначаюцца ў гісторыі Эўропы тысячагодзьдзі і вякі, рымскімі лічбамі: MCMXCI.

Гэтыя лічбы, паводле правіла, ня могуць паўтарацца больш за тры разы. У гэтай сыстэме няма знаку толькі для адной лічбы — нуля.

І ня будзе.
XS
SM
MD
LG