Дырэктарка музэю Аксана Багданава кажа, што нават ускосныя падазрэньні абражаюць музэйных работнікаў як прафэсіяналаў сваёй справы:
«Ведаеце, тут пытаньні такога агульнага лягічнага пляну. Першае пытаньне — навошта, а другое пытаньне — як? На першае пытаньне мы з галоўным захавальнікам адказу не знайшлі, на другое таксама. Хачу ахарактарызаваць свой калектыў як сапраўдных музэйшчыкаў, якія асэнсавана выбралі ў свой час прафэсію, якія тут ня проста па натхненьні, ня проста выпадкова, якія, як кажуць, заўсёды ў дом, навошта ім з дому? Нейкая парадаксальная сытуацыя. У нас вельмі творчы калектыў і пры гэтым адэкватны. Таму гэтае пытаньне, як мы падумалі, разьмяшчаецца па-за плоскасьцю адэкватнасьці. І мы зацікаўленыя адразу паставіць кропку».
Галоўная захавальніца музэю Вольга Багамолава пераконвае, што кожны ахвотны можа палічыць рэальную колькасьць экспанатаў. А тое, што ў адным месцы сканцэнтраваная ня ўся калекцыя, мае лягічнае тлумачэньне — абмежаванасьць выставачнай плошчы. Пэўная частка вымушана захоўваецца ў запасьніках:
«Музэйныя прадметы могуць рухацца ў межах музэю. Дзеля таго, каб яны выйшлі за сьцены музэю, неабходны дазвол вышэйстаячай арганізацыі. За 5 гадоў маёй працы на гэтай пасадзе, ад 2008 году, ніводзін прадмет не пакінуў межаў гэтага дому. Зрэшты, мы ў гэтым і не зацікаўленыя. Можаце задаць пытаньні ў вышэйстаячыя арганізацыі — у Міністэрства культуры, у Менгарвыканкам — ці быў нейкі рух за межы музэю за апошнія 5 гадоў. Ні разу! Мы ня маем на гэта права, бо гэта гіпс, гіпсавыя арыгіналы. У нас шмат чаго просяць, але мы адмаўляем, бо гіпс не падлягае транспартаваньню куды б там ні было. Таму для нас важна пераводзіць гіпс у цьвёрды матэрыял, у бронзу. Вось пра гэта зараз трэба думаць, разумееце? А каб кудысьці езьдзіць з гіпсам, пра гэта нават гаворка не ідзе. Мы безвыязныя».
За 5 гадоў маёй працы на гэтай пасадзе, ад 2008 году, ніводзін прадмет не пакінуў межаў гэтага дому
Хоць бальшыня гіпсавых скульптураў — толькі прататыпы будучых глябальных формаў, экспазыцыя ўражвае колькасьцю партыйных правадыроў на квадратны мэтар. Расказваюць, што сярод калегаў Азгура хадзіў такі жарт: «Што б ні пачаў ляпіць Заір Ісакавіч, усё роўна выходзіць Ленін». Недалёка ад праўды: толькі ў вялікай залі, былой майстэрні, сабрана два дзясяткі вялікіх і малых Ільічоў, а ўсяго ў будынку іх больш за 30. Тут жа Сталіны, Дзяржынскія, Марксы, Хрушчовы ды іншыя дзяржаўныя савецкія дзеячы. Тут знайшліся і шматтонныя галовы Маркса і Леніна, з набыцьцём незалежнасьці дэмантаваныя з-пад былога гмаху ЦК КПБ, цяперашняй рэзыдэнцыі Лукашэнкі. Дарэчы, каб праціснуць іх у памяшканьне, давялося разьбіраць сьцяну.
Як кажа Аксана Багданава, зыходзячы нават з маштабнасьці аб’ектаў, цяжка ўявіць, каб іх кудысьці можна было перасунуць. Што да верхніх паліц стэляжоў, то ў адсутнасьць пад’ёмнікаў да некалькіх дзясяткаў скульптураў немагчыма дабрацца фізычна. Нават каб ацаніць, у якім яны стане:
«Калі б, напрыклад, паступіў запыт у музэй з просьбай паглядзець, палічыць, паказаць, у тым ліку запасьнікі — ну, увогуле не пытаньне. Афіцыйна і нават неафіцыйна. Калі запыт пойдзе, скажам, наўпрост у Міністэрства культуры, Менгарвыканкам — тая ж сытуацыя. Гэта такое пытаньне, што з заканадаўчага пункту гледжаньня мы ўвогуле ня маем права камусьці адмовіць, бо мы публічная інстытуцыя, мы — дзяржаўны музэй. Да таго ж у свой час склалася проста ўнікальная сытуацыя, якая найлепшым чынам характарызуе сям’ю Азгура. Творчая спадчына Заіра Ісакавіча была перададзеная ў дар дзяржаве. Разумееце? То бок гэты музэй зьявіўся, з аднаго боку, дзякуючы вуснаму тастамэнту мастака, а зь іншага боку, добрай волі сям’і!»
У сваю чаргу Вольга Багамолава дадае, што ўсе супрацоўнікі музэю — матэрыяльна адказныя асобы, таму дакладна ведаюць, што ім «сьвеціць» у выпадку страты хоць аднаго экспанату:
«Ёсьць унутраныя музэйныя ўліковыя дакумэнты, ёсьць у кожнага захавальніка свой тапаграфічны вопіс, і кожны захавальнік музэйнай калекцыі ведае, дзе, у якой шафе і на якой паліцы ў яго што стаіць. Гэта тычыцца і калекцыі „Скульптура З. І. Азгура“. Усе, хто працуе ў музэі, — матэрыяльна адказныя асобы паводле дамовы. Таму яны выдатна ведаюць, з чым маюць справу, і сапраўды асэнсавана прыходзяць працаваць у музэй і ведаюць, за што адказваюць. Больш за тое, згодна з указам прэзыдэнта ў Дзяржаўны музэйны фонд Рэспублікі Беларусь мы накіравалі інфармацыю пра 332 музэйныя прадметы з калекцыі „скульптура“. Таму гэтыя прадметы проста недатыкальныя. І нават калі ўзьнікае пытаньне ператаніроўкі, мы павінны зьвярнуцца ў Міністэрства культуры, зафіксаваць усе зьмены. Увогуле ўсё гэта ў адкрытым доступе».
У мэмарыяльным музэі-майстэрні Заіра Азгура захоўваюцца і экспануюцца скульптурныя творы, створаныя ім ад 1942 году. Значная колькасьць працаў прысьвечаная героям вайны, кіраўнікам камуністычных і рабочых партыяў, военачальнікам, героям працы. Азгур стварыў помнікі Леніну ў Беларусі, Расеі, Казахстане, ён аўтар барэльефа на абэліску Перамогі ў Менску, суаўтар колішняга помніка Сталіну на Цэнтральнай плошчы беларускай сталіцы. Таксама ў актыве Азгура і помнікі ў гонар дзеячаў айчыннай і ўсясьветнай культуры — Скарыны, Гусоўскага, Коласа, Купалы, Чорнага, Тагора, Лу Сіня, Ўітмэна ды іншых. Азгур двойчы адзначаўся Сталінскай прэміяй, уганараваны званьнем Героя сацыялістычнай працы.