Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сястра ксяндза Лазара: Брат віны не прызнае


Уладзіслаў Лазар
Уладзіслаў Лазар

Сваякі Ўладзіслава Лазара і парафіяне ягонага прыходу ў Барысаве ня вераць у віну ксяндза, якога КДБ абвінавачвае ў пасобніцтве шпіянажу.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар не прызнае сябе вінаватым. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла ягоная сястра Яніна, якая жыве ў пасёлку Беразінскі Маладэчанскага раёну. Што брат адмаўляецца прызнаваць сябе вінаватым у пасобніцве шпіянажу, ёй вядома ад адваката, які ўлетку наведваў Уладзіслава Лазара ў СІЗА КДБ. Пасьля апошняга наведваньня сваякі ведаюць, што расьсьледаваньне працягнулі яшчэ на месяц:

«Праз адваката кантактуем. Ведаем, што працягнулі справу, і больш нічога ня ведаем».

Лісты ад Уладзіслава Лазара не даходзяць, спатканьняў зь ім не дазваляюць, нават сустрэча з адвакатам на пачатку верасьня не адбылася. «Пазваніў, што не пусьцілі на сустрэчу», — кажа спадарыня Яніна. Жанчына вельмі непакоіцца пра здароўе брата:

«Баюся я за яго здароўе. Год таму яму нейкую апэрацыю зрабілі, але ён не казаў, якую. Сказаў, каб не хвалявалася маці, што драбяза. А насамрэч у яго зь ціскам праблемы, падымаўся ў яго ціск. А як там — добра ці дрэнна — ня ведаю. Ніхто ж нам нічога ня кажа».

Паводле спадарыні Яніны, затрымалі яе брата ў Менску, і гэта нібыта адбылося «каля нейкага моста». У паведамленьні КДБ, на якое спасылаюцца ў Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, сказана, што Ўладзіслаў Лазар нібыта перадаў грошы і матэрыяльныя каштоўнасьці чалавеку, які шпіёніў на замежную дзяржаву. Спадарыня Яніна ня ведае, хто б гэта мог быць, але ў віну брата ня верыць.

Пра недавер да афіцыйнага абвінавачаньня на адрас ксяндза Ўладзіслава Лазара сказаў карэспандэнту Свабоды і жыхар Барысава Барыс Чупрынскі, вернік парафіі Спасланьня Духу Сьвятога, дзе да арышту служыў ксёндз Лазар. Паводле Барыса Чупрынскага, за крыху больш як месяц службы Ўладзіслава Лазара ў Барысаве парафіяне пасьпелі пазнаць яго як сумленнага чалавека:
Некаму не спадабалася тое, што ён адназначна працаваў, каб у нас быў свой касьцёл

«Ён пакінуў пра сябе вельмі добрае ўражаньне. Чалавек вельмі пільны ў фінансавых пытаньнях, у яго кожная капейчына была на ўліку, за ўсё ён даваў справаздачу. Меркаваньне пра яго ва ўсіх прыхаджан было вельмі добрае. Наш прыход — гэта каля ста вернікаў, якія прыходзяць рэгулярна, а ўсяго прыходзіць да нас і ў тры разы больш. Мы вельмі шкадуем, што на яго выпаў гэты цяжар. Ніхто ня верыць, што ён зрабіў тое, у чым яго абвінавачваюць. Ня ведаю, з-за чаго гэта, ці гэта правакацыя, але мне падаецца, што некаму не спадабалася тое, што ён адназначна працаваў, каб у нас быў свой касьцёл».

Паводле Барыса Чупрынскага, пры двух папярэдніках Уладзіслава Лазара справы з будоўляй новага касьцёла ў Барысаве ішлі ня вельмі актыўна. Цяпер парафію ўзначаліў новы чалавек — ксёндз Аляксей.

12 лістапада на паседжаньні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў стала вядома, што КДБ прызнаў факт арышту Ўладзіслава Лазара і абвінавачваньня яго ў пасобніцтве шпіянажу. Паводле сваякоў ксяндза Ўладзіслава Лазара, арыштавалі яго яшчэ 31 траўня. Чаму гэтак доўга КДБ не прызнаваў арышту ксяндза? Атрымаць адказ не ўдалося: тэлефон прэсавай службы сёньня не адгукаўся. На сайце КДБ інфармацыі аб справе Ўладзіслава Лазара дагэтуль няма.

Да Барысава Ўладзіслаў Лазар, якому 46 гадоў, служыў ксяндзом у Мар’інай Горцы і Рудзенску Пухавіцкага раёну. Сам родам з Маладэчна. Навучаўся ў Гарадзенскай сэмінарыі і ў Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG