Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стадыёнаў няма, а Эўра-2020 просяць


Нягледзячы на палітычны і грамадзкі супраціў правядзеньню ў Беларусі чэмпіянату сьвету па хакеі-2014, беларускія ўлады хочуць трапіць у лік прэтэндэнтаў на прыём гульняў футбольнага чэмпіянату Эўропы 2020 году.

Заяўка ад імя Беларускай фэдэрацыі футболу накіраваная на разгляд у штаб-кватэру УЭФА. Тое, што ў Беларусі дагэтуль няма стадыёну, адпаведнага міжнародным стандартам, а інвэстары, якія браліся перабудаваць менскія арэны «Дынама» і «Трактар», ад працаў адхіленыя, у Менску называюць часовымі цяжкасьцямі.

Кантынэнтальнае першынства па футболе 2020 году Саюз эўрапейскіх футбольных асацыяцый заплянаваў як экспэрымэнтальнае. Нагодай — 60-гадовы юбілей першага чэмпіянату Эўропы, фінальныя гульні якога прайшлі ў 1960-м у Францыі. Мяркуецца, што праз шэсьць дзясяткаў гадоў пасьля гэтай падзеі спаборніцтвы ахопяць 13 гарадоў у розных краінах Эўропы.

Зьбіраюцца скарыстаць зручную нагоду і спартовыя функцыянэры Беларусі — самастойна пацягнуць мерапрыемства такога маштабу нерэальна. У Беларускай фэдэрацыі футболу пацьвердзілі, што ў швэйцарскі Ньён накіраваная афіцыйная заяўка на правядзеньне фінальнага турніру Эўра-2020 у Менску, адказ чакаецца да 20 верасьня.

Аднак у посьпех вераць нямногія. Прынамсі, далёкім стадыям розыгрышу Беларусь не адпавядае адпачатку. Згодна з патрабаваньнямі УЭФА, стадыён павінен мець умяшчальнасьць ня менш як 50 тысяч для групавых стадыяў і 1/8 фіналу, ня менш як 60 тысяч для ¼, ня менш як 70 тысяч для паўфіналу і фіналу. Менскае «Дынама» ў лепшыя часы магло прыняць 50 тысяч гледачоў, калі для футбольных матчаў у рамках Алімпіяды-1980 быў збудаваны адмысловы казырок, які даў 15 тысяч дадатковых месцаў. Пасьля рэканструкцыі 1999 году і замены лавак на індывідуальныя крэслы зьмяшчальнасьць зьнізілася амаль на 10 тысяч.

Рэканструкцыя «Дынама»
Рэканструкцыя «Дынама»

Пры канцы мінулага году «Дынама» зачыніўся на чарговы рамонт, і ягоная будучыня зусім неакрэсьленая. Спачатку плянавалася, што арэна стане чыста футбольнай, безь бегавых дарожак. Пад такі варыянт і заключалася дамова зь вядомай вугорскай кампаніяй «Грабаплан», на рахунку якой нямала падобных аб’ектаў. Вугорцы браліся ўзьвесьці стадыён клясам 4 зоркі і зьмяшчальнасьцю больш за 40 тысяч гледачоў, што дазваляла праводзіць матчы аж да паўфіналу Лігі чэмпіёнаў уключна. Аднак Менгарвыканкам нечакана ануляваў пагадненьне і абвясьціў новы тэндэр. Як кажа спартовы аглядальнік Сяргей Марозаў, паўторны заход нічога ня даў:

«Яны зноў падавалі на агульных падставах, але якім чынам там усё адбывалася, хто і да якіх аргумэнтаў апэляваў — ніхто ж ня ведае, усё пакрыта цемрай. То бок „Грабаплан“, як прыстойная кампанія, абазначыў сваё жаданьне, намер паўторна ўдзельнічаць у гэтым конкурсе — нягледзячы нават на тое, што зь імі досыць бесцырымонна абышліся. Прынамсі, іх прадстаўнік казаў у гэтым ключы, пакідаў спадзяваньні, што першапачатковыя ідэі ўдасца рэалізаваць на практыцы. На жаль, нешта не зраслося...»

Тым часам пачаўся дэмантаж шэрагу дынамаўскіх канструкцыяў — найперш, знакамітага казырка і плястыкавых крэслаў, зьнесьлі спартовую паліклініку і білетныя касы. Аднак на гэтым працы застопарыліся, што ўзрадавала найперш гандляроў — некалькі дзясяткаў намётаў па-ранейшаму працуюць з боку вуліцы Ульянаўскай. У сярэдзіне жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што няма патрэбы будаваць нешта прынцыпова новае, калі можна абысьціся капітальным рамонтам з захаваньнем лёгкаатлетычнай спэцыфікі арэны. Спэцыялізаваны футбольны стадыён Лукашэнка прапанаваў разьмясьціць на «Трактары».

Макет рэканструцыі «Трактара»
Макет рэканструцыі «Трактара»

Пярэчыць прэзыдэнту ніхто ня стаў. Учора старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька паведаміў, што нацыянальны стадыён сапраўды будзе ўзьведзены на месцы «Трактара», ягоная ўмяшчальнасьць — 33 тысячы гледачоў. Менавіта гэтая заяўка накіраваная ў штаб-кватэру УЭФА. На што пры такой ёмістасьці Беларусь максымальна можа прэтэндаваць, дык гэта на некалькі матчаў групавой стадыі — і тое пры ўмове, што будоўля пачнецца да канца 2015-га. Зрэшты, абноўлены «Трактар» павінен быў адкрыцца яшчэ тры гады таму, аднак супрацоўніцтва гарадзкіх уладаў зь літоўскім бізнэсоўцам Уладзімерам Раманавым не задалося — прадпрымальнік уклаў 30 мільёнаў даляраў, але далей за папяровую валакіту нічога ня зрушылася. Сёлета «Трактар» зноў вярнуўся ў камунальную ўласнасьць гораду.

Вядомы ў мінулым футбаліст Юры Пудышаў наракае, што стаўленьне да футболу ў Беларусі грунтуецца на «рэшткавым прынцыпе», таму і прымаць усё тое, што адбываецца ў гэтай галіне, трэба адпаведна:

«Я падзяляю заклапочанасьць свайго сябра і трэнэра зборнай Жоры Кандрацьева, які кажа, што ў Беларусі, на жаль, надзвычай мала ўвагі аддаецца футболу. З аднаго боку, хочуць, каб беларускі футбол квітнеў, а зь іншага, нічога толкам дзеля гэтага ня робіцца. Дурасьць — ківаць на некаторыя іншыя віды спорту, яны ж таксама Беларусі патрэбныя, але ўвага часта непрапарцыянальная. Не, я не за тое, каб зараз пачаўся псыхоз — футбол, футбол, нічога, апрача футболу. Так, павінны і іншыя дысцыпліны разьвівацца, мы ж не павінны супрацьпастаўляць хакей футболу і ўвесь час лаяцца, сварыцца з-за гэтага. Ня маем такога права. Павінны ўсе віды спорту квітнець, калі мы пазыцыянуем сябе спартовай дзяржавай. Але для гэтага трэба больш увагі ўдзяляць, нашмат больш».

Канчатковы сьпіс гарадоў, якія прымуць матчы чэмпіянату Эўропы 2020 году, Саюз эўрапейскіх футбольных асацыяцый мае абвясьціць акурат праз год — у верасьні 2014-га.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG